Выбрать главу

У наступным 1262 годзе Міндоўг нанёс магутны ўдар па Мазовіі, помсцячы за ўдзел Зямовіта ў крыжовым паходзе. Мазавецкае войска было разбіта, а сам Зямовіт разам са старэйшым сынам Конрадам трапіў у палон. Далей адбылася драматычная падзея. Разам з Міндоўгам у паходзе ўдзельнічаў Шварн. "Велікапольская хроніка" паведамляе, што менавіта ён засек свайго палоннага швагра Зямовіта (праўда, паводле іншых звестак, гэта зрабіў нехта з прыбліжаных мазавецкага князя). Сын апошняга, Конрад, унук Данілы Галіцкага, быў адвезены ў Літву і пазней адпушчаны за выкуп.

Міндоўг дасягнуў, бадай, вяршыні сваёй магутнасці. Яму ішоў ужо сёмы дзесятак, але гады не сагнулі яго магутную постаць. І не на ложку чакала яго смерць. Валынскі летапісец так характарызуе яго ў апошнія гады панавання: "Миндовг самодержечь бысть во всеи земли Литовскои. Бысть князящю ему в земли Литовском и нача избивати братью свои и сыновци свою (пляменнікаў.—В. Н.), а другие выгна из земли, и нача княжити один во всеи земле Литовскои, и нача гордети велми, и вознесеся славою и гордостью великою, и не терпяше противу себе никого же". Зразумела, такое самаўладдзе не магло задаволіць іншых князёў і баяр, якія яшчэ добра памяталі часы, калі Даўгерд і Жывінбуд былі толькі першымі сярод роўных. Таму вакол Міндоўга плялася змова. Новае пакаленне князёў рыхтавалася выйсці на пярэдні план.

ПАКАЛЕННЕ ДРУГОЕ: ВОЙШАЛК І ТРАЙДЗЕН (1260-ыя - 1280-ыя гады)

Міндоўг быў забіты ў той час, калі выправіў сваё войска ў далёкі паход на бранскага князя Рамана Міхайлавіча (сына Міхаіла Чарнігаўскага), які менавіта тады гуляў вяселле сваёй дачкі Вольгі з сынам Васількі Раманавіча Валынскага Уладзімірам. Напэўна, гэтае палітычнае збліжэнне былых ворагаў, валынскіх і чарнігаўскіх князёў, і прымусіла ўладара Літвы ўмяшацца. Аднак адыход войска спрыяў галоўным змоўшчыкам — Траняце Жамойцкаму і Таўцівілу Полацкаму, якія, верагодна, раптам вярнуліся з паўдарогі і здзейснілі свой намер. Разам з Міндоўгам загінулі і двое яго малодшых сыноў, Рэпік і Рукля.

Увогуле розныя крыніцы акрэсліваюць даволі шырокае кола змоўшчыкаў. Сярод іх называюцца і ваявода Астафій Канстанцінавіч, і нальшанскія князі Гердзень і Даўмонт; апошняга лічаць непасрэдным забойцам. Вырашальным штуршком да забойства быццам бы паслужыла тое, што Міндоўг пасля смерці сваёй жонкі пажадаў ажаніцца з яе сястрой, якая ўжо была замужам за Даўмонтам, і гвалтоўна адабраў жанчыну ў нальшанскага князя. Аднак калі гэта і было так, то ўчынак Міндоўга з'явіўся толькі апошняй кропляй, што перапоўніла чашу цярпення літоўскай знаці. Ва ўсякім выпадку, пра пагаршэнне адносін паміж Міндоўгам і Транятам крыжацкая "Рыфмаваная хроніка" паведамляе ўжо ў 1261 годзе. Так ці інакш, але грозны правіцель сышоў са сцэны — прыкладна ў 1263 ці 1264 годзе.

Амаль адначасова з ім смерць спасцігла яшчэ двух вельмі яркіх дзеячаў: Аляксандра Неўскага і Данілу Галіцкага. Смерць Данілы Валынскі летапіс датуе 1264 годам, "Велікапольская хроніка" — 1266-ым. Саракачатырохгадовы Аляксандр па ўзросту быў равеснікам сыноў Міндоўга і Данілы, але і ён цяжка захварэў у час вяртання з Арды і дадому не даехаў. Існуе меркаванне, што перад ад'ездам ён атрымаў у стаўцы хана Берке атруту (хаця смерць магла наступіць і натуральным чынам).

Далей нашымі асноўнымі дзеючымі асобамі будуць сыны і пляменнікі Міндоўга і Данілы, а ў Паўночна-Усходняй Русі — малодшыя браты Аляксандра. У Літве ж найбольш адметнай постаццю хутка стане князь Трайдзен, які пры жыцці Міндоўга заставаўся недзе зусім на заднім плане. Такім чынам, надышоў час тых, хто нарадзіўся прыкладна ў 1220-ыя гады і належаў да новага пакалення.

Але давайце яшчэ раз акінем вокам нашу сцэну, каб лепш усвядоміць тыя змены, што адбыліся на ёй за мінулае трыццацігоддзе. У большасці сваёй змены гэтыя — не ў лепшы бок. Нават у прыродзе, здавался б, усё такой жа магутнай і шчодрай, нешта быццам сапсавалася. Пачынаецца павольны пераход ад даволі цёплай і сухой кліматычнай фазы, якая панавала некалькі папярэдніх стагоддзяў, да больш халоднай і вільготнай. Аднак гэтыя змены стануць прыкметнымі праз пэўны час. Іншыя ж адразу кідаюцца ў вочы. Асабліва датычыць тое тэрыторыі ўрадлівых лесастэпаў, што была некалі сэрцам Рускай дзяржавы, славілася багатымі паселішчамі і тлустымі пашамі. Зараз толькі кудлатыя татарскія коні пасуцца на тых пашах, большасць жа сёлаў і нават гарадоў уяўляе сабой зарослыя травой пажарышчы. Людзі не сталі адраджаць гэты край, так небяспечна адкрыты на поўдзень, падаліся ў лясныя гушчары, дзе ёсць хоць нейкі паратунак ад уварванняў татар.