Выбрать главу

Калі меркаванне пра Міндоўга як сына Даўгерда слушнае, то далейшы ход падзей у Літве можна гіпатэтычна рэканструяваць так: пасля смерці Даўгерда вяршэнства перайшло да яго малодшага брата Жывінбуда, які ў 1219 годзе ўзначальвае спіс князёў. Трэці брат (імя яго таксама невядома) — бацька князя Даўята. Апошні ідзе ў пераліку другім пасля Жывінбуда. Паколькі ён названы перад верагоднымі сынамі Даўгерда (Даўспрункам і Міндоўгам), то яго бацька, напэўна, быў старэйшы ў сям'і (дыпламатычныя паперы вельмі ўважліва ставяцца да такіх нюансаў). Той жа Генрых Латвійскі пад 1205 і 1213 гадамі паведамляе пра смерць яшчэ двух літоўскіх кунігасаў — Свелгатэ (Свалеготэ) і Стэцкі. Можа, хтосьці з іх з'яўляўся братам Даўгерда і Жывінбуда. Паводле родавага звычаю ўлада пасля Жывінбуда павінна была перайсці да Даўята, а затым да яго брата Вілікайлы і іх нашчадкаў. Даўспрунк жа і Міндоўг у гэтым выпадку стварылі б асобную генеалагічную лінію, падобную да дынастый Дзевалтвы, Жамойці і іншых малых княстваў.

На самой справе адбылося не так. Іпацьеўскі летапіс зноў згадвае імя галоўнага літоўскага князя прыкладна ў 1235 годзе (на жаль, храналогія гэтага летапісу, дакладней, Валынскага летапісу ў складзе Іпацьеўскага збору, кульгае на абедзве нагі, таму ўсе яго даты прыблізныя). У той час уладаром Літвы з'яўляўся Міндоўг. Што адбылося за папярэднія 16 гадоў— можна толькі гадаць. Можа, Жывінбуд, Даўят і Даўспрунк склалі галовы ў шматлікіх набегах на рускія землі. У "Экспазіцыі" гаварылася пра цяжкія паражэнні, якія часам цярпелі літоўцы ў гэтых набегах. Усяго за год перяд тым, у 1234 годзе, літоўская раць зноў была перахоплена рускай пагоняй на поўдні Наўгародскай зямлі пры адыходзе са Старой Русы.

Магчыма, аднак, што, прынамсі, некаторыя са старэйшых родзічаў Міндоўга сталі яго ахвярамі ў барацьбе за вярхоўную ўладу — характар гэтага князя, як вынікае з больш позніх падзей, ні ў якім разе не супярэчыць такой магчымасці. Міндоўг, безумоўна, любіў уладу і дзеля яе гатовы быў зайсці вельмі далёка.

У маладыя гады Міндоўг, напэўна, удзельнічаў не ў адным паходзе на Русь. У набегах ён авалодваў ваенным майстэрствам, прыглядаўся да жыцця суседзяў, грамадскі лад якіх знаходзіўся на больш высокім узроўні, заваёўваў аўтарытэт і скалочваў адданую дружыну. Можа, ужо тады ў яго з'явіліся нейкія асабістыя сувязі з князямі і баярствам суседніх рускіх княстваў.

Пра гэтыя княствы мы не ведаем амаль нічога. У Полацку смаленскае панаванне, магчыма, скончылася ў 1232 годзе, калі палачане дапамаглі Святаславу Мсціславічу стаць князем у Смаленску. Пасля яго Полацк хутчэй за ўсё вярнуўся да аднаго з Рагвалодавічаў. Прынамсі, крыху пазней, у 1239 годзе, там будзе княжыць Брачыслаў, які аддасць сваю дачку за сына Яраслава Усеваладавіча Уладзіміра-Суздальскага — Аляксандра. Магчыма, Брачыслаў — сын віцебскага князя Васількі Брачыславіча, упамянутага пад 1196 годам. У адным з летапісаў гаворыцца, што праз некалькі гадоў пасля шлюбу маленькі сын Аляксандра і Брачыслаўны знаходзіўся ў Віцебску (у родзічаў па маці?).

Найбліжэйшымі суседзямі Літвы былі Менскае і Ноўгародскае княствы. Пра Менск (як і пра Лагойск з Заслаўем) мы не маем ніводнай звесткі, ніводнай зачэпкі нават для ўскосных меркаванняў. Толькі на стагоддзе пазней менскі князь з'явіцца ў летапісе. Канешне, можна лічыць, што мясцовая дынастыя існавала непарыўна з XII стагоддзя, аднак з такім жа поспехам можна адстойваць і любую іншую думку на гэты конт.

Што датычыць Ноўгародка, то ў ім сучаснікам Міндоўга выступае мясцовы князь Ізяслаў. Зноў-такі можна толькі гадаць, паходзіў ён са старажытнай гарадзенскай дынастыі ці з нейкай іншай. Невядома і пра памер падуладнай яму тэрыторыі. Аднак вельмі верагодна, што да Ноўгародка ў гэты час адносілася ўсё Панямонне з Гораднам, Ваўкавыскам і Слонімам, хаця там маглі быць і свае князі (гадоў праз 20 у летапісе з'явіцца Глеб Ваўкавыскі, а яшчэ праз пакаленне — Васілька Слонімскі). Казаць пра ператварэнне Ноўгародка ў палітычны цэнтр усіх заходніх зямель Русі няма важкіх падстаў. Да мангольскага нашэсця гэты горад упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе двойчы. Першае ўпамінанне — ускоснае: у 1228 годзе "новогородци" (так у летапісе) прынялі ўдзел у канфлікце пінскага князя Расціслава і кіеўскага Уладзіміра Рурыкавіча з Данілам Раманавічам, які быццам бы захапіў дзяцей Расціслава. Кіеўскі князь заступіўся за пінскага і сабраў супраць Данілы войска, у якое ўвайшлі разам з куранамі, пінянамі і тураўцамі жыхары Ноўгародка (вельмі малаверагодна, што ў гэтай лакальнай падзеі ўдзельнічалі войскі Вялікага Ноўгарада, назва якога часта пісалася аднолькава з назвай панямонскага горада).