Мая суседка Шура Палявая — цяпер я ведаю, што яна будзе і мая сяброўка, сяброўка на ўсё жыццё! — самая прыгожая дзяўчына на першым курсе. Такіх прыгожых дзяўчат я яшчэ не страчала ні разу ў сваім жыцці. I я ганаруся, што такая прыгажуня выбрала ў суседкі менавіта мяне, а не каго іншага з дзяўчат.
Шура прыехала аднекуль з-за свету, з нейкага Лоева на Дняпры (яна кажа, што Лоеў — гэта таксама горад…). I ён, відаць, і сапраўды недзе за светам, бо вельмі ж смешная гаворка ў Шуры. Што ні слова, то ўсё яна «шчокае»:
— Нам трэба даказаць, шчо ў прамавугольным трохвугольніку… Шчо квадрат гіпатэнузы роўны суме квадратаў катэтаў… — так, напрыклад, даказвае ля дошкі тэарэму Піфагора Шура Палявая.
I, вядома ж, уся аўдыторыя смяецца. Смешна і мне. Што гэта за мова такая?
— Шчо табе смешна? Шчо ты смяешся? — крыўдзіцца і на мяне Шура, па-дзіцячы маргаючы заўсёды крышку здзіўленымі, як асака, зялёнымі вачыма.
Аднак крыўды яе хапае ненадоўга. У Шуры мяккі характар. Мо таму і лёгка нам з ёю дружыць. Я, наадварот, крыўду забываю цяжка, асабліва калі мяне пакрыўдзілі злосна ці знарок.
На першым часе мяне здзіўляе, што дома Шура ніколі не паспявае падрыхтавацца да заняткаў. Рыхтуецца яна заўсёды ў педвучылішчы і заўсёды спехам, на перапынках, перад пачаткам урокаў. Не такая прыкладная ўжо і я сама. Напрыклад, я таксама спісваю перад урокамі і на перапынках задачы па стэрэаметрыі ў Надзі Гірко. (Наш выкладчык матэматыкі Садоўнікаў пазней махне на мяне рукою: у мяне абсалютна адсутнічае прасторавае ўяўленне.) Спісваю, вядома, зусім не таму, што ў мяне не хапае часу рашыць іх. Проста задачы па стэрэаметрыі ў мяне адразу «не атрымліваюцца», а ламаць галаву над імі ў мяне зусім няма ніякай ахвоты. Старая — яшчэ са школы — песня…
Шура ж не вучыць дома і вусных урокаў. Неяк аднойчы, калі мы пасля заняткаў праводзімся і развітваемся асабліва доўга, Шура расказвае мне, што яна жыве ў роднае сястры і за тое, што жыве ў яе і што сястра яе вучыць, у Шуры не патрабуюць грошай — Шура павінна няньчыць сестрыно дзіця, мыць пялёнкі, прыбіраць кватэру, бегаць у магазіны. Сястра — жонка камандзіра, «ваенная дама» — ведае толькі прыбірацца і хадзіць штовечара са сваім камандзірам у кіно. Сястра вельмі прыгожая і капрызная жанчына, а яе камандзір намнога старэйшы за яе, ва ўсім ёй патурае… Таму ўвесь хатні клопат і ляжыць на Шуры.
Хто-хто, а я ведаю, як жыць у сваякоў. I мне да слёз шкада Шуру. I я таксама расказваю ёй усё пра сваё жыццё: і як бацька пакінуў некалі нас з мамаю, і як памерла мама. Як потым забраў мяне да сябе дзядзька Мікалай, і як мне ў яго жылося, і як цяжка жывецца цяпер без гаспадара сястры Сашы. А тут яшчэ і я ў яе на шыі… Вось чаму я і паступіла сюды, у педвучылішча, «на свой хлеб».
Мы з Шураю раскрываем сэрцы адна адной гэтак шчыра і горача, што абедзвюм нам хочацца плакаць. I мы гатовы, здаецца, каб гэта была не вуліца, абняцца і паклясціся, што мы ніколі-ніколі ў жыцці не пакінем адна другую, што мы будзем дружыць да смерці…
Добрых дзяўчат на нашым курсе многа. Можна смела сказаць, што большасць дзяўчат у нас выдатных! Затое хлопцы — усе, як адзін, нейкія недарэкі. Занялі Камчатку і яшчэ задзіраюць насы: маўляў яны не заўважаюць дзяўчат… Падумайце! Было б каму задзіраць тыя насы. Устане каторы адказваць выкладчыку, дык пыкае, мыкае — праціўна слухаць!
I мяне толькі дзівіць — і не толькі дзівіць, а нават і злуе, — што нічога гэтага не заўважае Шура. «Глядзі, — шэпча яна мне, скоса пазіраючы ў бок класнае дошкі, — а Валодзька Гурбо на нашым курсе самы прыгожы хлопец…» (А той Валодзька ніяк не можа рашыць ураўнення з адным невядомым…)
Валодзька Гурбо самы прыгожы хлопец на нашым курсе? Божа!.. Сухі таран, да таго ж, як жэрдка, доўгі. I чорны, як грак… А Шура мне сваё: «Глядзі, якія ў яго прыгожыя зубы… I вочы. Мне падабаюцца ў хлопцаў такія сур’ёзныя вочы…»
Вось ужо не звярнула б увагі ні на вочы, ні на зубы Валодзькі Гурбо…
— Ша-дай! — расцягвае Садоўнікаў і махае рукой. Гэты жэст яскрава гаворыць: што з цябе больш выцягнеш… і Садоўнікаў ставіць у журнал Валодзьку Гурбо «здавальняюча». Паставіць студэнту «нездавальняюча» ў Садоўнікава не паварочваецца рука: у студэнта знімуць стыпендыю.
Шура цераз плячо праводзіць Валодзьку позіркам да самае яго Камчаткі. Хоць забі мяне, а я не магу зразумець гэтага яе захаплення. Мне, напрыклад, мог бы спадабацца толькі такі хлопец… Толькі такі… Аднак які — пэўна акрэсліць свой ідэал я нават сама не магу. А Шура аж млее. Ды і Валодзька Гурбо, здаецца, неабыякавы да яе. На кожным перапынку і ён усё круціцца то каля нашае парты, то каля акна на калідоры, дзе мы, дзяўчаты, звычайна абмяркоўваем усе свае сакрэты… Падумаеш, каханне…