Выбрать главу

Усё гэта было вельмі своечасовым, бо напярэдадні ішла доўгая і цяжкая барацьба супраць двайнога націску крыжакоў з Прусіі і Лівоніі. Лівонцы першымі пасля нядоўгага перамір'я, заключанага ў 1275 годзе, пачалі агрэсію. У 1278 годзе яны заснавалі на латгальскіх землях замак Дынабург (сучасны Даўгаўпілс), які адразу ж стаў іх грозным фарпостам на паўночнай мяжы Літвы. Трайдзен паспрабаваў знішчыць яго, нават выкарыстоўваў штурмавыя вежы, аднак не здолеў. У наступным годзе лівонцы сумесна з датчанамі распачалі крыжовы паход у самае сэрца Літвы, на Кернава. Гэтым разам Трайдзен дзейнічаў больш паспяхова: сустрэўшы ворага пад Ашара-дам, прымусіў да ўцёкаў, прычым у бітве загінуў лівонскі магістр Эрнэст. Вынікам перамогі стала новае мірнае пагадненне, але і яно праіснавала нядоўга.

Між тым у 1280 годзе тэўтонскі храніст Пётр Дусбург, пачынаючы новы раздзел сваёй хронікі, вывеў загаловак: "Канец вайны ў Прусіі. Пачатак вайны Літоўскай". Сапраўды, да гэтага моманту супраціўленне скалваў і надроваў было канчаткова зломлена, а спыняць свой заваявальны крок тэўтонцы не збіраліся. Пад новы ўдар першымі трапілі яцвягі — тыя паўночныя групы, якія захавалі незалежнасць пасля войнаў сярэдзіны стагоддзя. Найбольш значным з іх было племя судаваў. Яны аказалі адчайнае супраціўленне. Князь Скамонт трывожыў крыжакоў няспыннымі контрударамі, даходзіў да муроў Кралеўца і берагоў Віслы. Аднак і набегі балтаў цягнулі за сабой вялікія страты. У адным з іх у 1281 годзе загінуў у Лівоніі князь земгалаў Намейціс. У 1282 годзе і яцвягі панеслі цяжкае паражэнне ў Польшчы. Адзін з іх князёў, Кантэгерд, са сваёй дружынай перайшоў на службу да Ордэна.

Увогуле тактыка перацягвання мясцовай знаці на свой бок складала аснову поспехаў крыжакоў. Захавалася больш за 200 грамат Ордэна асобным прускім і яцвяжскім нобілям, у якіх ім дараваліся маёнткі з сялянамі і палітычныя прывілеі. Фактычна арыстакраты былі ўраўнаваны ў правах з нямецкімі рыцарамі, што атрымлівалі ўладанні на землях Ордэна за ўдзел у крыжовых паходах. Тыя і другія мелі права судзіць сваіх падданых, браць падаткі на сваю карысць. Адзіным іх абавязкам з'яўлялася ваенная павіннасць. Адным словам, правы, якія надавалі захопнікі вярхам пераможаных, былі значна большымі, чым тое, на што яны маглі разлічваць у сваёй незалежнай раннекласавай дзяржаве (зразумела, за кошт простага насельніцтва, стан якога рэзка пагаршаўся). Гэтыя прывілеі адкрылі шлях да паступовага зліцця прускай знаці з пераможцамі.

Падобная ж тактыка раскалола і супраціўленне яцвягаў. К 1283 году іх незалежнасць скончылася. Частка князёў і арыстакратаў перайшла на бок Ордэна, астатнія пакінулі свае ўладанні і падаліся ў Літву. Сярод апошніх былі князі Скурда і Скамонт.

На поўначы ж, супраць Лівонскага ордэна, літоўцы і падтрымліваемыя імі земгалы дзейнічалі больш удала. Каля 1281 года Трайдзен захапіў ордэнскі замак Герцыке, колішняе ўладанне палачан, і тым самым адсек прасунуты наперад Дынабург ад асноўнай лівонскай тэрыторыі. Крыжакі вымушаны былі пайсці на перамовы і ўзамен за Герцыке мірна ўступілі Дынабург, які раней Трайдзен не змог узяць зброяй.

У самы разгар гэтых падзей, прыкладна ў 1282 годзе, Трайдзен памёр. Час яго ўладарання прыпаў на цяжкую пару. Амаль з усіх бакоў былі ворагі, якія імкнуліся не толькі адхапіць кавалак, але пры магчымасці і цалкам скарыць маладую Літоўскую дзяржаву. І трэба аддаць належнае "акаяннаму і беззаконнаму" Трайдзену — у гэтых найскладанейшых умовах ён здолеў ўтрымаць яе практычна ў тых самых межах, у якіх атрымаў, і пры гэтым не паступіцца ні палітычнай незалежнасцю, ні верай продкаў (а як мы памятаем, яго папярэднікам даводзілася ісці на даволі значныя кампрамісы).

Бадай, найбольш важным момантам было захаванне ў складзе Літоўскай дзяржавы сумежных рускіх гарадоў: Ноўгародка, Горадна, Ваўкавыска, Слоніма, Турыйска. Наўрад ці засталася па-за літоўскім кантролем і суседняя Менская зямля, што ляжала яшчэ далей ад Валыні і татар. Праўда, ніякіх звестак пра яе ў гэты час няма. Вельмі ўрывачная інфармацыя і пра Полацк з Віцебскам, аднак, яна прымушае меркаваць хутчэй пра знікненне там літоўскіх князёў. Як гаварылася вышэй, у Полацку сучаснікам цвярскога епіскапа Сямёна быў князь Канстанцін Бязрук. У Віцебску ж каля 1280 года сядзеў намеснік смаленскага князя Фёдара Чорнага. Калі ўлічыць, што смаленскае паходжанне Канстанціна таксама не выключана, можно дапусціць даволі значны ўплыў Смаленска на Падзвінні. Напэўна, і друцкім князям прыходзілася выбіраць паміж Смаленскам і Літвой.