Выбрать главу

— Бачылі нявесту! — з парога крычыць нашым дзяўчатам Вольга. — Каб не я, дык яна і да ночы не здагадалася б запрасіць жаніха ў пакой.

Зноў жаніх!

— Здравія жалаю! — выцягваецца ў струнку і прыкладвае руку да бліскучага казырка — вітаецца з дзяўчатамі Лазоўскі.

Фрося як старэйшая сярод нас ідзе вітацца з Лазоўскім першая. Потым па чарзе вітаюцца ўсе дзяўчаты.

— Чаму ж не напісаў? Страчалі б, — кажа Фрося.

— Хацеў так… Хацеў захапіць знячэўку, — смяецца Лазоўскі.

— Дык і захапіў! — рагоча Вольга.

I толькі цяпер усе абарочваюцца да мяне і заўважаюць, які ў мяне выгляд. А мне лепей бы скрозь зямлю праваліцца ў гэтай маёй аблезлай сукенцы. Які сорам!

— Ану, пайдзі на кухню і пераадзенься — надзень другую сукенку, а гэту скінь. — як малой, загадвае мне Фрося.

— Лепей я выйду. Заадно і пакуру… — кажа Лазоўскі — яму, відаць, таксама закурыць не лішне.

— I я з табою пайду, каб цябе там дзяўчаты ў чужы пакой не перахапілі, — смяецца Вольга.

— А ты, Вольга, зусім не перамянілася, — прапускае Вольгу наперад Лазоўскі.

Што тут пачынаецца ў пакоі!

— Надзень, Ганька, маю белую шаўковую блузку…

— Нашто ёй блузка? Ёй лепш ідзе маё чорнае плацце…

Сама я гэтай стрэчай канчаткова збіта з толку: што мне лепш, што мне горш… Вядома ж, хочацца, каб лепш, каб прыгажэй выглядаць.

— Адчапіцеся ад яе. Няхай надзене сваё ленінградскае маркізетавае з крыльцамі. Яно ёй да твару і пашыта добра.

Амаль усім пакоем дзяўчаты памагаюць мне (а што там памагаць?) надзяваць маё белае маркізетавае плацце з крыльцамі… Я і сама яго люблю.

— Ну, бачылі? Ты ў нас, Ганечка, прыгожая! — абнімае мяне Фрося. — Зірні сама ў люстра.

Я гляджуся ў люстра. Як быццам нічога… Толькі вось валасы — пасля мыцця распушыліся на ўвесь пакой, як дурныя… Мы з Лазоўскім страчаемся за столькі часу ўпершыню. Амаль за два гады. Можа, я яму яшчэ і не спадабаюся… Дзяўчатам я, вядома, нічога не кажу пра свой неспакой.

Бах у дзверы! Гэта Вольга.

— Ці хутка вы там? Усё роўна як да вянца… — яна ўжо на парозе.

Ну і язык, ну і язык!.. Хоць ты забі яе.

— Можна? — на дзве галавы ўзвышаецца над Вольгай Лазоўскі.

— Глядзі, якая яна ў цябе!

— Вольга!

— Прыгожая, праўда?

— Прыгожая.

— Вольга!

— Ну, вось бачыш, якая дурная. Праходзь, Лазоўскі, сядай да стала, а то твая Ганечка зроду не здагадаецца запрасіць…

Мы ўсе садзімся да стала. Спачатку гутарка не вельмі ладзіцца. Каб не Фрося ды каб не Вольга з яе жартамі, так, мусіць, і сядзелі б. Вольга кідае на стол карты.

— З вамі, я бачу, нагаворышся… Давайце лепей у «падкіднога» згуляем.

«Падкідны» вельмі хутка ўсіх нас аб’ядноўвае. Неўзабаве ўжо мы і «падкіднога» пакінулі і сядзім, спяваем. Перш за ўсё нашу студэнцкую, развітальную. Усе мы ўжо маем афіцыйныя накіраванні на работу. Застаецца толькі здаць дзяржаўныя экзамены, і там…

— Ты ведаеш, куцы яе запёрлі? — паказвае на мяне Лазоўскаму Вольга.

— Ведаю.

— Крышка, брат! — Вольга вельмі выразна ілюструе маю «крышку». — А мне пашанцавала. Я ў свой раднюсенькі Прапойск… А Фроську накіравалі ў Глыбокае.

— Гэта ў тым баку, дзе Шаркаўшчына, — кажа Лазоўскі.

— Усё ён ведае! — захапляецца Вольга.

— Не трашчы! — спыняе Вольгу Насця. — Дзяўчаты, тры, чатыры…

Окончим вуз, и по глухим селеньям Нас разошлют в далекие края…

Потым мы спяваем. «В далекий край товарищ улетает», потым «Дан приказ: ему — на запад», «Если завтра война…». Если завтра война… На свеце вельмі неспакойна. Ужо на захадзе палыхае полымя вайны… Але нам, савецкім людзям, вайна не страшная. Як адзін чалавек, увесь савецкі народ за свабоду Радзімы ўстане!.. Вораг будзе разбіты на яго ўласнай тэрыторыі… Ні пядзі сваёй зямлі мы не аддамо нікому!

Мы пераспеўваем у гэты вечар усе песні нашых год, нашага пакалення.

З калідора раз-пораз у наш пакой заскокваюць дзяўчаты з суседніх пакояў: пазычыць хлеба, пазычыць праса, а Надзьцы Бохан раптам спатрэбіўся канспект па асновах марксізму-ленінізму…

— Бачыў? — падміргвае Лазоўскаму Вольга.

— А ты бачыла, што ўжо тытан закіпеў? — звяртаецца да Вольгі Фрося.

— Дык няхай Ганька і клапоціцца!

— Ты сёння дзяжурная.