Выбрать главу

Між тым галоўная бяда была яшчэ наперадзе. Бату метадычна працягвае выконваць волю свайго дзеда. Скарыўшы полаўцаў (толькі невялікая іх частка ўцякла ў Венгрыю да караля Бэлы IV), манголы зноў накіроўваюць удар на Русь, гэтым разам паўднёвую. У 1239 годзе яны захапілі Пераяслаў і Чарнігаў. Тады ж, напэўна, згарэў і Гомель, пра разбурэнне якога сведчыць археалогія. Чарнігаўскі князь Міхаіл падаўся наўцёкі, кінуўшы і Кіеў, што знаходзіўся пад яго кантролем. У наступным годзе войска Бату пераходзіць Дняпро і аблагае старажытную сталіцу Русі. Апошні з буйных уладароў — Даніла Раманавіч — паслаў туды свайго пасадніка, але сам застаўся ў Галічы чакаць сваёй чаргі. Чакаць прыйшлося нядоўга. Гіне ў полымі Кіеў, усланы целамі сваіх абаронцаў, а потым віхура нашэсця пракатваецца праз усю Галіцкую і Валынскую землі і далей на захад, у Малую Полыпчу і Венгрыю. Марна спрабуе спыніць яе Баляслаў Сарамлівы — у сакавіку 1241 года Кракаў спасцігае той жа лёс, што і Кіеў. Гіне ў бітве вроцлаўскі і кракаўскі князь Генрык Набожны (сын памёршага ў 1238 годзе Генрыка Барадатага), хаця коштам жыцця і захоўвае ад манголаў частку сваіх уладанняў. Адначасова церпіць паражэнне і венгерскі кароль Бэла з братам Кальманам.

Неверагодныя поспехі манголаў тлумачацца сярод многіх акалічнасцей адной вельмі простай: іх ваенная машына трымалася на татальнай жорсткасці і страху. Невыкананне загаду, уцёкі ў час бою былі немагчымымі з-за смяротнай кругавой парукі — правіннасць аднаго каштавала жыцця ўсім, хто знаходзіўся побач. Такая сістэма бездакорна дзейнічае ўсюды, дзе яе ўдаецца стварыць. І шчасце чалавецтва ў тым, што стварыць удаецца не ўсюды і не заўжды — толькі там, дзе вельмі нізкі кошт чалавечага жыцця, дзе народ ахоплены экстатычным уздымам і дзе переважная колькасць ствараючых гэтую пачварную сістэму людзей упэўнена, што так і трэба. У стэпавых качэўнікаў адбылося менавіта так. Мангольскія тумэны, што не вагаючыся ішлі на смерць, наводзілі проста містычны жах на праціўніка, які і не здагадваўся, што ў сэрцах яго пераможцаў пануе яшчэ большы жах — толькі перад сваімі.

Бату-хан да 1242 года прайшоў скрозь Венгерскае каралеўства да берагоў Адрыятыкі, і толькі звесткі пра смерць вялікага кагана Угэдэя прымусілі яго павярнуць коней назад. Пакінуўшы ў спакоі тое, што не мог зараз пераварыць, — разбураныя Венгрыю, Польшчу і Паўднёвую Русь — Бату пакінуў у палавецкіх стэпах сваіх намеснікаў і разам з іншымі знатнымі ўдзельнікамі паходу "да апошняга мора" заспяшаўся ў далёкі Каракарум, дзе павінны былі адбыцца выбары новага кагана.

Тады ацалелыя рускія князі пачалі варочацца на выгарышчы спаленых гарадоў. Вярнуліся Міхаіл Чарнігаўскі, пінскія князі Расціслаў Уладзіміравіч і Міхаіл з сынам (напэўна, ён быў братам Уладзіміра Пінскага, што ўпамінаецца ў 1220-ыя гады). Даніла і Васілька перачакалі бяду ў Мазовіі, пры двары князя Баляслава — старэйшага сына Конрада Мазавецкага. Валынскі летапіс апісаў іх сумны зварот. Адалелы Драгічын не адчыніў перад сваімі князямі браму, наваколле Берасця было напоўнена смуродам непахаваных трупаў. Уладзімір-Валынскі таксама ўяўляў груду гарэлага бярвення. Цудам захаваўся толькі пабудаваны незадоўга да таго Холм за Заходнім Бугам. У Галіцкай зямлі баяры захапілі ўладу ў нешматлікіх ацалелых гарадах, і Данілу давялося наводзіць парадак мячом.

Яраслаў Усеваладавіч яшчэ раней, у 1238 годзе, пачаў адраджаць разбураную вотчыну. Ён выдзеліў малодшым братам Святаславу і Івану ў кіраванне Суздаль і Старадуб, а сабе пакінуў стольны Уладзімір і заходнюю палову бацькоўскай вотчыны (Пераяслаў-Залескі, Цвер, Маскву — усе спаленыя). У Ноўгарадзе ён пасадзіў сына Аляксандра, які ў 1240 годзе ў дваццацігадовым узросце вызначыўся перамогай над шведамі на Няве, а праз два гады паспяхова правёў ваенныя дзеянні супраць Лівонскага ордэна, разбіўшы рыцараў на ледзе Чудскога возера.

Смаленская і Полацкая землі былі практычна не закрануты мангольскім нашэсцем. Але пра падзеі, што адбываліся ў іх, па-раненшаму амаль не згадваецца ў летапісах. Здаецца, у смаленску Усевалад Мсціславіч пратрымаўся вельмі нядоўга, пасля там княжыць яго малодшы брат Расціслаў. Невядома, ці захапіла мангольская хваля Пінск і Тураў, а таксама суседнія з разбураным Берасцем княствы Панямоння. Т. Нарбут, праўда, прыводзіць паданне аб тым, што адзін з мангольскіх атрадаў на чале з братам Бату Шэйбакам (Шэйбані?) зайшоў ажно на правы бераг Нёмана, захапіў Ноўгародак і Слонім, але пазней быў разбіты жамойцкім князем Эрдзівілам ва ўрочышчы Шэйбакполе пад Лідай, хоць перамога каштавала жыцця Эрдзівілу. Звестка выглядае вельмі праўдзіва, нават імёны дзеючых асоб гістарычныя, але не выключана, што яе ўдала сачыніў сам Нарбут. Спаленне ж манголамі Пінска вельмі верагодна, бо тамтэйшыя князі мусілі хавацца ў Мазовіі — напэўна, нездарма.