Выбрать главу

Азначаны паход (у ім удзельнічалі таксама Зямовіт і атрад Баляслава Сарамлівага) замацаваў адыход часткі яцвяжскай тэрыторыі (будучае паўночнае Падляшша) пад уладу Валынскага княства.

Яцвягаў на чале з іх князем Юндзілам абклалі данінай. Напэўна, не засталіся пакрыўджанымі і мазаўшане — да іх адышла тэрыторыя на поўнач ад Нура, за горадам Візнай.

А затым настаў час яшчэ аднаго смелага прадпрыемства — паходу ў Кіеўскую зямлю, якая трапіла пад уплыў Галіцка-Валынскага княства, але пасля набегу Курамсы зноў адпала. Фактычна то быў паход супраць Арды, за кантроль над часткай яе тэрыторыі.

Гэтым разам Міндоўг паслаў на дапамогу не толькі Рамана з ноўгародцамі, але і літоўскі атрад на чале з князем Сірвідам Рушкавічам і ваяводам Хвалам. Апошняе паказальна: князі іншых дынастый ужо зведзены Міндоўгам да ўзроўню ваявод, вымушаных служыць яму гэтак жа, як служаць баяры накшталт Хвала. Дарэчы, імя апошняга сведчыць аб яго рускім паходжанні (напэўна, з баяр Ноўгародчыны), між тым ён — вядомы палкаводзец Міндоўга, які вадзіў літоўскія палкі на Русь ("иже велико убиство твореша земле Черниговской"). Крыху пазней мы ўбачым у Літве збеглага з Разані князя-ізгоя Астафія Канстанцінавіча — ён таксама стане служыць Міндоўгу ваяводам.

Між тым пакуль літоўска-ноўгародскае войска дабіралася да Кіеўшчыны, там ўсё было скончана: Даніла выбіў татарскіх намеснікаў (сярод іх выхадца з курска-северскай галіны чарнігаўскіх князёў Ізяслава Уладзіміравіча) з гарадоў па Паўднёвым Бугу і Цецераву. Паспеўшы да разбору шапак, літоўцы засталіся без ваеннай здабычы, дзеля якой, уласна кажучы, і пайшлі ў паход. На зваротным шляху, дачакаўшыся, пакуль Раман паедзе наведаць бацьку, яны кінуліся рабаваць ваколіцы Луцка: трэба меркаваць — каб кампенсаваць сваё спазненне. Так ледзь наладжаная літоўска-валынская згода імгненна ператварылася ў новую бойку. Валынцы хутка дагналі рабаўнікоў і адбілі палон, забіўшы ваяводу Хвала. Гэты інцыдэнт наўрад ці спрыяў паляпшэнню адносін. Ва ўсякім выпадку, наступны набег Курамсы (каля 1257 года) Даніла і Васілька адбіваюць самастойна — пра літоўскую дапамогу няма ўжо ні слова.

Праўда, няўдалы Курамса і гэтым разам нічога не дасягнуў. Разбіты галіцка-валынскім войскам, ён адкаціўся назад у стэпы. Перамогу Данілы і Васількі азмрочыў толькі нечаканы пажар іх лепшай крэпасці Холма, які згарэў "от окаянной бабы" — ад незагашанага своечасова нейкай гаспадыняй агню.

Для Міндоўга дзеянні Курамсы, безвыніковыя для татар, мелі куды больш важкія вынікі — яны адцягнулі ўвагу Данілы і прыпынілі на пэўны час разбуральную вайну за Панямонне. Маладая літоўска-ноўгародская дзяржава ацалела, хоць і не без вялікіх страт. Галоўнай з іх было вымушанае хрышчэнне Міндоўга. Праўда, гэты акт азначаў далёка не тое самае, што хрышчэнне прусаў і ліваў, ён не прывёў да страты дзяржаўнай незалежнасці Літвы. Аднак Міндоўг як хрысціянскі кароль не меў цяпер маральнага права дапамагаць суседнім паганскім плямёнам, землі якіх дагэтуль з'яўляліся буферам між ім і крыжакамі. Больш таго, яму давялося адмовіцца і ад сюзерэнітэту над Жамойцю і паўднёвай часткай Земгаліі, што ўжо былі ўвайшлі ў склад яго дзяржавы.

У крыжацкім архіве ў Кёнігсбергу захавалася некалькі пагадненняў паміж Міндоўгам і Тэўтонскім ордэнам, у якіх замацоўваецца адыход шэрагу жамойцкіх і земгальскіх валасцей пад уладу апошняга. Яшчэ больш дакументаў сфальсіфікавалі крыжакі, каб стварыць прэцэдэнт для пашырэння сваёй экспансіі. Адна з такіх грамат (калі і падробленая, то даволі праўдзіва) мае подпісы не толькі Міндоўга, але і набліжаных да яго асоб, што дазваляе нам хаця б часткова ўявіць стан літоўскай дынастыі. Пасля Міндоўга там названы муж яго сястры Лангвінус (напэўна, той самы Лугвень, які ўзначальваў адзін з літоўскіх набегаў на Драгічын), іншыя родзічы: князь Парбусе з якогасьці ўладання Нене (магчыма, скажоная форма назвы "Нярыс"—нейкай воласці на рацэ Віліі), Гердзень з Нальшан, Веге, Весягайла і малодшы Парбусе, а таксама чацвёра баяр ("баронаў") — Лігейка, Схабле, Біец і Буне. Характэрна, што на чале Нальшанскага княства ўжо стаіць родзіч Міндоўгаі Гердзень — верагодна, ён заступіў месца знікнуўшай тамтэйшай дынастыі. У познім радаводзе (XV стагоддзе), увогуле зусім неймаверным, ёсць звесткі пра Гердзеня, сына Давіла і стрыечнага брата Міндоўга. Некаторыя даследчыкі схіляюцца да таго, што Гердзень і сапраўды мог быць сынам князя Даўята (Даўяла) з дагавора 1219 года і блізкім родзічам Міндоўга (праўда, не стрыечным, а траюрадным яго братам). Праўдзівыя звесткі пра яго маглі захавацца таму, што ў Цверы, дзе афармляўся гэты радавод (пазней змешчаны ў Васкрасенскім летапісе), пэўны час быў епіскапам Андрэй — быццам бы ахрышчаны сын Гердзеня. Усе пералічаныя довады вельмі хісткія. Але Гердзень — постаць безумоўна гістарычная, мы яшчэ сустрэнем яго ў далейшых падзеях. Тое ж можна сказаць і пра Лугвеня, які згадваецца не толькі ў Іпацьеўскім летапісе, але і ў ордэнскай "Рыфмаванай хроніцы", дзе ён паўстае як адзін з буйнейшых уладароў Літвы, уладальцік дружыны ў 500 чалавек і двара з чэляддзю.