Я Алеся Кандыбовіча ведаю: мы жывём у суседніх вёсках, і нам па дарозе хадзіць дадому. Мне ён некалькі разоў нават падносіў маю кашолку. Да таго ж Алесь Кандыбовіч вельмі часта праводзіць дадому маю суседку Валю Жаўрыд і заходзіць да нас у інтэрнат. Але я ўсё роўна яго саромеюся: падобны на Маякоўскага, піша вершы, праводзіць дзяўчат.
Алесь Кандыбовіч, як ён сам тлумачыць, хоча выявіць сярод нас літаратурныя таленты. Выяўляць-то ён выяўляе, але вершы друкаваць найбольш яму даводзіцца ўласныя. Нешта не відно сярод нас талентаў. (Я пра гэты свой «талент» тут, у педвучылішчы, дык саромеюся нават заікнуцца.)
Талентаў патрабуе ад нас і нас класны кіраўнік Уладзімір Феафілавіч. За вочы мы завём яго «факстрот». Ён высокі, худы і ходзіць, падважваючыся, як на спружынах. «Факстрот» патрабуе ад нас талентаў тэатральных, мастацкіх. Уладзімір Феафілавіч сам выдатны чытальнік і музыкант. Ён кіруе ўсёй мастацкай самадзейнасцю педвучылішча, і яму хочацца, каб і яго курс вылучаўся талентамі, як вылучаюцца некаторыя іншыя курсы. Як, напрыклад, другі курс.
Валодзя Бабейка — сын настаўніка, іграе на раялі. Гэты талент у нашым асяроддзі, вядома, не ідзе ні ў якое параўнанне. Напрыклад, на вечары Валодзя Бабейка (у цёмным гарнітуры, у белай сарочцы пад гальштукам) выходзіць на сцэну, кланяецца глядзельнай зале, а Уладзімір Феафілавіч — наш чароўны «факстрот» — выходзіць следам за ім і гучна, як сапраўдны артыст, аб’яўляе:
— Глінка: «Жаваранак»… Выконвае студэнт другога курса (паўза) Уладзімір Бабейка!
Усё замірае. Валодзя ўскідае над клавішамі рукі — і ў зале, адкуль ён толькі залятае, пачынае раптам кружыцца, трапятаць крыльцамі і залівацца спевам жаўрук.
Валодзю са сцэны праводзіць гром воплескаў.
Ну і Валодзя… Кажуць, і бацька яго, і дзядзькі ўсе таксама музыканты, вядомыя на ўсю акругу. Кажуць, без іх не абходзіцца ні адно вяселле, ні адно свята.
Пасля Валодзі Бабейкі выступае другая любіміца педвучылішча — Лена Ванкевіч. Лена — спявачка з мяккім пранікнёным голасам. У яе рэпертуары — народныя песні. Лена спявае «Калыханку».
I хоць сярод нас, студэнтаў, няма яшчэ ніводнага чалавека, у каго ўжо была б патрэба спяваць калыханкі, Ленін спеў заварожвае ўсіх нас. Мы плешчам у далоні, тупаем нагамі: «Ле-на!.. Ле-на!.. Лена!..» — і не дазваляем ёй пакінуць сцэну.
I чарнявая сімпатычная Леначка — на перапынках яна здаецца вельмі звычайнай — зноў і зноў выбягае з-за куліс, кланяецца, шчасліва ўсміхаецца і зноў спявае. Цяпер яна хоча нас даканаць жартаўлівай народнай песняй «Хлопец пашаньку пахае…». I даконвае! У яе выкананні столькі гумару, столькі прывабнасці і шчырай прастаты!
Праграма разнастайная і вялікая.
— Уладзімір Маякоўскі! «Стихи о советском паспорте»…
Слухачы ўжо ведаюць: вершы Маякоўскага будзе чытаць падобны да Маякоўскага Алесь Кандыбовіч. Уласныя вершы Кандыбовіч толькі друкуе, са сцэны ён чытае толькі вершы Маякоўскага.
I сапраўды, на сцэну выходзіць Алесь Кандыбовіч. Шырокі крок. Адна рука ў кішэні, другая адкідвае непаслухмяныя цёмныя валасы.
і Алесь Кандыбовіч выцягвае з кішэні сваю «краснокожую паспортину»…
Зала ўзрываецца ад воплескаў.
Потым з чытаннем уласных вершаў выступаюць паэты Алесь Заяц, Іван Крот, Іда Рубінштэйн… Усё гучныя імёны! Вершы іх, на жаль, не такія гучныя…
Потым паказваюць скетч… А пасля пад духавы аркестр пачынаюцца танцы.
На танцах застаюцца старэйшыя курсы і тыя з дзяўчат-першакурсніц, каго запрашаюць старэйшыя хлопцы. Шура Палявая застаецца. Яе запрашаюць!
Валодзя Гурбо толькі кідае з кутка на Шуру змрочныя позіркі. Мне здаецца, што за гэты вечар ён яшчэ больш схуднеў і пачарнеў. Мне яго шкада. Мяне таксама ніхто не запрасіў… Шура, шчаслівая і яшчэ прыгажэйшая, чым заўсёды, ідзе ў круг, забыўшы нават, што мы з Валодзькам існуем на свеце. Вось табе і сяброўства да смерці…
Вучымся
З першых жа дзён заняткаў наперад у нас вырываецца Рая Байцова. Настаўнікам прыемна чуць бліскучыя адказы здольнай студэнткі — у Раі адны толькі выдатныя адзнакі. Роза Вальфсон ідзе другім нумарам: яна не такая здольная, як Рая, яна і менш ахвочая да таго, каб не разгінацца над падручнікамі. Затое ў Розы бясконца абаяльная ўсмешка і такі гарэзлівы позірк, што нават калі яна і не вывучыць тэму, не кожны выкладчык знаходзіць адвагу паставіць ёй кепскую адзнаку.