Выбрать главу

І ў Літве ўлада, створаная Міндоўгам, з'яўлялася вярхоўнай, але не зусім аднаасобнай. Хоць валадар і пазбавіўся ад многіх сваіх родзічаў і прадстаўнікоў іншых дынастый, але ж нямала іх яшчэ і заставалася. Ацалеў пляменнік Таўцівіл, што княжыў у суседнім Полацку. Жамойць належала Траняце, які пасля ажыццяўлення змовы заняў і пасаду вялікага князя. Прынамсі, адно з ранейшых малых княжанняў — Нальшанская зямля — таксама захавалася як паўсамастойнае ўтварэнне. Сярод яе ўладальнікаў вядомыя Гердзень і Даўмонт, роднасныя адносіны якіх вызначыць цяжка. У адной з крыніц жонка Гердзеня называецца цёткай Даўмонта. Магчыма, тэрмін ужыты ў тым сэнсе, як і зараз пляменнік часам называе жонку свайго дзядзькі "цёцяй". У такім выпадку можна было б лічыць Даўмонта — сынам брата Гердзеня, што тлумачыла б іх сумеснае валоданне Нальшанамі. Магчыма, аднак, і іншае тлумачэнне: абодва яны ўладкаваліся там як нашчадкі згаслай мясцовай дынастыі па жаночай лініі ("па кудзелі").

Сярод іншых дынастый магчыма існаванне кагосьці са шматлікіх Рушкавічаў. Да якойсьці асобнай генеалагічнай лініі належаў і будучы вялікі князь Трайдзен з чатырма братамі, трое з якіх на працягу 1260-ых гадоў загінулі ў войнах з валынскім князем Васількам. Іпацьеўскі летапіс называе іх імёны: Борза, Лесій, Свелкеній і Сірпуцій. Пра магчымае паходжанне гэтага роду размова пойдзе ніжэй.

Для Русі дадзены перыяд быў ледзь не самым змрочным за ўсю яе гісторыю. Ваеннае супраціўленне татарам зломлена (апошняй спробай з'явілася паўстанне ў Суздалі і іншых залескіх гарадах у 1262 годзе), каб на працягу амаль двух пакаленняў больш не ўзнаўляцца. Той жах, які вёў татарскіх воінаў да перамог, зараз разліўся па заваяваных імі землях, паралізуючы волю скораных народаў. Усе найбольш мужныя і гордыя ўзняліся першымі і загінулі ці зніклі назаўсёды ў натоўпах палонных, якія праглынула стэпавая бясконцасць. Водгукі гэтай страшэннай негатыўнай селекцыі яшчэ доўга будуць праяўляцца ў рускай гісторыі. Гарады і вёскі прыціснуў цяжкі падаткавы прэс, які абмяжоўваўся толькі клопатам татарскіх ханаў аб тым, каб увогуле не высмактаць апошнія сокі з новых даннікаў, не пазбавіцца такім чынам крыніцы абагачэння.

Нават ацалелыя гарады і храмы прыходзілі ў заняпад. Сіл ставала толькі на тое, каб забяспечыць своечасовую ўплату даніны, не давесці да новага карнага пагрому. Зніклі школы дойлідаў і багамазаў, у большасці княстваў абарвалася летапісанне. Летапісы ў гэты час вяліся толькі ў Ноўгарадзе і Пскове, дзе-нідзе ў Залескай Русі ды на Валыні (але і Валынскі летапіс — адна з асноўных "нашых крыніц —абарвецца ў 1292 годзе).

Залатая Арда, як вялізны клешч, прысмакталася да захопленых земляў. У ёй да 1266 года пануе хан Берке, а пасля яго смерці — Менгу- Цімур, які быў ці то малодшым братам, ці то пляменнікам Берке. Пры ім пачала ўзыходзіць зорка цемніка Нагая, які, магчыма, не належаў да нашчадкаў Джучы, але энергіяй і здольнасцямі перасягаў іх. Ён атрымаў у намесніцтва прычарнаморскія стэпы між Дунаем і Дняпром і змяніў Бурундая на пасадзе "куратара" паўднёварускіх спраў. Магутнасць яго параўноўвалася з магутнасцю хана. Нагай самастойна наладзіў знешнепалітычныя зносіны з адноўленай у 1260 годзе Візантыйскай імперыяй, умешваўся ў заходнееўрапейскія справы. Яго блізкая стаўка была для Русі куды больш небяспечнай, чым далёкая ханская рэзідэнцыя Сарай- Берке.

Але давайце вернемся ў Літву, якую мы пакінулі ў момант забойства Міндоўга. Адразу ж пасля перавароту адносіны паміж галоўнымі змоўшчыкамі абвастрыліся. Транята і Таўцівіл не давяралі адзін аднаму, абодва імкнуліся да аднаасобнай улады. Таўцівіл, аднак, не карыстаўся чамусьці і поўнай падтрымкай полацкага баярства. Адзін з яго набліжаных падчас перамоваў з Транятам выдаў апошняму намеры Таўцівіла. У выніку полацкі князь быў забіты (у 1264 годзе), а затым Транята патрабаваў ад палачан прыняць князем яго стаўленіка і выдаць юнага сына Таўцівіла, які заставаўся ў Полацку. Першую ўмову палачане выканалі, другую — не. Яны дазволілі сыну Таўцівіла збегчы ў Ноўгарад. Далейшы яго лёс невядомы. У Полацку ж на вельмі кароткі тэрмін з'явіўся князь Канстанцін (напэўна, той, што раней княжыў у Віцебску). У тым жа 1264 годзе яго змяняе Гердзень.

Між тым старэйшы сын Міндоўга Войшалк пасля забойства бацькі ўцёк у Пінск (напэўна, з Лаўрышаўскага манастыра). Аднак гэты ціхмяны манах яшчэ раз праяўляе сябе актыўным палітыкам. Нечакана Транята гіне на ўласным двары па дарозе ў лазню ад рук сваіх слуг. У святле наступных падзей можна меркаваць, што без Войшалка тут не абышлося. Пінскія князі даюць яму дружыну, і з ёю Войшалк уваходзіць у Ноўгародак і абвяшчае сябе яго князем. Ён звяртаецца па дапамогу да галіцка-валынскіх князёў і атрымлівае яе ад свайго швагра Шварна Данілавіча. Даволі хутка яму ўдаецца ўладкавацца і ў астатніх бацькоўскіх уладаннях.