Выбрать главу

Новым цэнтрам Чарнігаўскай зямлі зрабіўся надзейна схаваны ў лясах Бранск. Менавіта там пачаў княжыць сын Міхаіла Чарнігаўскага Раман з сынамі Міхаілам і Алегам. Пра астатніх чарнігаўскіх князёў амаль нічога не вядома. Ёсць звесткі, што малодшыя сыны Міхаіла Чарнігаўскага атрымалі ўдзелы ў Глухаве і аддаленых гарадах былой зямлі вяцічаў — Казельску і Тарусе. Пазней там, у вярхоўях Акі, утворацца самастойныя княствы. З курскай галіны ў гэты час вядомыя князі Алег Рыльскі і Святаслаў Ліпецкі з братам Аляксандрам.

У Тураўскай зямлі працягваюць існаваць тры дробныя дынастыі: тураўская, пінская і, напэўна, дубровіцка-сцяпаньская. Тураўскіх князёў летапіс згадвае толькі раз у 1274 годзе, не называючы іх імёнаў. Пінскія князі ў палітычных падзеях адыгрывалі больш істотную ролю. Гэта былі Фёдар, Дзямід і Юрый Уладзіміравічы — напэўна, малодшыя браты таго Расціслава Уладзіміравіча, што ў 1240 годзе хаваўся ад татар, і пляменнікі пінскага князя 1240-ых гадоў Міхаіла. З апошняй галіны вядома толькі пра Івана Глебавіча Сцяпаньскага, які памёр у 1292 годзе адначасова з Юрыем Пінскім.

Пра тэрыторыю далей на поўнач — практычна поўнае маўчанне крыніц. Мясцовыя дынастыі ў гарадах Панямоння, калі яны і існавалі дагэтуль, цяпер абрываюцца канчаткова. Апошні іх прадстаўнік — Васілька Слонімскі ў канцы разглядаемага перыяду выступае як служылы князь Уладзіміра Васількавіча Валынскага. Можна меркаваць, што па-ранейшаму ёсць князі ў Друцку і Свіслачы. Праўда, уласны радавод князёў Друцкіх, які быў складзены не раней канца XV стагоддзя, чамусьці лічыць родапачынальнікам невядомага па іншых крыніцах Рамана, быццам бы сына Аляксандра Белзскага, аднак захаванне мясцовай дынастыі Рагвалодавічаў уяўляецца больш верагодным. Пра іншыя гарады: Слуцк, Клецк, Менск, Заслаўе, Лагойск, Лукомль — можна толькі гадаць.

Полацка-віцебская дынастыя, напэўна, таксама згасла, бо інакш цяжка растлумачыць паслядоўнае панаванне ў Полацку літоўскіх князёў. Праўда, яшчэ ў адной грамаце часоў Войшалка ўпамянуты і полацкі князь Ізяслаў (магчыма, які раней правіў у Свіслачы, але ў тых умовах яго паходжанне магло быць самым нечаканым). Што ж датычыць зяця Аляксандра Неўскага — Канстанціна, які ў 1262 годзе быццам бы з'яўляўся віцебскім князем, часова займаў полацкі пасад у 1264-ым, а ў 1280-ыя гады, магчыма, выступаў як полацкі князь Канстанцін Бязрукі ў "Настаўленні" цвярскога епіскапа Сямёна, то пра яго паходжанне таксама выказваліся розныя думкі. Яго лічылі і сынам смаленскага князя Расціслава Мсціславіча, і нават ахрышчаным сынам Таўцівіла, і нашчадкам мясцовых віцебскіх князёў. Выбраць упэўнена якую-небудзь з гэтых версій немагчыма з-за недахопу звестак.

Смаленскія князі на старонкі летапісаў у гэты час таксама трапляюць нс вельмі часта. У 1267 годзе згадваецца Канстанцін (ці не той самы зяць Аляксандра Неўскага?), у 1270—1277 гадах у Смаленску пануе Глеб Расціславіч, у 1277—1279 гадах — Міхаіл (ці то брат Глеба, ці то сын Канстаціна). Мажайскім удзелам валодае Фёдар Расціславіч Чорны, які ў 1280 годзе займае Смаленск, але пляменнікі (сыны памёршага ў 1277 годзе Глеба) хутка выганяюць яго адтуль. Існуе ўдзел і ў Вязьме, ім валодае невядомы з імя і паходжання князь (бацька пазнейшага Андрэя Вяземскага — Дарагабужскага).

Вялікае княжанне Уладзімірскае пасля смерці Аляксандра Неўскага паслядоўна займаюць яго браты: Яраслаў Цвярскі і Васіль Кастрамскі. Паездкі ў Арду не спрыяюць іх даўгалеццю, і ўжо с канца 1270-ых гадоў вяршэнства пераходзіць да маладых сыноў Аляксандра: Дзмітрыя, Андрэя і Данілы (старэйшы сын Васіль, былы князь Наўгародскі, памёр зусім маладым у 1271 годзе). Яшчэ адзін брат Аляксандра — няўдалы вялікі князь Андрэй памёр амаль адразу пасля Аляксандра ў 1264 годзе. Ён пакінуў непаўналетніх сыноў, да якіх перайшоў яго Суздальскі ўдзел. Ва Уладзіміра- Суздальскай зямлі ўтварыліся і іншыя дынастыі (растоўская, белазёрская, яраслаўская, старадубская), якія, аднак, на ход падзей, што нас цікавяць, практычна не будуць уплываць.

Гэты працэс здрабнення княжацкіх вотчын працаваў не на карысць Русі. Парадзелае насельніцтва, разбураныя гандлёвыя сувязі ўжо не патрабавалі развіцця самастойнай мясцовай улады. Наадварот, палітычныя ўмовы вымагалі моцнага адзінага кіраўніцтва, якое б наладзіла супрацьдзеянне захопнікам. Аднак не было каму спыніць драбленне абезгалоўленай дзяржавы, і гэты працэс працягваўся стыхійна, па інерцыі, прычым татарскія ханы актыўна яго падтрымлівалі.