Выбрать главу

Васілька і Шварн з братамі актыўна падтрымалі Войшалка, праруская арыентацыя якога не выклікае сумненняў. Магчыма, яго рукамі яны намерваліся правесці хрышчэнне Літвы. Ва ўсякім выпадку, з'явіўся вельмі зручны момант для распаўсюджання валынскага ўплыву не толькі на Ноўгародскую зямлю, але і далей на поўнач, на ўласна літоўскія землі.

Цяжка сказаць, наколькі самастойна дзейнічаў Войшалк і ці не з'яўляўся ён палітычнай марыянеткай. Прынамсі, увесь час яго панавання ў Літве побач з ім стаіць постаць Шварна Данілавіча. З яго дапамогай Войшалк пачынае помсціць прыхільнікам змовы, што аб'ектыўна выліваецца ў знішчэнне рэшткаў былых паўсамастойных княстваў. Галіцка-ноўгародскае войска ўрываецца ў Дзевалтву і Нальшаны, знішчае замкі тамтэйшых арыстакратаў. Даўмонт уцякае ў Пскоў, дзе гараджане прымаюць яго на княжанне. Там яму пад хрысціянскім імем Цімафей давядзецца княжыць вельмі доўга, аж да сваёй смерці ў 1299 годзе.

Што ж датычыць Гердзеня, то ён быццам бы перайшоў на бок Войшалка, бо пэўны час застаецца князем Полацка і Нальшан. Яго імем падпісана пагадненне Полацка з Рыгай у 1264 годзе, а праз два гады Даўмонт з Пскова змагаецца з ім за сваю вотчыну ў Нальшанскай зямлі. У гэтай барацьбе Гердзень, відаць, гіне, і ў 1267 годзе мы сустракаем у новым пагадненні з Рыгай ужо імя Ізяслава Полацкага — сатэліта Войшалка і Шварна. (У гэтай грамаце, напісанай ад імя Ізяслава, ёсць загадкавая фраза: "а Изяслав со мной одно", якая быццам бы сведчыць пра існаванне яшчэ аднаго Ізяслава. Не выключана, аднак, што гэтая фраза ўстаўлена ад імя Войшалка, які ўпамінаецца ў тэксце вышэй як "Моишелг". Двухсэнсоўнасць з'явілася вынікам памылкі пісара.) Даўмонт жа так і не здолеў вярнуць сабе ўладу ў Нальшанах.

Такім чынам, усобіца ў Літоўскай дзяржаве была ліквідавана. Літва выйшла з яе нават больш адзінай, чым раней, але за кошт падпарадкавання Галіцка-Валынскаму княству. Войшалк прызнаў сябе васалам Васількі Раманавіча ("нарекл бо бяшет Василька отца собе и господина"). Сумесна са Шварнам ён удзельнічаў у паходзе на Баляслава Мазавецкага, які, верагодна, быў выкліканы канфліктам з-за захопленых раней яцвяжскіх тэрыторый. Ва ўсякім разе, рэакцыя Баляслава паказвае, што галоўную ролю ў паходзе адыгрываў менавіта Шварн — ён атрымаў ад паляка папрок: "Я на Литву не жалую, оже мя воевали немирникъ мои, а воевал мя тако и гораздо (яшчэ мацней.—В. Н.), то на тя жалую". Малады мазавецкі князь (нагадаю — сын Зямовіта, загінуўшага раней падчас такога ж сумеснага паходу Міндоўга і Шварна) у адказ спустошыў галіцкія ўладанні Шварна. Пазней нарэшце між імі было дасягнута замірэнне.

Хутка пасля гэтых падзей Войшалк раптам зноў згубіў цікавасць да палітычных спраў і пажадаў аднавіць сваё манаства — ці то ў выніку нейкіх палітычных інтрыг, ці то сапраўды з мэтай пакаяння за пралітую кроў. Ад улады над Літвой ён адмовіўся на карысць Шварна, жанатага з яго сястрой, а сам пайшоў ва Угроўскі манастыр на Падляшшы. Гэта азначала, па сутнасці, прамое падпарадкаванне Галіча і Літвы адзінай уладзе — дынастычную унію. Для Шварна гэта быў значны поспех, але ён выклікаў навокал шмат незадавальнення. Пакрыўджаным адчуў сябе старэйшы брат Шварна Леў, які відавочна адсоўваўся энергічным Шварнам некуды на задні план. Аднак гнеў яго выліўся не на Шварна, а на Войшалка, які і быў засечаны Львом уласнаручна пасля "сяброўскай" размовы на піры, куды Леў сам жа яго і запрасіў.

У Літве Шварн меў, несумненна, пэўную падтрымку, хаця б ужо з-за аднаго свайго сваяцтва з загінуўшай дынастыяй Міндоўга. Калі б у яго нарадзіўся сын, ён паводле родавых звычаяў лічыўся б законным нашчадкам Міндоўга "па кудзелі". Аднак Шварн, відаць, не пакінуў дзяцей. З другога боку, яго ўзвышэнне не магло не выклікаць моцнага незадавальнення літоўскай знаці, для якой падпарадкаванне чужому князю было абразай. Магчыма, менавіта мясцовыя баяры паспрыялі таму, што панаванне Шварна не зацягнулася: "Шварнови в Литовскои земле княжив лет немного, и тако преставися". Гэта адбылося прыкладна ў 1270 годзе — праз два-тры гады пасля смерці Войшалка.

Галіцка-валынскія ўладанні Шварна адышлі да яго брата Льва, а ў Літве ўзяла верх антыгаліцкая партыя, якая абрала вялікім князем Трайдзена — старога ворага Васількі Раманавіча (што, дарэчы, памёр прыкладна ў гэты ж час). Пры жыцці Міндоўга і Войшалка Трайдзен у крыніцах не ўпамінаецца (пра яго варожасць з Васількам летапісец паведамляе ўжо потым, заднім чыслом). Якое месца ў палітычным раскладзе Літвы ён займаў раней, сказаць цяжка. Ёсць нават падставы сцвярджаць, што Трайдзен увогуле быў не літоўскім, а яцвяжскім князем — уладаром княства Дайнава, якое змяшчалася на поўнач ад Горадна абапал Нёмана. Прыкладна з часу Трайдзена дайнаўскія землі робяцца часткай Літоўскай дзяржавы — гэта лёгка тлумачылася б тым, што князь Дайнавы, стаўшы вярхоўным князем Літвы, зліў сваю вотчыну з уладаннямі папярэдняй дынастыі.