— Ой, глядзі, будзе табе, як даведаецца Лазоўскі, — пагражае мне Вольга.
— А за што будзе? За што будзе?
— За Кольку Маўчана.
— Ты ўжо зусім здурнела!
— Пабачыш, — рагоча Вольга. — Ужо ўсе дзяўчаты бачаць…
Усе бачаць… А што яны бачаць?
У гэты вечар мы з Колем Маўчанам сварымся. Я кажу яму, што хадзіць яму ў наш пакой няма чаго. Няма чаго рабіць яму ў нас. Але Маўчан усё роўна што слуп!
— А вось і буду хадзіць!
Вы бачылі такога Маўчана?
«Юбілей»
— Сухай, — кажа Адам Бірукоў, — ён глытае «л» перад галоснымі, і таму ў яго атрымліваецца «сухай», — безабразіе! Юбілей — трэба ж адзначыць!
— Як?
Бірукоў чухае патыліцу.
— Значыць, так… Шурум-бурум я бяру на сябе… Ты з дзяўчатамі арганізуй толькі рабочае месца. Талеркі там, відэльцы…
Ну «рабочае месца» арганізоўваецца ў нас вельмі проста… Тыдзень назад загадчык студэнцкае сталоўкі вывез з нашага інтэрната цэлую падводу посуду: талерак, шклянак. Такая ўжо завядзёнка ў інтэрнаце: посуд для ўласнага ўжытку мы цягаем са сталоўкі. Ну і, вядома ж, хто гэта будзе насіцца з лыжкамі і талеркамі назад у сталоўку? Смех! Каму трэба — няхай той і забірае. Няхай на падводзе, няхай на тачцы ці хоць на цягніку… Апошні раз загадчык сталоўкі прыганяў падводу.
Дастаўка сталоўскага вінегрэту і гуляшоў на юбілей — таксама абавязак нашага пакоя. Усё ж астатняе — нейкія кансервы, селядцы і нават каўбасу — Бірукоў дастаўляе сам. Ну і, вядома ж, выпіўку: бутэльку гарэлкі, бутэльку чырвонага віна і піва.
— Ну, я вас сёння паўпойваю, — абяцае нам Бірукоў.
— Пабачым яшчэ! Ты ведаеш, як я п’ю гарэлку? — пытаецца Вольга ў Бірукова.
Не, Бірукоў не ведае. I ніхто з нас, дзяўчат, не ведае гэтага. Мы ведаем другое: Вольга страшэнна любіць узнімаць уласныя акцыі.
З якога выпадку рыхтуецца папойка? Рыхтуемся адзначыць мой «юбілей» — мне спаўняецца васемнаццаць год.
— Ганьку трэба ўпаіць! — рагоча Вольга.
— Не бойся, я не ўп’юся!
Урачыста сядаем усе за стол. Наша гаспадарлівая Фрося зрабіла ўсё так прыгожа, што і сапраўды ў нашым пакоі — свята.
I самае галоўнае — я прычына гэтага свята… У маім жыцці яшчэ ні разу ніхто не адзначаў майго дня нараджэння.
— Ну, з цябе і пачнём! — урачыста ўстае са старшынскага месца Бірукоў і бярэ маю шклянку.
Яны прыйшлі на мой «юбілей» удваіх з Жэняй («па-сямейнаму», — рагоча Вольга). Жэня ўжо цяжарная. Ёй ужо то млосна, то хочацца кіслага… Дурная, патрэбна ёй было тое замужжа, хоць Бірукоў і добры хлопец. Як быццам ім нехта перашкаджаў — і так жа кожны дзень Бірукоў тырчаў у нашым пакоі да адбою, пакуль мы яго ўжо не выганялі. Не, захацелася ажаніцца… Дурная Жэнька!
— Прашу ўсіх напоўніць бакалы, — аддае загад Бірукоў і налівае перш за ўсё ў маю пасудзіну — адразу з усіх трох бутэлек: гарэлкі, віна, піва.
Дзяўчаты працягваюць Бірукову свае «бакалы» — шклянкі і кубкі ўсіх магчымых калібраў, — і Бірукоў налівае ім таксама.
— Хто хоча выказацца? — зусім як у сябе на пасяджэнні камсамольскага камітэта, вядзе далей наша застолле Бірукоў.
— Лепш за цябе, Бірукоў, усё роўна ніхто не здолее, — кажа Фрося.
Бірукоў сам гэта ведае: лепш не скажа ніхто і больш ніхто не скажа. Бірукоў страшэнна любіць прамовы. Ён іх гаворыць на кожным сходзе. Гадзіны па дзве: пра ўсё на свеце — і пра міжнароднае становішча, і пра адказнасць камсамольцаў нашага інстытута ў святле адпаведных рашэнняў, і пра дысцыпліну, і пра паспяховасць…
— Ладна. Згодзен, — зноў як у сябе ў камітэце, упіраецца даланямі ў край стала Бірукоў. — Таварышы! — Ён урачыста выпростваецца. Міжвольна выпростваемся і мы ўсе. — Мы з вамі сёння адзначаем знамянальную дату… Таварышы, сёння спаўняецца васемнаццаць год Ганне Гурновіч. З сённяшняга дня яна становіцца паўнапраўным грамадзянінам нашай квітнеючай Савецкай сацыялістычнай дзяржавы. Паводле асноўнага закона нашай Радзімы, па Сталінскай Канстытуцыі, яна ўжо атрымлівае права прымаць удзел у выбарах органаў нашай Савецкай улады… Таварышы, пажадаем нашай Ганьцы ў гэты ўрачысты яе дзень камсамольскага агню і запалу і пажадаем ёй стаць сапраўдным грамадзянінам нашай Савецкай дзяржавы!.. Праўда, у Ганькі не заплочаны камсамольскія ўзносы за апошнія два месяцы…
— Адчапіся ад яе! — перабівае красамоўства свайго камсамольскага мужа Жэня. — Дай лепей усім выпіць і закусіць, усе галодныя…
— Дазваляю! — чокаецца з усімі намі Бірукоў і першы п’е свой «бакал».