Выбрать главу

І Лівонскі ордэн імкнуўся пашырыць свае межы, прычым не толькі за кошт суседніх паганцаў, земгалаў і жамойтаў, але і за кошт зямель Вялікага Ноўгарада. У 1269 годзе крыжакі зноў спрабуюць захапіць Пскоў, але сустракаюцца з эфектыўным адпорам Даўмонта. І тут жа з Літвы прадпрымаецца вялікі зімовы набег па лёдзе Балтыйскага мора ажно да вострава Саарэмаа (Эзеля). На зваротным шляху літоўцаў спрабуе перахапіць аб'яднанае лівонска-дацкае войска, але ў лютым 1270 года яно церпіць жорсткае паражэнне на лёдзе бліз Карусе (Заходняя Эстонія).

Выкліканы абраннем Трайдзена канфлікт з Галіцка-Валынскім княствам на доўгі час ставіць Літву ва ўмовы барацьбы на два фронты. Праўда, спачатку Трайдзен варагуе толькі з Уладзімірам Васількавічам Валынскім і захоўвае мірныя дачыненні з братам Шварна Львом Галіцкім. Аднак хутка і гэтыя адносіны псуюцца. Пра канчатковы разрыў сведчыць захоп Трайдзенам падляшскага горада Драгічына, што належаў Льву.

Гэты канфлікт вырашае выкарыстаць золатаардынскі хан Менгу- Цімур, да якога звярнуўся па дапамогу Леў. Для хана з'яўляецца магчымасць зрабіць тое, што недарабіў Бурундай — распаўсюдзіць свой уплыў на далёкую Літву. І вось Менгу-Цімур наладжвае велізарны паход супраць Літвы. З татарскім палкаводцам Ягурчынам рушылі галіцка-валынскія, турава-пінскія князі, Раман Бранскі з сынам Алегам, Глеб Смаленскі — "тогда бо бяху вси князи в воли в татарской", канстатуе летапісец. Паводле Іпацьеўскага летапісу, гэты паход адбыўся ў 1275 годзе (магчыма, на самой справе крыху раней).

Дзеянні Льва Данілавіча сведчаць, што ён імкнуўся выкарыстаць татарскую сілу ў першую чаргу для захопу ўсё таго ж Ноўгародскага княства. Таму, не чакаючы астатніх удзельнікаў паходу, ён вядзе татар на Ноўгародак і захоплівае акольны горад. Гэта выклікае сварку сярод князёў і, па сутнасці, зрывае далейшы рух на Літву. Магчыма, аднак, што зрыву садзейнічала і ваеннае паражэнне ад літоўцаў. Летапіс пра яго маўчыць (і не дзіва, бо галоўныя падзеі былі звязаны з валынскімі князямі), аднак як дэталі паданняў пра Койданаўскую бітву дазваляюць суаднесці яе з паходам Бурундая, так і дэталі падання пра бітву пад Магільнам наводзяць на думку, што яна сапраўды магла мець месца ў час паходу Ягурчына. Праўда, амаль усе імёны герояў легенды не адпавядаюць рэчаіснасці (апрача Льва), аднак асноўная фабула зводзіцца да паражэння руска-татарскай кааліцыі ад войск вялікага князя літоўскага. Маштаб паражэння, хутчэй за ўсё, перабольшаны, аднак практычную безвыніковасць паходу 1275 года, якую не хавае і летапісец, яно можа растлумачыць.

Літоўская дзяржава не толькі адстаяла незалежнасць, але і захавала кантроль над Ноўгародскай зямлёй, аб чым сведчаць далейшыя падзеі. Аднак за гэта даводзілася плаціць. паслабленнем увагі да заходняга кірунку. Між тым паўстанню ў Прусіі прыходзіў канец. У 1273 годзе ў сваім лясным сховішчы быў схоплены кіраўнік паўстанцаў Геркус Мантас. З 1276 года разбітыя прусы натоўпамі бягуць у Літву. Крыжакі пераносяць ваенныя дзеянні на тэрыторыю скалваў і надроваў.

Трайдзен вырашыў скарыстаць прускіх бежанцаў для замацавання за сабой спрэчных панямонскіх тэрыторый і пасяліў іх там, у ваколіцах Горадна і Слоніма. Гэта, аднак, выклікала новы паход Уладзіміра і Льва на Слонім. У адказ малодшы брат Трайдзена Сірпуцій зрабіў набег на толькі што збудаваны Камянец. У наступным годзе Уладзімір, Мсціслаў і сын Льва Юрый зноў хадзілі з татарамі Нагая на Ноўгародскую зямлю, дзе беспаспяхова штурмавалі Горадна. Гэтая вайна знясільвала абедзве дзяржавы: гарэлі сёлы, гінулі людзі, вытоптваліся палеткі. Аднак рэсурсы Літвы зусім не былі вычарпаныя, бо ў 1278 годзе Трайдзен палічыў магчымым прыняць удзел у барацьбе за Кракаў, якая пачалася пасля смерці Баляслава Сарамлівага, і яго брат і ваявода Сірпуцій хадзіў з раццю да Любліна.

У выніку даволі жорсткай барацьбы Панямоцне засталося за Трайдзенам, хоць і ў спустошаным выглядзе. Да таго ж у 1279 годзе ўвесь тэатр ваенных дзеянняў з прылеглымі раёнамі Польшчы і Русі ахапіў моцны голад, вынік неўраджаю. І тым не менш сімбіёз з рускімі княствамі значна павялічваў ваенны патэнцыял Літвы. Яна зноў набывала вагу сярод суседзяў. Дачка Трайдзена Гаўдэмунда (у хрышчэнні Соф'я) выйшла замуж за мазавецкага князя Баляслава з Плоцка, якому яна нарадзіла сыноў Зямовіта і Трайдзена (названых у гонар дзядоў). Яшчэ больш Плоцкае княства трапіла пад уплыў Трайдзена, калі ён ваеннай сілай прымусіў свайго зяця адмовіцца ад саюза з тэўтонцамі. Пад літоўскім кантролем заставаліся земгалы. У саюзе з Літвой дзейнічалі і князі захаваўшых незалежнасць яцвягаў, сярод якіх з 1277 года выдзяляўся таленавіты палкаводзец Скамонт.