Выбрать главу

Між тым татары, можа, і адступіліся ад Літвы, але Галіцка-Валынскую Русь пакідаць у спакоі не збіраліся. Не прайшло і года, як усё той жа Бурундай зноў з'явіўся на мяжы з новым незлічоным войскам. Гэтым разам ён накіраваўся на землі яшчэ аднаго Данілава саюзніка, Баляслава Сарамлівага. І зноў галіцка-валынскія князі вымушаны ўдзельнічаць у паходзе, абрываючы ўсю сістэму сваіх былых палітычных сувязяў. Але перад тым іх чакала яшчэ горшае выпрабаванне — пад пагрозай вайны Бурундай загадаў знесці ўмацаванні іх гарадоў.

Гэта быў канец былой магутнасці Галіцка-Валынскага княства. Сваімі рукамі прыйшлося знішчаць тое, што самі ж і будавалі. Але выбар прадвызначыўся яшчэ годам раней, калі Даніла і Васілька першы раз не здолелі даць рады Бурундаю. Зараз жа, сказаўшы "а", даводзілася казаць і "б".

Услед за тым галіцка-валынскае войска далучылася да войска Бурундая, і яны сумесна спустошылі Сандамірскае княства. Горад Сандамір другі раз за васемнаццаць гадоў быў разбураны татарамі, зараз ужо пры ўдзеле рускіх князёў. "Велікапольская хроніка" прыпісвае ім ледзь не галоўную ролю ў падзеях. Быццам, калі аблога зацягнулася, Васілька Раманавіч і яго пляменнікі Данілавічы пачалі перамовы з гараджанамі, пераконваючы тых здацца. Але як толькі бяззбройныя жыхары Сандаміра выйшлі з брамы, "татары накінуліся на іх, як ваўкі на авечак, праліваючы велізарную колькасць крыві бязвінных людзей, так што патокі яе разліліся, сцякаючы ў Віслу, выклікалі яе паводку. І калі яны стаміліся ў сваёй лютасці, астатніх мужоў, як статак свіней, спіхнуўшы ў раку Віслу, патапілі. Маладых жа кабет, прыгожых дзяўчат і хлопцаў увялі з сабой у палон".

Пасля гэтых падзей палітычны прэстыж Галіцка-Валынскага княства быў падарваны канчаткова. Страціўшы гарадскія ўмацаванні, яно засталося безабаронным перад любым ворагам — бяспека яго залежала зараз ад Арды. Да таго ж двухразовы праход шматтысячнай татарскай конніцы ў абодва бакі праз усё княства прынёс ненамнога менш спусташэнняў, чым сапраўдная вайна. Працэс утварэння самастойнай дзяржавы на поўнач ад Карпат спыніўся.

Але з Літвой справы абстаялі інакш. Ні поспехі крыжакоў на берагах Балтыкі, ні грозны набег Бурундая не паменшылі яе жыццяздольнасці. Як сціснутая спружына, чакала яна аслаблення варожага напору, каб выпрастацца. І такі момант настаў у 1260 годзе, калі першая ж спроба тэўтонцаў прыступіць да заваявання Жамойці скончылася для іх катастрофай.

Гэта быў вялізны крыжовы паход, які ўзначальваў шведскі прынц Карл. Апрача рыцараў Тэўтонскага і Лівонскага ордэнаў у паходзе ўдзельнічалі добраахвотнікі з Даніі і Швецыі, а асноўную масу воінаў складалі мабілізаваныя прусы, куршы і эсты. Жамойцкае войска сустрэла іх яшчэ ў межах Курляндыі, ля возера Дурбе. Здарылася так, што ў пачатку бітвы пакрыўджаныя напярэдадні крыжакамі куршы перайшлі на бок жамойтаў, а эсты пакінулі поле бітвы. Жорсткі бой цягнуўся некалькі гадзін і скончыўся поўным паражэннем крыжакоў: загінулі прынц Карл, лівонскі магістр Горнхаўзен, маршалак Тэўтонскага ордэна Боцель, да канца верныя новым гаспадарам прускія князі Матха Памезанскі і Склода Самбійскі, 150 братоў-рыцараў (столькі абодва ордэны дагэтуль не гублялі ніколі).

Вестка пра паражэнне "жалезнабрухіх" крыжакоў абляцела прускія землі. Як іскра, трапіла яна ў грымучую сумесь незадавальнення скораных народаў. У жніўні 1260 года, праз некалькі тыдняў пасля бітвы пры Дурбе, на землях Прусіі ўжо палыхала магутнае паўстанне. У Натангіі яго ўзначаліў прускі арыстакрат Геркус Мантас, у Варміі — Гланне, у Бартыі — Дыване па мянушцы Мядзведзь. Гнеў паўстанцаў быў накіраваны не толькі супраць крыжакоў, але і супраць той часткі арыстакратаў, што верна ім служыла.

Міндоўг толькі таго і чакаў. Ён адразу забыўся на сваё хрышчэнне, на пагадненні з крыжакамі і накіраваў войска на дапамогу паўстанцам. У Жамойці з'явіўся яго намеснік, малады князь Транята, якога крыніцы называюць сынам сястры Міндоўга, напэўна, бацькам быў Лугвень. Сам Міндоўг узнавіў набегі на навакольныя землі. У тым жа годзе яго войска спустошыла Мазовію, захапіўшы нават яе сталіцу Плоцк.

У адказ крыжакі разам з Зямовітам Мазавецкім зімой 1260/61 года арганізавалі карны паход у Літву. Аднак і ён скончыўся іх паражэннем і ўцёкамі. Акрылены Міндоўг, напэўна, пачаў ужо марыць аб тым, каб увогуле скінуць рыцараў у мора. Ён актывізуе дыпламатычную дзейнасць, завязвае зносіны з Аляксандрам Неўскім, Таўцівілам, сынам Данілы Галіцкага Шварнам. У 1261 годзе магутная кааліцыя ў складзе Траняты, сыноў Аляксандра Неўскага, Таўцівіла Полацкага і віцебскага князя Канстанціна (зяця Аляксандра) рушыла ў Лівонію. Аднак з-за несуладнасці дзеянняў літоўскіх і рускіх палкоў выступленне не прывяло да мяркуемых вынікаў.