Выбрать главу

Міжвольна мне ўспамінаецца наш інтэрнат у школе. Я добра ведаю, што Маня Жук, наша выхавацелька і наш стараста, дала б мне за гэтыя велікодныя яйкі… Дала б і за срэбнага голуба, і за кацянят з бантамі. Усё гэта Маня зняважліва звала мяшчанствам. Пры Мані ў нашым пакоі не было ніякага мяшчанства. На сценах у нас віселі толькі партрэты правадыроў і выдатных пісьменнікаў краіны.

Але ж не пачну я тут, на Калоніі, заводзіць тыя нашы парадкі. Ды і хто мяне тут паслухае? Зноў я ў пакоі, як паглядзець збоку, самая меншая. Дома, здаецца, як быццам і вырасла, як быццам і дарослая. А як толькі пакажуся на людзі — драбяза драбязой…

Ад Калоніі да педвучылішча немалая дарога. За канца ў канец цераз увесь горад. Спачатку трэба мінуць Камсамольскі бульвар з помнікам-абеліскам чатырнаццаці чырвоным партызанам, якіх расстралялі ў дваццатым годзе белапалякі. На абеліску чатырнаццаць прозвішчаў — большасць тутэйшых, знаёмых, — Цішкевіч, Саладуха, Раўтовіч, Бялько, Красуцкі — відаць, былі ўсё мужчыны і хлопцы з недалёкіх сёл… Дагэтуль партызаны і партызанская тэма вывучаліся толькі ў падручніках па гісторыі і літаратуры і мелі дачыненне як быццам толькі да кніг. А цяпер гэта гераічная гісторыя кожнага з нас як бы кранаецца штодня…

Штодня, спяшаючыся на заняткі, мы мінаем сціплы каменны абеліск і, як завучаны ўжо добра ўрок, паўтараем у памяці балючы пералік невядомых нам гераічных жыццяў…

Першая ўзорная школа (на шыльдзе — літары золатам!) звяртае маю ўвагу перш за ўсё тым, што наша школа была таксама ўзорная. Няхай сабе і другая ў раёне… Успамінаецца яшчэ, што ў гэтай школе (да рэвалюцыі тут была мужчынская класічная гімназія — над уваходам год збудавання — 1617) вучыўся некалі мой стрыечны брат Сцёпа. Дома не раз успаміналі: няма ў гімназіста галёшаў ці няма форменнага шыняля — швейцар і на парог не пусціць…

Камсамольскі бульвар упіраецца ў шырокую вуліцу Валадарскага. А дома ў нас яе і дагэтуль завуць па-ранейшаму: Выгодаю. На Выгодзе, у доме Гаховіча, жыў некалі з братам Колем мой бацька. Коля аднойчы прынёс мне падарунак ад гаспадаровае дачкі Тамары — ляльку, якой я дала імя таксама Тамара. Лялька Тамара была маім багаццем і маёй уладай над сяброўкамі: яна насіла ружовае шаўковае плацце і шаўковыя панталоны з брыжыкамі. I яшчэ мая лялька заплюшчвала і расплюшчвала вочы і клікала: «Ма-ма…»

Гаховіча з дачкою, расказвалі потым у нас дома, некуды выслалі з горада. Бацька мой памёр, а брат Коля як паехаў пасля яго смерці да цёткі, недзе пад Рудзенск, так і не напісаў ніводнага пісьма.

У педвучылішча прыводзіць Калонію Пралетарская вуліца. Педвучылішча — самы высокі ў горадзе трохпавярховы цагляны мур. Да рэвалюцыі тут змяшчалася камерцыйнае вучылішча. Дома, калі я толькі яшчэ падала дакументы і чакала выкліку на іспыты, баба Іваніха хвалілася суседкам:

— Наша ж Ганька дабіваецца ў камерчаскае вучылішча…

I вось, выходзіць, дабілася…

Мы — студэнты

Першыя дні. Першыя лекцыі. (У педвучылішчы ў нас ужо няма звычайных урокаў — тут у нас ёсць гучныя лекцыі!) Яшчэ не ўсе з нас маюць сталае месца ў аўдыторыі (і класаў няма — ёсць аўдыторыі!). Не кожны выбраў сабе яшчэ сталага суседа.

Толькі Рая Байцова і Роза Вальфсон — гараджанкі — усюды разам. Яшчэ з прыёмных іспытаў. Яны і цяпер сядзяць разам за першай партай, перад сталом, за якім сядзяць выкладчыкі. Раю і Розу ні з кім з нас не зблытаеш: гарадская мода, руская мова, а самае галоўнае — гэта смеласць і незалежнасць у паводзінах: і з выкладчыкамі, і на перапынках.

Я, мусіць, хутчэй памерла б, чым адважылася б вось так спрачацца, як Рая Байцова, з нашым класным кіраўніком Уладзімірам Феафілавічам Ляўковічам:

— Байцова, я даручаю вам (у педвучылішчы ўсіх нас завуць на «вы»: мы ж — студэнты!) правесці агульны сход. Вы ў нас будзеце за старасту.

— Я не ўмею праводзіць сходы, Уладзімір Феафілавіч!

— Вучыцеся.

— Але вы павінны будзеце мною кіраваць!

«Вы павінны будзеце…» Ну, хто б гэта з нас, вясковых дзяўчат ці хлопцаў, адважыўся б гэтак гаварыць? А самае галоўнае — хто б з нас здолеў гэтак — ні ў каго з нас і слоў бы гэтакіх не знайшлося б.

Недзе на трэці ці на чацвёрты дзень я нарэшце займаю месца на першай парце ад дзвярэй. Няма больш зручнага месца: ты і наперадзе, ты і збоку — ад вока выкладчыка… Да мяне падсядае новенькая. Яна чамусьці спазнілася на заняткі. На першых лекцыях мы толькі яшчэ прыглядаемся адна да аднае.

Пад канец заняткаў нас ужо не разальеш вадою. Як мы толькі дачакаемся заўтрашняга дня?..