Выбрать главу

Не дасягнуўшы мэты адным ударам, Даніла накіраваў Таўцівіла ў Рыгу, каб падштурхнуць лівонцаў да больш актыўных дзеянняў.

Шчыры прыём, які аказалі крыжакі, таксама наводзіць на думку, што Міндоўг не дарэмна гневаўся на пляменніка — немцы "сожалишася по нем, ведаху бо — аще Тевтивил не бы изгнан, Литовская земля в руку бе их". Таўцівіл хрысціўся ў Рызе ў каталіцтва пад імем Готліба. Лівонскі магістр Андрэй Стукланд даў яму войска.

Міндоўг, зразумела, не заставаўся пасіўным гледачом. Ён прыкладаў усе намаганні, каб разладзіць кааліцыю: слаў паслоў і да Данілы, і да магістра, не шкадаваў грошай і абяцанняў. І тады магістр як сапраўдны палітык вырашыў здабыць частку, не рызыкуючы ўсім: у абмен за адмову ад падтрымкі Таўцівіла прапанаваў Міндоўгу таксама прыняць хрышчэнне. Такі крок пазбаўляў Літву ад пагрозы з боку крыжакоў, затое і Міндоўг павінен быў адмовіцца ад падтрымкі куршаў, земгалаў і жамойтаў.

Напэўна, Міндоўг знаходзіўся ў тым стане, калі асабліва выбіраць не прыходзілася. Таму пагадненне між ім і магістрам адбылося. Хрышчэнне, паводле позніх звестак, прайшло ў Кернаве. Таўцівіл вымушаны быў перабазіравацца ў Жамойць да Выкінта — свайго дзядзькі па маці. Праціўнікі абмяняліся ўдарамі: спачатку Таўцівіл з жамойтамі, маючы да таго ж валынскую дапамогу, уварваўся ў Літву, затым Міндоўг зрабіў безвыніковую аблогу сталіцы Выкінта — гарадзішча Тверымет (верагодна, пазнейшы замак Цверы ў цэнтры Жамойці). Летапіс паведамляе пра смерць падчас гэтай аблогі (прыкладна ў 1251 годзе) Высімота — напэўна, таго князя Вышымота Булевіча, пасля імені якога ў дагаворы 1219 года зроблена прыпіска: "Его же уби Миндого, то и жену его поял, й братью его побил — Едивила, Спрудеика". Такім чынам, нават змаганне са знешнімі ворагамі Міндоўг выкарыстоўваў для пазбаўлення ад магчымых канкурэнтаў у барацьбе за ўладу.

Між тым Даніла не супакойваўся. Разам з Таўцівілам ён зноў уварваўся ў Панямонне і "плениша всю землю Новгородскую", у тым ліку Горадна. Міндоўг запрасіў міру, але адначасова зрабіў новы палітычны ход: шматлікімі дарамі дамогся нейтралітэту Выкінта. Таўцівіл вымушаны быў зноў шукаць прытулку на Валыні.

Падкрэслім адзін момант: галіцка-валынскае войска ўжо другі раз праходзіць Ноўгародчыну, займае гарады, але гэта не мае ніякіх вынікаў, спрэчная тэрыторыя застаецца пад кантролем Міндоўга. Дадзеную акалічнасць не растлумачыць яго выключнымі дыпламатычнымі ці ваеннымі здольнасцямі. Наўрад ці такое магло б адбыцца, калі б насельніцтва Ноўгародчыны лічыла літоўцаў захопнікамі, а Данілу — вызваліцелем. Тут, напэўна, быў свядомы выбар на карысць Літвы, і сімвалічным увасабленнем яго стала задзірлівая каранацыя Міндоўга летам 1252 года каралеўскай каронай, што ён атрымаў ад папы ва ўзнагароду за хрышчэнне. Каранацыя адбылася ў тым самым Ноўгародку, які безвынікова аспрэчваў Даніла.

На наступны год (1253?) Даніла зноў пачаў масіраваны паход "на Литву, на Новгородок". Магчыма, ён-такі даціснуў бы Міндоўга, аднак зусім іншыя падзеі адцягнулі яго ўвагу і прымусілі пагадзіцца на кампраміс.

Што ж гэта за падзеі? Даніла ўцягнуўся ў вайну з яцвягамі, якую вёў яго зяць Зямовіт Мазавецкі. Напярэдадні трэцяга пахода на Ноўгародак ён удзельнічаў у вялікім паходзе на яцвягаў разам са старэйшым сынам Львом і Зямовітам. Выступленне было вельмі ўдалым. Дваццацітрохгадовы Леў праславіўся, асабіста забіўшы яцвяжскага князя Сцекінта. Яцвягі страцілі значную частку тэрыторыі. Даніла заклаў там новы горад Рай (пазней Райгруд). Аднак поспех патрабаваў далейшага замацавання — і ваеннага, і дыпламатычнага. На яцвяжскія землі прэтэндавалі таксама крыжакі, якія пасля хрышчэння Міндоўга ўзнавілі з падвоенай сілай націск на астатнія балцкія плямёны, а таксама брат Зямовіта Казімір Куяўскі. У 1254 годзе адбылося пагадненне паміж Тэўтонскім ордэнам, Зямовітам і Данілам аб падзеле сфер уплыву ў Яцвягіі. Аднак абдзеленым палічыў сябе Казімір, які, нягледзячы на бясконцыя сутычкі са Святаполкам Паморскім і аддаленасць сваіх уладанняў ад Яцвягіі, таксама імкнуўся набыць новыя землі. Ён захапіў Зямовіта ў палон разам з яго жонкай, дачкой Данілы, і выпусціў толькі ў наступным, 1255 годзе.

Адначасова Даніла ўвязаўся ў яшчэ адну авантуру. У 1252 годзе ён ажаніў свайго другога сына Рамана з Гертрудай Бабенберг — апошняй з роду аўстрыйскіх герцагаў. Фармальна гэта давала права на спадчыну Бабенбергаў, аднак да яе і без таго ўжо мелася шмат ахвотнікаў. Дарэчы, гэты шлюб маладзіцы Гертруды з'яўляўся ўжо трэцім па ліку, і ўсе тры былі звязаны з барацьбой за Аўстрыю. Фактычна ў той момант герцагства знаходзілася пад кантролем маладога чэшскага караля Пжэмысла Отакара — малодшага брата першага мужа Гертруды Уладзіслава. Даніла паслаў Рамана на берагі блакітнага Дуная, але той ледзь не падзяліў лёс двух першых мужоў сваёй жонкі. Яго невялікая дружына трапіла ў аблогу чэшскіх войск, і Даніла мусіў усё ў тым жа 1253 годзе ісці ў паход у Чэхію — вызваляць сына. Дарэчы, у гэтым паходзе давялося ўдзельнічаць і Таўцівілу. Паход скончыўся выратаваннем Рамана, шлюб якога быў скасаваны.