Выбрать главу

Трэба і мне… I мне трэба аддаць грошы сястры Сашы. (Каму і аддаваць, калі не мне?) I малым трэба абавязкова нешта купіць — яны ж мяне заўсёды гэтак чакаюць… Не, я не буду траціцца на нейкую там пудру, ці памаду, ці фатаграфаванне. Я без усяго гэтага абыдуся. Вучыцца я ішла для таго, каб вучыцца, а не каб пудрыцца ці мазацца крэмамі. Я буду памагаць дадому…

З такімі дабрачыннымі думкамі і намерамі замыкаю я сваю казну ў свой чырвоны драўляны куфэрак. Не пакідаюць яны мяне і ўсю дарогу, пакуль я іду на выхадны дадому. Як я ўсіх абрадую!

…Дома маю стыпендыю сустракаюць хутчэй ніякавата, чым з гучным захапленнем. Вядома, знайшлося б ёй месца — гэтулькі дзірак кругом. Але сястра Саша і баба Іваніха як быццам саромеюцца: ты заслужыла і ў цябе тут жа адабраць з рук гэту стыпендыю…

— Мая галубка, — кажа баба Іваніха, — гэту нашу прорву не загаціш. А табе і самой трэба.

— А што я буду рабіць з імі? — я і сапраўды не ведаю, што мне рабіць і куды мне растраціць — толькі на сябе — гэтулькі грошай. Навошта мне іх столькі? Яны мне ўжо цягнуць уніз рукі — гэтыя паперкі…

— Зробіш, — кажа Саша. — Купі сабе, я бачыла, вельмі харошыя трыкатажныя рубашкі з гальштукамі. У цябе ж няма ніякіх строяў. Бэзавую выберы… — Саша любіць гэты колер.

— Няхай цяплейшую якую адзежыну на зіму купіць, — дае сваю параду баба Іваніха.

Парашаем на тым, што дома я ўсё ж пакіну трыццатку. (Малыя рвуць з рук: «Дай нам патрымаць!» А баба Іваніха ім фартухом: «Гэта вам, вужы печаныя, забаўка — грошы? Бачыце — Ленін!») Сорак пяць рублёў вазьму патраціць на ўласныя патрэбы. Патраціць, вядома, з розумам. («Глядзі, дзеткі, не марнуй дарэмна грошы…»)

На наступны выхадны я прыходжу дадому ўжо ў бэзавай трыкатажнай кофтачцы з гальштукам. У інтэрнаце, у мяне на тумбачцы, стаіць ужо бутэлька трайнога адэкалону. У кашальку я нашу дзве квітанцыі на атрыманне фотакартак. Я з Шурай Палявой і я адна. Паштоўкі: 6Ч9 і 9Ч12… Малым, бабе Іванісе і сястры Сашы — дзвесце грамаў «падушачак»…

З першай стыпендыяй разлічылася!

Жыццё-быццё

Першы «Г» курс займаецца на трэцім паверсе. На трэцім паверсе займаюцца ўсе першыя курсы. I калі перад пачаткам заняткаў мы нясёмся ў свае аўдыторыі — з гэтае Калоніі заўсёды спазняешся, — чыгунныя лесвіцы, а разам з імі і ўвесь будынак вучылішча гудуць, як царкоўны звон.

Наш швейцар — з выгляду вельмі падобны на храстовага караля — заўсёды сарамаціць нас:

— Вы знаходзіцеся ў сценах навучальнай установы, — і, напэўна, успамінае тыя часы, калі ў гэтых сценах былі зусім іншыя парадкі: з’явіўся навучэнец без галёшаў ці без форменнага шыняля — і вон за дзверы!

Перапынкі мы звычайна праводзім на калідоры. На нашым паверсе сцены калідора ўпрыгожаны карцінамі ў цяжкіх рамах. Ад цьмянага асвятлення карціны таксама здаюцца цемнаватымі і таму, напэўна, такімі таямнічымі. Таямнічы магутны лес, хаціна на ўзлеску, жаночая постаць над лясной ручаінай… Нас, навічкоў, гэты жывапіс захапляе і інтрыгуе: хто ж ён быў, той мастак, што пакінуў нам, на захапленне, гэтыя свае творы? Кажуць, што ён таксама быў студэнтам, таксама вучыўся ў гэтых сценах і хадзіў па гэтых калідорах… А цяпер ён сам вучыць дзяцей недзе на вёсцы. Дзе ні пачуеш, у школах не хапае настаўнікаў.

На наш паверх, у час перапынкаў, нярэдка заходзяць хлопцы з трэцяга курса — вядомыя тэхнікумаўскія кавалеры. У іх на прымеце ўсе самыя прыгожыя першакурсніцы. I хоць не ўсе сярод нас самыя прыгожыя — аднак хлопцаў гэтых ведаем мы ўсе…

Забягае да нас сакратар камсамольскага камітэта Курбыка, шустры хлапец з ускудлачанымі валасамі. Яго дзяўчаты не цікавяць. Яго цікавіць, як ідзе ў нас сацыялістычнае спаборніцтва: паміж курсамі і паміж асобнымі студэнтамі. (Мы, вядома, спаборнічаем з Шурай Палявою.) Які курс узяў найбольш абавязкаў і які ідзе ў перадавіках. Абавязкаў нямала, і ў перадавікі выскачыць нялёгка. Па ўмове сацыялістычнага спаборніцтва трэба:

Добра вучыцца. Не спазняцца на заняткі. Мець добрую дысцыпліну. Дапамагаць адстаючым. Усім падпісацца на газеты. Абавязкова ўдзельнічаць у насценным друку. Ахапіць усіх студэнтаў гурткамі МОПРа, ГСО, ПВХО. Здаць нормы на значкі I і II ступені ГТО і ВС.

Дык якія тут дзяўчаты будуць у галаве сакратара камсамольскага камітэта?

Паважна абходзіць і знаёміцца з намі, першакурснікамі, рэдактар насценнай газеты выпускнік Алесь Кандыбовіч, з выгляду вельмі падобны на Маякоўскага. Гэтакі ж высокі, гэтакія ж раскіданыя на два бакі валасы і да таго ж — паэт таксама. Амаль у кожным нумары насценгазеты яго вершы, узнёслыя, патрыятычныя, баявыя.