Пазней, пасля ўтварэння Вялікага княства Літоўскага, славянская каланізацыя берагоў Віліі яшчэ больш узмоцніцца і прывядзе да амаль поўнай беларусізацыі Віленскага краю ў XIX стагоддзі. Але пакуль што, на момант нашага разгляду, рускі кампанент на тэрыторыі старажытнай Літвы не адыгрывае істотнай ролі.
Адначасова са славянскай каланізацыяй Літвы самі літоўцы прасоўваліся на землі панямонскіх княстваў (а магчыма, рускія князі сялілі іх там у якасці ваеннапалонных). Шэраг вёсак з назвай Літва ў вярхоўях Нёмана мае менавіта такое паходжанне.
М. Ермаловіч, мяркуючы, што гэтыя назвы акрэсліваюць асноўную тэрыторыю летапіснай Літвы, ігнаруе адзін з асноўных законаў тапанімікі: назву Літва вёска не магла мець там, дзе ўсе населеныя пункты літоўскія, а толькі ў іншамоўным асяроддзі. Дарэчы, пры такім падыходзе летапісная Літва трапляе ў абшар неўрадлівых пясчаных глебаў, лясоў і балот, у тым ліку вялізнай Налібоцкай пушчы. Ядром этнасу, тым больш такого актыўнага, як старажытная літва, гэтыя землі не маглі быць проста фізічна. Галоўнае ж, што на акрэсленай Ермаловічам тэрыторыі, як паказалі археалагічныя даследаванні, няма не тое што балцкіх, але практычна ніякіх археалагічных помнікаў, якія б датаваліся XIII стагоддзем.
Мясціны, што займалі плямёны з уласнымі дынастыямі на чале, можна вызначыць толькі прыблізна. Старажытная Упіта, відаць, у асноўным супадала з тэрыторыяй пазнейшага Упіцкага павета на мяжы з Жамойцю. Далей на ўсход знаходзілася Дзевалтва. Памяць аб ёй захавалася ў беларуска-літоўскіх летапісах XV—XVI стагоддзяў, якія лічаць цэнтрам Дзевалтвы горад Вількамір (сучасны Укмерге). Нальшаны займалі паўночна- ўсходні кут Літвы. Праз іх тэрыторыю звычайна ішлі паходамі крыжакі з берагоў Дзвіны на ўладанні галоўнай літоўскай дынастыі — так званую Літоўскую зямлю ў самым вузкім сэнсе, што займала, верагодна, міжрэчча Віліі і Нёмана.
Звесткі аб літоўскіх уладарах дае той самы дагавор 1219 года, згаданы вышэй. Іпацьеўскі летапіс прыводзіць імёны ўсіх князёў, што падпісалі яго. Сярод іх — прадстаўнікі пяці асобных дынастый. На чале стаіць сямейства старэйшых князёў у складзе Жывінбуда і яго родзічаў — братоў Даўята і Вілікайлы, Даўспрунка і Міндоўга. Парадак пераліку асоб у дагаворы, напэўна, адлюстроўвае іх ранг. Жывінбуда, відаць, трэба лічыць старэйшынам сям'і, а дзве пары братоў, верагодна, былі яго пляменнікамі — сынамі ўжо нежывых братоў. Далей ідуць два жамойцкія князі — Эрдзівіл і Выкінт, потым — чацвёра ўладальнікаў Дзевалтвы, а таксама дзве групы князёў, названых па родавых прозвішчах без азначэння падуладных ім тэрыторый (сямёра Рушкавічаў і трое Булевічаў). Магчыма, хтосьці з іх валодаў Нальшанамі і Упітай. Як бачым, адна з дынастый выразна названа старэйшай не толькі над аўкштайцкімі, але і над жамойцкімі князямі — перад намі хаця і рыхлае, але ўжо палітычнае міжпляменнае ўтварэнне, у якім князі адной з дынастый дамінуюць над астатнімі.
Паводле вельмі прыкладных разлікаў Г. Лаўмянскага, агульная колькасць жамойтаў у той час была каля 30—40 тысяч чалавек, аўкштайтаў — каля 80—90. Гэта значыць, што яны маглі без усялякіх намаганняў выставіць войска ў тысяч шэсць воінаў (калі зыходзіць з каэфіцыента 1 : 20, паводле якога амерыканскія каланісты вызначалі колькасць удзельнікаў індзейскіх набегаў). Такая лічба значна большая за колькасць асабістай дружыны любога з рускіх князёў і прыкладна адпавядае поўнаму апалчэнню цэлага буйнога княства. Калі ўлічыць асабліва ваяўнічы характар літоўцаў, якім яны вылучаліся на фоне сваіх балтамоўных і фінскамоўных суседзяў, то стане зразумелым маштаб небяспекі, якая навісала над заходнерускімі княствамі. Даўно заўважана, што для іх літоўцы былі тым жа, чым полаўцы — для Паўднёвай Русі.
Якраз на пачатку XIII стагоддзя (верагодна, у выніку палітычнага аб'яднання літоўскіх княстваў) рэйды літвы набываюць асабліва актыўны характар, ахопліваюць прастору ад Валыні да Наўгародскай зямлі. Як і ў выпадку з полаўцамі, рускія князі супрацьпастаўляюць ім розную тактыку: часам наносяць карныя ўдары ў адказ, часам завязваюць сваяцкія адносіны праз шлюбы, а часам і выкарыстоўваюць літоўскія атрады ў міжкняжацкіх усобіцах. Вядома, напрыклад, што князь Усевалад з Герцыке быў зяцем літоўскага кунігаса Даўгерда, на ваенную моц якога часта абапіраўся ў сваіх дзеяннях. Адзін з таропецкіх князёў, Уладзімір Мсціславіч (брат Мсціслава Удатнага), быў цесна звязаны з Літвой, з чыёй дапамогай, відаць, уладкаваўся ў 1213 годзе ў Пскове, бо яго выгнанне ў тым жа годзе пскоўскі летапісец пракаменціраваў так: "Изгнаша от себя псковичи князя литовского Владимира Торопецкого". І вельмі верагодна, што некаторыя літоўскія набегі на Смаленск і Таропец былі арганізаваны полацкімі ці віцебскімі князямі. Аднак гэта толькі дапамагала літоўцам разведваць шляхі для самастойных паходаў. У 1225 годзе літоўская раць дасягнула Таржка (больш за 500 кіламетраў ад Літвы!). Былі спустошаны поўнач Смаленскай зямлі і поўдзень Наўгародскай, загінуў таропецкі князь Давыд Мсціславіч (трэці з братоў). Па сведчанні летапісца, "бе бо рать велика, ака же не было от начала миру". (Заўважу, што няма падстаў звязваць, як гэта часам робіцца, набег 1225 года з інтрыгамі полацкіх князёў, бо Полацк у той момант падпарадкоўваўся Смаленску, прынамсі, быў цесна з ім звязаны.)