Выбрать главу

І ў Польшчы ў гэты час выразна адчуваецца прысутнасць літоўцаў. Іх разам з яцвягамі выкарыстоўвае Конрад Мазавецкі, які амаль адразу пасля адыходу манголаў узнавіў барацьбу з пляменнікам Баляславам Сарамлівым. Ужо ў 1243 годзе ён з дапамогай Данілы і Васілька Раманавічаў намагаўся перашкодзіць Баляславу ўладкавацца ў Кракаве, вакантным пасля смерці Генрыка Набожнага. У 1246 годзе пры ўдзеле літоўцаў Конрад перамог-такі свайго пляменніка, аднак не паспеў пакарыстацца як след вынікамі перамогі, бо праз год памёр. Яго княства дасталася тром сынам, з якіх старэйшы, Баляслаў, хутка таксама памёр, а Казімір і Зямовіт падзялілі між сабой Куявію і Мазовію.

Данілу Галіцкаму ў гэты час даводзілася не толькі адраджаць спустошанае княства, але і зноў адстойваць свае правы на Галіч у змаганні супраць Расціслава, сына Міхаіла Чарнігаўскага. Той знайшоў прытулак у караля Бэлы, які даў яму войска для адваявання Галіча. І вось у 1245 годзе, быццам і не прайшло ўсяго няпоўныя чатыры гады пасля заканчэння крывавага мангольскага пагрому, ацалелыя падчас яго венгры, галічане і валыняне зноў сыходзяцца, каб ліць кроў. Лёс спрыяе Данілу: з дапамогай усё таго ж Міндоўга ў жорсткай бітве пад горадам Яраславам (на захадзе Галіцкай зямлі) ён разграміў Расціслава, які зноў уцёк да венграў.

Аднак грозны Усход хутка нагадаў пра сябе. Чатыры гады, што мінулі пасля адыходу Бату-хана, былі толькі часовым перадыхам. За гэты тэрмін у далёкім Каракаруме вырашыліся ўсе справы: новым каганам абралі сына Угэдэя Гуюка, а Бату атрымаў пацвярджэнне на улус свайго бацькі Джучы. І вось ён зноў з'яўляецца ў палавецкіх стэпах — ужо не як захопнік, а як пан. Цяпер і зямля полаўцаў, і Русь — гэта яго вотчына, тут жыць яму і яго нашчадкам. І Бату пачынае скалачваць з рэшткаў разбітых дзяржаў новую, якая пазней атрымае назву Залатая Арда. (У XIII—XIV стагоддзях яна была больш вядомая як Улус Джучы ці проста Арда.) Яе сталіцу хан закладае на берагах Волгі, для будаўніцтва завозіць палонных майстроў з паловы свету. Са сваіх новых падданых — полаўцаў — ладзіць новае войска, такую ж жудасную машыну разбурэння, якую некалі зрабіў з манголаў яго дзед. Ад гэтага часу нашчадкі полаўцаў і волжскіх балгар будуць хадзіць карнымі набегамі на Русь, і менавіта іх пачнуць называць там словам "татары", якім раней называлі манголаў.

Адначасова Бату бярэ ў свае рукі і палітычную ўладу на Русі. Усе тры ўладары найбольш буйных княстваў: Яраслаў Уладзіміра-Суздальскі, Міхаіл Чарнігаўскі і Даніла Галіцкі — атрымалі грозныя загады ехаць на паклон да хана, прычым Яраславу давялося падарожнічаць ажно ў Каракарум, у стаўку Гуюк-хана. Адтуль ён ужо не вярнуўся — быў атручаны. Такі ж лёс спасціг і Міхаіла — за адмову выканаць паганскі рытуал яго пакаралі смерцю ў стаўцы Бату.Здавалася б, у Данілы было яшчэ менш шанцаў вярнуцца жывым. Бату- хан запатрабаваў у князя адмовіцца ад Галіча. Магчыма, ён збіраўся аддаць яго Міхаілу Чарнігаўскаму ці яго сыну Расціславу. Але выйшла наадварот — Міхаіл загінуў, а Даніла вярнуўся з ярлыком на Галіцкае і Уладзіміра- Валынскае княствы.

Чамусьці зусім знікаюць у гэты час звесткі пра Смаленск. Ён, як быццам, ледзь закрануты мангольскім нашэсцем, аднак у агульнарускіх справах на пэўны час перастае адыгрываць якую-небудзь ролю. Магчыма, гэта тлумачыцца тым, што яго сілы былі цалкам сканцэнтраваны на процідзеянні Літве, магчыма — ранняй смерцю ўсіх сыноў Мсціслава Раманавіча, пасля чаго ў Смаленскай зямлі проста не засталося дарослых князёў. Згасла, напэўна, і дынастыя ў Таропцы — у гэтым горадзе то спраўляе вяселле сын уладзіміра-суздальскага князя, то хаваюцца ад Аляксандра Неўскага літоўцы падчас свайго адыходу ад Таржка ў 1245 годзе.

У гэтых умовах захаванне ў сваіх руках Галіцка-Валынскага княства з'явілася выдатным палітычным поспехам Данілы Раманавіча. З братам Васількам у яго, здаецца, заўсёды было поўнае ўзаемаразуменне, і ўдвух яны ўладарылі ва ўсё больш мацнеючай дзяржаве. Адраджаліся разбураныя гарады, а Холм, які пазбег разбурэння, ператварыўся ў магутную крэпасць. Ваенная моц княства замацоўвалася дынастычнымі сувязямі. Яшчэ раней сястра Данілы і Васількі стала жонкай Святаполка Паморскага, сам Даніла ажаніўся другім шлюбам з пляменніцай Міндоўга, а Васілька быў жанаты з дачкой Юрыя Усеваладавіча Уладзіміра-Суздальскага. У гэты час Даніла выдае сваіх дачок Пераславу і Анастасію за Зямовіта, сына Конрада Мазавецкага, і за Андрэя Яраславіча Уладзіміра-Суздальскага, а ў 1250 годзе дамагаецца нарэшце даўно жаданага шлюбу свайго старэйшага сына Льва з дачкой венгерскага караля Бэлы IV. Ледзь не ўсе адметныя суседзі сталі яго сваякамі.