У 1230 годзе ў Хельмінскую зямлю прыбыў першы атрад крыжакоў на чале з Германам Балкам. Да пачатку вялікай вайны ў Прыбалтыцы застаюцца лічаныя месяцы.
І нарэшце, яшчэ адзін фактар, які пакуль што не праявіўся, але ўжо падспудна выспявае за кулісамі. За тысячы кіламетраў ад Русі, у неймавернай далечы, на мангольскай рацэ Анон у 1206 годзе адбыўся курултай (з'езд) мясцовай знаці, дзе быў абраны агульны правіцель — каган. Ім стаў вельмі таленавіты і бязмерна жорсткі хан Тэмуджын, які пачаў горда звацца "вялікім ханам" — Чынгісханам.
Чынгісхану ўдалося скаваць сваіх супляменнікаў сталёвай дысцыплінай, стварыць з іх звышэфектыўную машыну заваявання і разбурэння. Ужо захоплены Паўночны Кітай, дымяцца руіны гарадоў Харэзма і Азербайджана, ужо старэйшы сын Чынгісхана Джучы атрымаў у якасці улуса (удзела) усе стэпы Казахстана, Паўднёвай Сібіры і ўсё, што ляжыць на захад ад іх, ужо прыступіў ён да іх заваявання. Ужо паспыталі моц тумэнаў Чынгісхана рускія князі на Калцы ў 1223 годзе. Праўда, у 1227 годзе "Заваёўнік Сусвету" памірае, і ў тым жа годзе пры таямнічых абставінах гіне яго старэйшы сын Джучы (напэўна, ён стаў ахвярай жорсткіх інтрыг у стаўцы кагана). Але ваенная машына бездакорна працуе і пасля смерці стваральніка, яе заводу хопіць яшчэ не на адно дзесяцігоддзе. Сыны і ўнукі Чынгісхана не збіраюцца яе спыняць.
Недзе там, на Русі і ў іншых краінах, людзі мараць аб будучым, гадуюць дзяцей. Але жыць ім ці не — вырашаецца на курултаях, у стаўцы новага кагана Угэдэя (трэцяга сына Чынгісхана), дзе абмяркоўваюцца напрамкі новых паходаў. І таму пакаленню, да гісторыі якога мы пераходзім, давядзецца спазнаць, што ўсе яны жывуць на адной планеце.
ПАКАЛЕННЕ ПЕРШАЕ: МІНДОЎГ (1230-ыя - 1250-ыя гады)
Прадстаўнікам гэтага пакалення — тым, хто нарадзіўся напярэдадні альбо ў самым пачатку XIII стагоддзя, а дзейнічаў у першай яго палове — давялося ўбачыць першыя крокі маладой Літоўскай дзяржавы. Сярод асоб, што выступаюць у гэты час на гістарычную сцэну, асабліва адметнымі з'яўляюцца дзве постаці: заснавальнік азначанай дзяржавы Міндоўг (каля 1195—1263) і галіцка-валынскі князь Даніла Раманавіч (1202—1264).
Пра турботнае дзяцінства і юнацтва Данілы і яго малодшага брата Васількі (1204—1269) ужо гаварылася мімаходзь у "Экспазіцыі". Рана згубіўшы бацьку, яны трапілі ў вір барацьбы за галіцкае і валынскае княжанне і паступова ўзялі верх над усімі сваімі сапернікамі. У 1230 годзе апошні з канкурэнтаў за ўладу на Валыні — Аляксандр Белзскі быў адцяснёны на самы ўскраек сваіх уладанняў, у сумежны з Польшчай Перамышль, і практычна ўсё Уладзіміра-Валынскае княства апынулася ў руках двух братоў. Пачалася барацьба за вяртанне бацькоўскага Галіча. Мсціслаў Удатны, цесць Данілы, у 1228 годзе пад дыпламатычным націскам венгерскага караля Андрэя II, за сына якога ён раней выдаў сваю малодшую дачку Марыю, саступіў Галіч на карысць венграў. Хутка Мсціслаў памёр. Даніла пачаў барацьбу з венграмі за Галіч. Яна ішла з пераменным поспехам да 1234 года, калі войска Андрэя II і Аляксандра Белзскага было разбіта Раманавічамі з дапамогай кіеўскага князя Уладзіміра Рурыкавіча. Далучыўшы Галіч да Валыні, Даніла і Васілька зрабіліся яшчэ больш магутнымі уладальнікамі, чым калісьці іх бацька.
Аднак у барацьбу за вяршэнства ў Пауднёвай Русі ўключыўся новы прэтэндэнт — Міхаіл Чарнігаўскі. У 1235 годзе ён выбіў з Кіева Уладзіміра Рурыкавіча, перамог Данілу і ўладкаваў у Галічы свайго дванаццацігадовага сына Расціслава. Тут жа ў барацьбу за Кіеў уступіу прадстаўнік уладзіміра- суздальскай дынастыі Яраслаў Усеваладавіч. Хутка і Уладзімір Рурыкавіч з'явіўся зноў з палавецкай раццю, але вярнуць сабе Кіеў не здолеў.
Гэты вэрхал вакол Кіева — з'ява вельмі звыклая на Русі. Аднак менавіта яна прыкавала да сябе ўвагу летапісцаў, якія канчаткова згубілі з поля зроку Літву. І вельмі шкада, бо тамтэйшыя падзеі мелі значныя вынікі (аднак высветлілася гэта, зразумела, пазней). У Літве ж тым часам на пярэдні план высоўваецца постаць Міндоўга.
Ён упершыню з'яўляецца, як вы памятаеце, сярод удзельнікаў валынска- літоўскага пагаднення 1219 года, прычым знаходзіцца сярод малодшых прадстаўнікоў літоўскай дынастыі-гегемона, на чале якой стаіць Жывінбуд. Калі лічыць, што перад намі княжацкая сям'я-абшчына, то Жывінбуд, напэўна, з'яўляецца сынам яе заснавальніка, а Даўят з Вілікайлам і Даўспрунк з Міндоўгам — сынамі двух памёршых раней старэйшых братоў Жывінбуда. Ордэнскі храніст Генрых Латвійскі — сучаснік Міндоўга — пазначаў, што бацька апошняга быў найвялікшым з літоўскіх правіцеляў свайго часу. Ён, трэба меркаваць, памёр незадоўга да пагаднення 1219 года. Ёсць адзін вельмі верагодны прэтэндэнт на гэтую ролю — князь Даўгерд, які некалькі разоў згадваецца Генрыхам Латвійскім. Нястомны вораг Ордэна мечаносцаў, ён аказваў дапамогу свайму зяцю Усеваладу Герцыкскаму, сам рабіў набегі на ўладанні крыжакоў і рыжскага біскупа. Літоўскую пагрозу адчуваў у гэты час і Уладзімір Полацкі, што вельмі непрадбачліва шукаў ад яе паратунку ў саюзе з Рыгай. У 1214 годзе Даўтерд, калі ездзіў у Ноўгарад дзеля пагаднення супраць Ордэна, быў схоплены на зваротным шляху крыжакамі і загінуў у затачэнні.