Між тым пасля смерці Трайдзена палітычная гісторыя Літвы раптоўна апускаецца ў змрок. Імя яго пераемніка не называюць ні рускія, ні крыжацкія, ні польскія крыніцы. Сваіх братоў ён перажыў, пра сыноў надзейных звестак таксама няма. Магчыма, яго пераемнікам стаў нейкі князь Даўмонт (не блытаць з Даўмонтам Пскоўскім), якога Троіцкі летапіс называе князем літоўскім і паведамляе пра яго смерць у дальнім набегу на вярхоўі Волгі ў 1285 годзе.
Літоўскія генеалагічныя легенды, пісьмова зафіксаваныя ў XVI стагоддзі, гавораць пра змену "дынастыі Кітаўруса", апошнім прадстаўніком якой з'яўляўся Трайдзен, новай дынастыяй — "родам Калюмнаў". Пры гэтым нашчадкі "рода Кітаўруса" засталіся ў Літве. Сярод іх быў і Даўмонт — продак пазнейшых князёў Свірскіх, а таксама Гольша (родапачынальнік Гальшанскіх) і Гедрус (родапачынальнік князёў Гедройцаў). Прынамсі, варыянт легенды, які захавалі Гедройцы (яго прыводзіць М. Стрыйкоўскі), можа ўтрымліваць нейкія водгукі сапраўдных падзей.
Між тым іншы след знаходзіцца ў Прусіі. Там каля 1282 года з'яўляецца знатны ўцякач з Літвы — князь Пялюзе, чымсьці моцна пакрыўджаны на свайго сюзерэна (на жаль, імя апошняга не называецца). Магістр Конрад Тыерберг дае Пялюзе войска, з дапамогай якога той захоплівае ў 1283 годзе замак Бісены (напэўна, ля ўпадзення Дубісы ў Нёман), дзе яго вораг у гэты час піруе, і ўчыняе жорсткую помсту — пад мячамі крыжакоў гіне каля 70 знатных літоўскіх нобіляў. Пасля гэтага Пялюзе застаецца на службе ў тэўтонцаў, атрымлівае ад іх адзін з памежных замкаў, з якога бясконца трывожыць Літву сваімі ўварваннямі. Тэўтонцы разглядаюць яго як прэтэндэнта на вялікае княжанне. Гэта пацвярджае і позняя звестка Хронікі Быхаўца, што ведае яго пад імем "Пелюша, сына Тронятового".
Малаверагодна, канешне, што Пялюзе і сапраўды быў сынам гістарычнага Траняты, з дня смерці якога прайшло ўжо дваццаць гадоў. А вось даўно выказанае меркаванне, што ён быў сынам Трайдзена, заслугоўвае ўвагі. Праўда, ордэнская хроніка быццам бы пазывае яго сынам Даўмонта, князя Уцянскага (таго самага, што загінуў на Русі?). Гэта таксама не выключана, хоць Даўмонт і гіне, здаецца, ужо пасля з'яўлення Пялюзе ў крыжакоў.
У гэты ж час чамусьці пакідае Літву і яцвяжскі князь Скамонт, які знайшоў там прытулак пасля захопу яго земляў тэўтонцамі. Зараз гэты заўзяты вораг Ордэна мірыцца з крыжакамі, прымае хрышчэнне і атрымлівае ў Прусіі маёнтак. Ён таксама чымсьці пакрыўджаны на літоўцаў, бо ў 1284 годзе наводзіць сваіх новых саюзнікаў на Горадна. Памёр ён у 1286 годзе, пакінуўшы трох сыноў на службе Ордэну.
Усё гэта ўскосна сведчыць аб тым, што адразу ці праз кароткі час пасля смерці Трайдзена ў Літве зноў адбылася замятня. Яна і выклікала з'яўленне ў Прусіі знатных уцекачоў. Усобіца прыйшлася вельмі недарэчы, бо Літва па-ранейшаму знаходзілася ў надта складаных знешнепалітычных умовах. Залатая Арда не збірала пакідаць яе ў спакоі — пад 1282 і 1288 гадамі Ніканаўскі летаі паведамляе пра новыя татарскія паходы на Літву. Галіцка-Валынскае княства таксама не адмовілася ад сваіх намаганняў захапіць Ноўгародскую зямлю. З другога боку якраз пачыналі няўмольна сціскацца абцугі Тэўтонскага і Лівонскага ордэнаў.
Літоўцы, праўда, і зараз спрабуюць дзейнічаць энергічна. У 1286 годзе яны здзяйсняюць вялікі паход на Лівонію, аж да самай Рыгі, але не дамагаюцца поспеху. Варожае кола працягвае сціскацца, і да 1289 года Літва губляе (часова) частку тэрыторыі як на захадзе, так і на поўдні: крыжакі захапілі шэраг памежных жамойцкіх валасцей (Каршуву, Шаўле і Цверы), а на карысць луцкага князя Мсціслава Данілавіча давялося саступіць Ваўкавыск.
У крыніцах пад гэтым годам з'яўляецца, нарэшце, імя літоўскага ўладара. Валынскі летапіс называе яго Будзікідам, а тэўтонская хроніка — Бутэгайдэ. Калі і якім чынам ён прыйшоў да ўлады — невядома. Магчыма, гэта адбылося яшчэ ў 1282 ці 1283 годзе. У час пагаднення з Мсціславам Луцкім побач з Будзікідам дзейнічае яго брат Будзівід, што, паводле адной з гіпотэз, хутка стаў яго наступнікам на пасадзе вялікага князя. Гэты новы ўладар названы ў крыжацкай хроніцы Путуверам, што і дало гісторыку Ю. Пузыну падставу атаясамліваць яго з Будзівідам, хаця сугучнасць імёнаў не такая ўжо і блізкая. Аднак усе меркаванні пра паходжанне новай дынастыі мы разгледзім у сувязі з пачаткам панавання сына Путувера — Віценя, які належыць ужо да новага пакалення.
ПАКАЛЕННЕ ТРЭЦЯЕ: ВІЦЕНЬ (1290-ыя - 1310-ыя гады)
Зараз мы разгледзім перыяд, калі Літоўская дзяржава пераадолела самыя цяжкія часы і пачала паволі, але няўхільна ўзыходзіць да вяршыні сваёй магутнасці. У першую чаргу гэта было звязана з дзейнасцю вялікага князя Віценя. Аднак наспела неабходнасць зноў зрабіць агляд сцэны і дзеючых асоб, асэнсаваць змены, што адбыліся.