Усе п’юць.
I я, вядома, п‘ю… Ну і брыдота ж! I горка, і соладка…
— Запі вадою, запі вадою! — раіць мне Жэня.
Я запіваю вадою.
Бірукоў налівае ўсім па другому разу. Цяпер ужо жадаюць мне дзяўчаты: і стрэчы, якой я чакаю, і добрай школы, як буду атрымліваць назначэнне, і паспяховых дзяржаўных экзаменаў…
(Калі ўсё гэта яшчэ будзе!)
Потым у нас пачынаюцца танцы. «Пад ензык», як сказаў бы пан Адальф Быкоўскі. «Пад ензык»… Сам Бірукоў іграе нам на губным гармоніку з расчоскі і тонкае курыльнае паперы. Атрымліваецца выдатна. Нашто табе той аркестр…
Мне на гэтым маім «юбілеі», бадай, весялей за ўсіх. Я моцна смяюся, штурхаюся ў крузе, наступаю на ногі. Мне хочацца нейкіх незвычайных дзеянняў, а наш пакой не дае мне разгарнення.
— Хадзем танцаваць на двор! — крычу я на ўвесь пакой.
— Яна здурнела — на дварэ снег ідзе! — падае ад смеху на ложак Вольга.
— Я хачу на снег! — мяне ўжо не ўтрымаць.
— Я табе зараз дам снегу! — стрымлівае мяне Фрося.
Але дзе яна мяне ўтрымае. Р-раз — і я выкруцілася з Фросіных рук. Тапкі зляцелі з ног… Навошта мне тапкі! I без іх горача… Па ўсім калідоры ў адных панчохах я імчу на двор.
На ганку мне таксама цесна. Я саскокваю ў гурбу снегу. Смешна!..
— Яна зусім п’яная! — чую я Фросін голас.
— Ты сама п’яная!
— Ганечка, хадзем у пакой! — заве мяне Фрося.
— Ідзіце самі ў пакой! Я не хачу ў ваш пакой! Я тут буду жыць!
— Гэта ўсё ты, Бірукоў! Яна ж можа памерці… — крычыць на Бірукова Фрося і ловіць мяне за руку. Удваіх з Біруковым яны вядуць мяне ў пакой. Я ўпіраюся, і крычу, і плачу на ўвесь калідор:
— Я не хачу паміраць!..
— Не памрэш, не памрэш, толькі кладзіся хутчэй у ложак, пад коўдру, — распранае мяне Фрося.
Я не хачу паміраць і спяшаюся як мага хутчэй пад коўдру…
I тут жа засынаю як забітая.
Мой «юбілей» адсвяткаваны.
Размеркаванне
У нас у інстытуце існуе літаб’яднанне, якое параджае ўласную «Літаратурную газету» і «Альманах» — рукапісны часопіс, дзе змяшчаюцца творы ўсяго нашага літаратурнага парасніка… Кіраўніком «парасніка», ідэйным і арганізацыйным, з’яўляецца паэт Мікалай Ламака. Яму самому вельмі падабаецца гэта раскацістае «лала», асабліва са сцэны, калі ён чытае ўласныя вершы: «Мікалай Ламака — „Вершам да сонца!..“» Вершы Ламака піша толькі «пад Маякоўскага» — ламаным, лесвічным радком. Ён так і кажа пра сябе (вядома, у першую чаргу) і пра тых паэтаў, якія пішуць толькі такія вершы: «Мы — вучні Маякоўскага!»
Вершы пра каханне ці там пра нейкую месячную ноч або вясну — Ламака глыбока зневажае і заве «мяшчанскім рукадзеллем». Асабіста ён прызнае за паэзіяй толькі сацыяльнае гучанне… Інтымная лірыка, знішчае яе Ламака, можа ўздзейнічаць толькі на хваравітае мяшчанскае ўяўленне.
Не падзяляе погляды нашага ідэолага другі інстытуцкі паэт Мэйлах Лазараў, і ў выніку іх літаратурныя спрэчкі канчаюцца звычайна траха не бойкамі. Лазараў, наадварот, аддае перавагу лірыцы кахання. Гэтак, як некалі Дантэ Беатрычэ, а Петрарка Лауры, гэтак Лазараў сваімі прысвячэннямі дараваў бяссмерце Жэні Шурынай. Ён працягвае пісаць іх і зараз, хоць Жэня ўжо і замужам за Біруковым. (Сама Жэня ўласныя адносіны да лазараўскай паэзіі выказвае так: «Няхай піша, мне яго паперы не шкада».)
Лазараў друкуецца не толькі ў нашых інстытуцкіх выданнях. Ён свае творы пасылае нават у Мінск вядомым пісьменнікам і крытыкам. Так, напрыклад, Мэйлах Лазараў паслаў свае вершы аднаму крытыку і пісьменніку, і той прыслаў яму адказ аж на чатыры старонкі! Гэтым адказам Мэйлах пахваліўся ўжо амаль кожнаму студэнту ў інстытуце. I не толькі студэнтам — выкладчыкам таксама. Лазараў не горш за Ламаку ўмее дэманстраваць уласныя паэтычныя дасягненні.
— В ваших стенах витает муза поэта Лазарева… — калі мы ўжо вельмі разыдземся і забываем слухаць лекцыю, спрабуе ўтаймаваць нас далікатны Назар Андрэевіч — ён вядзе ў нас курс сучаснай рускай мовы.
Што ж да маёй уласнай «музы», дык яна «пад Маякоўскага» не здольна збудаваць нават самага прымітыўнага вершыка. I як бы я ні муштравала яе, як бы ні дапякала на адзіноце, сам-насам з чыстым аркушам паперы, — муза мая ўпартая, як каза… Як я ні б’юся, мая муза — «мяшчанка», ёй бы толькі ўздыхаць пры месячным ззянні пра каханне, пра вясну… Праўда, мая муза яшчэ вельмі сумленна абслугоўвае свой уласны прытулак — сёмы пакой у інтэрнаце па вуліцы Смідовіча, 42…