Выбрать главу

— Маладосць, маладосць…

(Была ж некалі яна і ў яго…)

Абедаем мы ў гарадскім рэстаране. Сядзім удваіх за столікам. У нас нават па кілішку чырвонага віна. Закусваем вінегрэтам і гуляшамі. У рэстаране мы страчаем нашых хлопцаў-студэнтаў. Хлопцы выразна пазіраюць у наш бок: ого! Я разумею, што лячу з галавою ў вір — і ўсё роўна вір гэты мне жаданы. Мне свае галавы не шкада…

Вечарам мы ідзём у кіно па Цымерманаўскай. Нічога не чуем і не бачым, сядзім паўтары гадзіны. А потым заходзім у гасцініцу ўзяць Ванеў шынель.

Вечары яшчэ свежыя. I праседзець на вуліцы распранутымі — будзе холадна. Будзе холадна мне — Ваня пра мяне клапоціцца, каб не прастыла.

На ўтульнай Задруцкай вулачцы мы выбіраем незаняты ганачак і займаем яго на цэлы вечар. (У Ваневым шынялі мне цёпла, і я не буду спяшацца дадому.) На суседніх ганках таксама сядзяць пары. Гэта нашы, студэнцкія, ганачкі.

— Ты толькі хутка пішы, адразу, як заедзеш…

— А ты мне адразу адказвай. Добра? А праз год, у гэту пару, мы ўжо будзем разам…

I зноў мы вяртаемся да таго, што, здаецца, усё перагаварылі ўжо за цэлы дзень. Пра ўсё дамовіліся. Усё вырашылі…

Ён прыедзе да мяне… У маю новую школу. Ён прыедзе і забярэ мяне. I мы паедзем — разам ужо. (Хоць на край свету!) Каб потым быць ужо толькі разам. Толькі ўдваіх…

А потым зноў гэтак жа доўга развітваемся мы ў нас у інтэрнаце, на ганку. Світае. Да адпраўлення цягніка трэба яшчэ забегчы ў гасцініцу разлічыцца.

На вакзале Ваня прымушае мяне выпіць шклянку чаю. Сам ён закурвае папяросу.

Над ранішнім умытым перонам гучаць чыгунныя ўдары — прыбывае пасажырскі цягнік. Імгненныя сем мінут стаянкі…

Цягнік зноў рухаецца з месца. А мы ўсё яшчэ трымаемся за рукі.

— Пішы!

— Чакай!

* * *

А праз месяц і дванаццаць дзён пачалася вайна.

1965–1969, КаралішчавічыДубулты