Усе гэтыя дзеянні Даніла прадпрымаў як суверэнны валадар. Аднак заставалася яшчэ трэцяя, галоўная акалічнасць — манголы. У 1252 годзе доўгая барацьба за тытул вялікага кагана нарэшце скончылася, і вельмі ўдала для Бату-хана: каганам замест яго тайнага ворага Гуюк-хана стаў Менгкэ — сын чацвёртага з сыноў Чынгісхана, Тулу. Менгкэ, як і Гуюк, калісьці разам з Бату-ханам удзельнічаў у заваяванні Русі, аднак адносіны між ім і Бату былі значна больш сяброўскімі. Цяпер уладар Улуса Джучы мог зноў шчыльна заняцца рускімі справамі.
А яны між тым значна разладзіліся. Мала таго, што Даніла Галіцкі пачаў адчуваць сябе залішне самастойным, дык і яго зяць Андрэй у сваім Залессі ўзняў галаву. Трэба было тэрмінова наводзіць парадак, дзеля чаго Бату-хан і выслаў сваіх палкаводцаў Няўруя і Курамсу.
Паход Няўруя на Уладзіміра-Суздальскую Русь меў поспех. Князь Андрэй Яраславіч не здолеў абараніць сваю самастойнасць — летам 1252 года татары разбілі яго дружыну ля Пераяслава і рассыпаліся па ўсім Залессі, пакідаючы ззаду смерць і разбурэнне, як і ў чорнай памяці зіму 1237/38 года. Андрэй праз Ноўгарад уцёк у Швецыю. Князем ва Уладзіміры-Залескім стаў старэйшы брат Андрэя — Аляксандр Неўскі, прыхільнік саюза з татарамі.
Даніла Галіцкі не мог не ведаць пра гэтыя падзеі, калі рыхтаваўся да сваіх паходаў у Чэхію, Яцвягію і Літву. Пра яго няўпэўненасць сведчыць і тое, што ён аднавіў зносіны з Інакенціем IV. Па дарозе на яцвягаў, у 1253 годзе, ён атрымаў у Драгічыне прысланую ад папы каралеўскую карону — такую ж, як і яго праціўнік Міндоўг, і практычна адначасова з ім (хоць Іпацьеўскі летапіс і дае іншыя даты, але пра храналогію гэтага летапісу я ўжо казаў). Каранацыя Данілы апрача ўзняцця палітычнага аўтарытэту мела на мэце збліжэнне з каталіцкай Еўропай у разліку на дапамогу супраць татар. Даніла даў папярэднюю згоду на унію каталіцкай і праваслаўнай цэркваў. Аднак ні яго абяцанне, ні абяцанне дапамогі з Захаду так і не былі выкананы, таму і акт каранацыі застаўся чыста фармальным.
Паход Курамсы адбыўся ў той час, калі Даніла ў трэці раз спустошыў Ноўгародскую зямлю. Аднак галіцкі князь, напэўна, ведаў, што рабіў: пакінуты ім заслон у горадзе Крамянцы на поўдні Валыні зрабіў сваю справу. Татары не здолелі ўзяць гэты горад "и возвратишася во страны своя". Тым не менш сітуацыя патрабавала канцэнтрацыі ўсіх сіл. Таму Даніла лёгка згадзіўся на тыя кампрамісныя ўмовы, якія прапанаваў яму старэйшы сын Міндоўга Войшалк, калі з'явіўся на перамовы: Міндоўг застаецца вярхоўным правіцелем Ноўгародскай зямлі, аднак уладаць ёй будзе на правах яго васала няўдалы шукальнік аўстрыйскага трона Раман Данілавіч. Мір быў замацаваны (каля 1254 года) шлюбам трэцяга Данілава сына, Шварна, з дачкой Міндоўга.
Летапіс называе ініцыятарам такога пагаднення Войшалка. Верагодна, самому Міндоўгу яно прыйшлося не надта да густу ці Войшалк на перамовах перавысіў свае паўнамоцтвы. Чамусьці ён пасля гэтага не вярнуўся да бацькі, а ахрысціўся і пастрыгся ў манахі. Магчыма, галіцкі князь пакінуў яго ў якасці заложніка, бо і Данілаў сын Раман пад вярхоўнай уладай Міндоўга ад заложніка не вельмі адрозніваўся. Але не выключана, што Войшалк пастрыгся добраахвотна, бо хрысціянства вельмі кранула яго ўражлівую душу — мы звычайна за кожным учынкам шукаем палітычную падаплёку, зусім не пакідаючы месца імпульсіўным парывам.
Так ці інакш, але пагадненне пачало выконвацца ободвума бакамі. У 1254 годзе Даніла зноў збіраецца на яцвягаў з братам Васількам і сынамі Львом і Шварнам. Ён звяртаецца да Рамана, і той прыходзіць з ноўгародскім палком, а разам з ім два рускія князі — Глеб, цесць Рамана, і Ізяслаў Свіслацкі. Гэты ж Глеб крыху пазней будзе знаходзіцца ў Ваўкавыску. З яго дачкой Раман ажаніўся пасля няўдалага шлюбу з Гертрудай. Цяжка сказаць, ці ў Ноўгародскай зямлі княжыў ён раней пад уладай Міндоўга, ці недзе паблізу. А ў Ваўкавыск трапіў, магчыма, дзякуючы свайму зяцю. Што ж датычыць Ізяслава Свіслацкага, то яго княства даследчыкі марна шукалі на нёманскай Свіслачы, але там няма слядоў старажытнарускага горада. Амаль несумненна, што яго ўладанне — старажытны горад Свіслач — знаходзілася пры ўпадзенні аднайменнай ракі ў Бярэзіну дняпроўскую. Удзел гэтага не надта слыннага князя ў паходзе на яцвягаў паказвае, што літоўска-валынскі ўплыў сягаў даволі далёка на ўсход.