I я застаюся канчаць інстытут.
Коля Маўчан
На нашым курсе ён самы малодшы, і прозвішча яго дзіўна пасуе да яго характару. Сядзіць Коля за самым заднім сталом, яго не відно і не чутно. Хіба толькі з сябрам Аркадзем Русаковым на перапынках пачнуць дурэць і дужацца, як маленькія. А то яшчэ Аркадзя схопіць і пачне паказваць і чытаць усяму курсу Маўчанавы шаржы і эпіграмы на выкладчыкаў. Шаржы ў Маўчана смешныя і вершы вясёлыя. Вось табе і Маўчан! Хто б гэта падумаў! Выкладчыка стараславянскай мовы Блешанкова, напрыклад, ён малюе падобным на юса вялікага ётаванага. Усе паміраюць са смеху: падабенства выключнае.
Беларускую літаратуру ў нас выкладае Якаў Іванавіч Міхалап. Свае лекцыі ён мае звычку чытаць, успёршыся адным локцем на кафедру. У шаржы Маўчана Міхалап нібыта вырастае з гэтае кафедры. Пад малюнкам — адпаведныя вершаваныя радкі.
Маўчан не вядзе канспектаў. Ён толькі слухае лекцыі. I на сесіі здае экзамены па ўсіх дысцыплінах толькі на «выдатна». Прычым выяўляе такія веды, якія выходзяць далёка за межы падручнікаў і таго матэрыялу, які даецца выкладчыкам на лекцыях. Выкладчыкі да Маўчана адносяцца з павагай: светлая галава, гонар інстытута…
I вось Маўчан стаіць у чарзе, каб атрымаць на сваёй заяве рэзалюцыю: «Аформіць перавод на завочнае аддзяленне…» У бацькоў яго сямёра дзяцей, і працуе адзін бацька. Колю з дому не прысылаюць ні капейкі. Ён жыве на адну стыпендыю. А тут яшчэ трэба адразу заплаціць і гэтыя пяцьсот рублёў…
Маўчану дырэктар інстытута свае рэзалюцыі не дае.
— Ідзіце, падумайце яшчэ, Маўчан.
— Мне няма пра што думаць.
— Ідзіце, трэба ўсім нам падумаць…
Настрой Маўчана ад гэтага не паляпшаецца: тэрмін платы за навучанне жалезны — адзін тыдзень…
Усе, хто не здолее расплаціцца, загадам дырэктара будуць выключаны з інстытута.
Усім нам, каго сваякі «ўзялі на парукі», прыходзяць грашовыя пераводы на пяцьсот рублёў. Маўчану ніхто нічога не прысылае. I яго імя, сярод іншых, праз тыдзень з’яўляецца ў дырэктарскім загадзе: выключыць з інстытута…
Выбіраем ад курса дэлегацыю і спачатку ідзём да дэкана факультэта: няўжо нельга зрабіць выключэнне — улічыць цяжкае хатняе становішча і ў той жа час выключныя здольнасці Маўчана.
Дэкан толькі разводзіць рукамі:
— Я разумею ваш настрой, вашу салідарнасць… Але ж вы самі ўсё разумееце… Схадзіце да Андрэя Ануфрыевіча. Можа, ён што-небудзь здолее…
Ідзём да Андрэя Ануфрыевіча.
— Перадайце Маўчану, каб не пакідаў наведваць заняткі. Мой загад?.. Я вымушаны быў яго напісаць…
— А калі мы самі — між сабою — збяром гэтыя грошы і заплацім за Маўчана?
— Я тут жа адмяню свой загад.
Правесці грашовы збор сярод студэнтаў наша дэлегацыя даручае мне. Правесці, вядома, так, каб Коля ні пра што не здагадаўся, каб не пакрыўдзіць яго. Бо ўсе мы, хто застаўся ў інстытуце, аказаліся як быццам мацнейшымі за яго. (Праз гэтыя праклятыя грошы!)
На курсе не адмаўляецца ніводзін чалавек. Даюць усе, хто колькі можа: тры, пяць, сем рублёў… Усе мы разумеем: толькі мы самі здольны памагчы свайму таварышу. Праз два дні мы здаём у бухгалтэрыю на імя Мікалая Маўчана пяцьсот рублёў — за навучанне. Сярод інстытуцкіх загадаў з’яўляецца новы: «Во изменение приказа №…» Загадваю залічыць студэнтам літаратурнага факультэта Маўчана Мікалая Захаравіча…
Дырэктар інстытута…
…З гэтага дня пачынаецца як быццам нараджэнне новага Маўчана. Ён робіцца больш таварыскі і непрыкметна нават перастае саромецца дзяўчат і піша канспекты кожнай, хто яго папросіць.
Вользе нашай, якая піша страшэнна неразборліва і непрыгожа, Маўчан спісвае цэлыя сшыткі. I самае галоўнае, робіць гэта з вялікай прыемнасцю. Паступова мы пачынаем нават спекуляваць на Маўчанавай дабраце. У нас летась не быў прачытаны курс уводзін у мовазнаўства, і цяпер нам чытае яго падобны на Луначарскага, у пенснэ, прафесар маскоўскага інстытута Благанраваў. Чытае па восем гадзін запар. За гэтыя восем гадзін мы знемагаем дашчэнту. За акном вясна, зеляніна, воля, а тут восем гадзін заняволення!
— Колечка, можа, ты сёння мне папішаш?
— Ты ж не просіш.
— Вось жа прашу…
— На Дняпро пойдзеце? — здагадваецца Коля.
— Не ведаю куды. Я толькі ведаю, што паміраю…
— Жыві! — і Коля Маўчан забірае мой канспект па ўводзінах у мовазнаўства.
…Паступова Коля прывыкае да нашых дзяўчат і зрэдку пачынае заходзіць у наш, сёмы, пакой. Мы яго запрашаем усе наперабой — ён жа наш выратавальнік! Ходзіць з намі ў кіно. У кіно мы і ўдваіх з Маўчанам ходзім.