Некалі вялікія гарады — Кіеў, Пераяслаў, Чарнігаў — пасля разгрому прыйшлі ў заняпад. Ледзь цепліцца там жыццё пад наглядам татарскіх намеснікаў-баскакаў. І былой дзяржавы ўжо фактычна няма — яна ператварылася ў некалькі слаба звязаных між сабой ардынскіх правінцый. Нават мацнейшыя з іх: Уладзіміра-Суз-дальская, Наўгародская, Галіцка- Валынская землі — не здолелі захаваць незалежнасць, схіліліся перад неадольным ветрам з усходу.
Але і з захаду дзьмуць на балтыйскія пясчаныя косы не менш жорсткія вятры, што напінаюць ветразі нямецкіх караблёў. На іх плывуць сюды новыя ўдзельнікі крыжовых паходаў, новыя ахвотнікі ўліцца ў драпежнае тэўтонскае брацтва. І тут бачым мы гарэлыя бярвенні прускіх умацаванняў, а таксама і разбураныя ордэнскія замкі і двары ахрышчанай знаці — у Прусіі зноў кіпіць вайна.
Бадай што, Польшчы пашанцавала больш. Хоць і тут паўсюдна сляды свежых разбурэнняў (у Сандамірскай зямлі — татарскіх, у Мазовіі і Куявіі — прускіх і літоўскіх), але да такога відовішча не прывыкаць было жыхарам сярэднявечча. У адрозненне ад Русі палітычная сістэма ў гэтай заходнеславянскай краіне ацалела, некаторыя змены хоць і адбываюцца, але носяць больш мірны характар. Працягвае нарастаць культурны ўплыў Германіі. Упершыню будуюцца гонкія гатычныя касцёлы, якія хутка выцесняць ранейшыя, больш масіўныя — раманскага стылю. Рынкі запаўняе новая манета з чэшскіх сярэбраных руднікоў — пражскі грош, што пачалі адбіваць з 1276 года. Хутка ён распаўсюдзіцца і ў Літве, і ў Заходняй Русі замест былых срэбраных зліткаў-грыўняў.
Яшчэ адна характэрная рыса новага, занесеная з захаду,— мураваныя ўмацаванні, практыка ўзвядзення якіх пачынае распаўсюджвацца і праз Сілезію, і праз ордэнскія тэрыторыі, дзе будаваць каменныя замкі сталі адразу пасля з'яўлення крыжакоў. Ні на польскіх, ні на рускіх землях раней такіх умацаванняў не ставілі, хоць здаўна ўмелі класці выдатныя мураваныя цэрквы. Крапасныя сцены і вежы традыцыйна былі драўлянымі.
Праўда, і зараз старая тэхналогія пераважае. Але ў ёй з'явілася новая дэталь: у атачэнні сцен з бярвення пачалі будаваць мураваныя вежы ("стаўпы"). У 1257 годзе такая вежа ўпамінаецца ў буйнейшым сілезскім горадзе Вроцлаве, пазней яны ўзнікаюць і ў іншых гарадах Сілезіі, а адтуль гэтая традыцыя перакачоўвае на Валынь і ў Панямонне. Дакладныя даты з'яўлення новых умацаванняў у крыніцах прыводзяцца рэдка. Напэўна, мураваныя вежы ўзніклі на Валыні пасля таго, як старыя ўмацаванні гарадоў былі разабраны па загаду Бурундая.
Мураваныя вежы ўзвышаліся над драўлянымі сценамі Холма, Чартарыйска, Стоўп'я. У 1276 годзе Уладзімір Васількавіч заснаваў на паўночнай мяжы сваіх уладанняў, у Берасцейскай зямлі, горад Камянец, дзе злажылі такое ж умацаванне. Яно захавалася да нашых дзён і зараз вядома як славутая "Белая вежа". Такія ж былі і ў Берасці, Ноўгародку, Горадне, Пінску. Іншы раз іх ставілі ўнутры гарадскіх сцен, а часам — звонку, як у Горадне, дзе паводле летапіснага паведамлення 1277 года "каменны стоўп" прыкрываў падыход да гарадской брамы.
Існуе гіпотэза, што пры Міндоўгу ці яго пераемніках такая ж вежа ўзнялася і ў Вільне (сподняя частка вежы на плошчы Гедымінаса). Даказаць гэта цяжка, як цяжка і абвергнуць. Усё ж больш верагодным здаецца, што ў літоўскіх землях такія ўмацаванні з'явіліся пазней.
Як ні дзіўна, але найменш знешніх змен мы ўбачым там, дзе адбываюцца найболей значныя падзеі, дзе ідзе працэс стварэння Літоўскай дзяржавы. У літоўскіх пушчах пакуль што не з'явіліся сапраўдныя гарады (хаця мясцовыя археолагі лічаць гарадскім цэнтрам XIII стагоддзя Вільна), а выгляд вёсак і ўмацаваных баярскіх двароў застаецца ўсё тым жа. І сумежныя рускія княствы працягваюць жыць па-ранейшаму — з'яўленне літоўскіх князёў у Панямонні і Полацку мала што змяніла. Татарскі ўплыў сюды, дзякуй Богу, не дайшоў, а літоўскі адчуваўся і раней. Хіба што знікненне агульнарускага гандлю вымушае купцоў усё больш паглядаць у нямецкі бок, але і гэты працэс пачаўся значна раней, калі яшчэ ў 1204 годзе крыжакі замест Палесціны заваявалі Візантыю — духоўную метраполію Русі, ператварыўшы яе ў "Лацінскую імперыю".
Хто ж будзе дзейнічаць на ўсіх гэтых абшарах у разглядаемы час? У Галіцка-Валынскім княстве пасля смерці Данілы старэйшым князем застаўся яго брат Васілька з адзіным сынам Уладзімірам — тым самым, чыё вяселле ў Бранску імкнуўся папсаваць Міндоўг. У Данілы пасля смерці Рамана заставалася трое сыноў: Леў, Шварн — зяць Міндоўга і Мсціслаў. Пасля смерці Данілы адбылося пераразмеркаванне ўладанняў: Васілька да сваіх Берасця і Кобрына ўзяў Уладзімір-Валынскі, а свой Луцк аддаў Мсціславу Данілавічу. Леў і Шварн падзялілі астатнюю частку бацькоўскіх уладанняў, прычым Галіч з Холмам і Белзам дастаўся Шварну, а Леў атрымаў толькі Перамышль і Львоў, які бацька заснаваў у яго гонар.