Выбрать главу

Між тым прусы, ад якіх адракліся і Святаполк Паморскі, і Міндоўг, працягвалі супрацьстаяць Тэўтонскаму ордэну. Галоуным ачагом іх супраціўлення на пачатку 1250-ых гадоў зрабілася Самбія — найбольш густанаселеная старажытная пруская тэрыторыя (заходняя частка сучаснай Калінінградскай вобласці). Зімой 1252/53 года самбійцы нанеслі крыжакам сур'ёзнае паражэнне. Адказам на яго быў маштабны крыжовы паход 1254 года, які ўзначаліў пераможца ў барацьбе з Раманам за спадчыну Бабенбергаў — малады чэшскі кароль Пжэмысл Отакар. На бок захопнікаў перайшоў адзін са знатнейшых прускіх арыстакратаў — Гедуне са старажытнага роду Кандэйм. Ён перадаў Отакару звесткі пра ваенныя сілы самбійцаў. За гэта кароль адправіў яму сцягі, вывесіўшы якія Гедуне мог захаваць уласныя маёнткі ў час уварвання крыжакоў. Але лёс пакараў здрадніка: пасланец са сцягамі спазніўся, і імклівае крыжацкае войска знішчыла двор Гедуне і ўсіх яго родзічаў.

Самбія мусіла скарыцца, на месцы яе крэпасці Тавангеце быў заснаваны магутны замак, у гонар чэшскага караля названы Кралеўцам (Крулеўцам, па-нямецку — Кёнігсбергам). Крыху раней, у 1253 годзе, на поўначы ад вусця Нёмана на землях племені ламатаў, якія "падараваў" тэўтонцам Міндоўг, узнік ордэнскі замак Мемельсберг (сучасная Клайпеда). Экспансія Ордэна з боку Прусіі сутыкнулася з сустрэчным рухам лівонцаў па Курляндыі, балтыйскі бераг амаль цалкам апынуўся пад уладай крыжакоў.

У 1255 годзе плямёны, што захавалі незалежнасць,—скалвы і надровы — разам з яцвягамі пайшлі ў Самбію з намерам пакараць арыстакратаў- адступнікаў і зноў узняць народ на барацьбу. Але крыжакі адбілі ўдар, уварваліся ў адказ у Натангію і разбурылі балцкі культавы цэнтр Ромува, які ў выніку быў перанесены на землі Жамойці, да вусця ракі Дубісы. У рэчышчы гэтых падзей знаходзіўся і падзел Яцвягіі на сферы ўплыву паміж Ордэнам, Мазовіяй і Валынню, і заснаванне валынскага апорнага пункта Рая на яцвяжскіх землях, пра якія размова ішла вышэй. Кола варожай аблогі з усіх бакоў набліжалася да межаў Літвы.

Тым часам і ў Ардзе адбыліся змены. У 1256 годзе памёр Бату-хан, якому было ўсяго 48 гадоў. Яго сын Сартак атрымаў у Каракаруме ярлык на бацькоўскі улус, але па дарозе з Манголіі нечакана памёр (магчыма, і тут не абышлося без атруты). Новым ханам стаў малодшы брат Бату — Берке. Ён энергічна ўзяўся за справу, пабудаваў для сябе новую сталіцу Сарай-Берке на Ніжняй Волзе і таксама пачаў наводзіць "парадак" на Русі. Арда пераходзіла да метадычнай эксплуатацыі заваяваных зямель. З мэтай устанаўлення пагалоўнага падатку па ўсёй Русі раз'ехаліся татарскія перапісчыкі.

На парадку дня стаяла аднаўленне татарскага кантролю над Галіцка- Валынскім княствам. Але Берке ўлічыў вопыт свайго брата. Ён накіраваў у паўночначарнаморскія стэпы замест Курамсы свайго лепшага палкаводца Бурундая з незлічоным войскам, якое значна перасягала ўсё, што мог супрацьпаставіць Даніла. Адначасова Бурундай меўся нанесці ўдар і па Літве Міндоўга.

Даніла апынуўся перад выбарам. На яго ішоў ужо не Курамса, якога ён ніколі не баяўся. Зараз трэба было ці скарыцца, ці змагацца насмерць, падстаўляючы пад татарскія шаблі ўсё насельніцтва сваёй дзяржавы. І Даніла вырашыў скарыцца. Аднак гэтага аказалася мала: Бурундай запатрабаваў, каб галіцкі князь разам з ім рушыў на Літву, а гэта значыць — і на ўласнага сына. Пасля аднаго цяжкага рашэння належала прыняць другое!

Даніла паспрабаваў ухіліцца, назваўся хворым і паслаў замест сябе брата Васільку. Але гэта нічога па сутнасці не мяняла: татарскі паход на Літву ўсё роўна адбыўся і ўсё роўна ў ім удзельнічала валынскае войска. Такім чынам, Міндоўг зноў ператвараўся ў ворага, але ўжо пры зусім іншым палітычным раскладзе. Наступныя падзеі паказалі таксама, што Раман ў Ноўгародку і сапраўды з'яўляўся заложнікам — адразу пасля выступлення Бурундая з Васількам ён быў схоплены літоўцамі і некуды знік. Адначасова і манах Войшалк вяртаецца да палітычнай дзейнасці, а разам з ім і былы саюзнік Таўцівіл парывае з Данілам — менавіта іх летапіс называе галоўнымі віноўнікамі паланення Рамана.