Выбрать главу

У Залатой Ардзе хан Туда-Менгу ў 1287 годзе быў абвешчаны псіхічнахворым і згубіў уладу. Пры актыўных інтрыгах Нагая пачалася барацьба за ўладу паміж дзесяццю пляменнікамі Туда-Менгу. Спачатку ханам стаў сын Менгу-Цімура Талабуге, аднак у 1291 годзе ён быў забіты прыхільнікамі свайго брата Тахты. У першыя гады панавання хан Тахта з'яўляўся лялькай у руках Нагая, аднак не задаволіўся такім становішчам і пазней распачаў барацьбу супраць цемніка, якая цягнулася тры гады, з 1297- га да 1300-га, і скончылася гібеллю апошняга і канфіскацыяй яго вялізных прычарнаморскіх уладанняў.

Гэтаму пакаленню гістарычных дзеячаў таксама давядзецца перажыць шмат катаклізмаў — як прыродных, так і грамадскіх. Перабудова клімату, што тады пачалася, павялічыла яго нестабільнасць, значна больш стала вельмі халодных ці, наадварот занадта мяккіх зім, летніх засух. Апрабаваны вопыт дзядоў пачынаў падводзіць земляробаў: змяніліся аптымальныя тэрміны сяўбы. Як вынік павялічылася колькасць летапісных паведамленняў пра голад і пошасць, якія ў першым дзесяцігоддзі XIV стагоддзя пракаціліся па ўсёй Еўропе. І на Русі яны фіксуюцца летапісцамі ў гэты прамежак часу амаль штогод. Ёсць звесткі пра голад і мор і ў Літве ў 1311, 1313 гадах.

Як быццам у дадатак, адбываліся і іншыя грозныя з'явы. У 1301 годзе ў Ноўгарадзе небывала моцная бура знесла "хоромы и храмы", а ў 1303 годзе ў Прыбалтыцы адбыўся даволі моцны землятрус: у час падземнага штуршка людзі ледзь маглі ўстаяць на нагах. У тым жа годзе ў Ноўгарадзе снегу не было ўсю зіму.

Аднак жыццё ішло сваім чынам. У тым жа бясснежным 1303 годзе наўгародцы здолелі ажыццявіць даволі дарагое прадпрыемства — абнеслі свой горад мурам. Гэта былі другія такія ўмацаванні на Русі — за некалькі гадоў перад тым такі ж мур збудавалі жыхары Пскова пад кіраўніцтвам свайго князя Даўмонта.

І ў Польшчы ў гэтыя турботныя для земляробаў гады ўзводзяцца мураваныя пабудовы. У стольным Кракаве адна з іх — гатычны замак на Вавелі (закончаны ў 1308 годзе). Яго ўзнікненне было выклікана вострай палітычнай барацьбой вакол Кракава, якая распачалася пасля смерці караля Пшамыслава паміж Уладзіславам Лакатком і каралём Чэхіі Вацлавам II.

Наш расказ пра падзеі, звязаныя з панаваннем Віценя, будзе не вельмі дэталёвым: цемра толькі пачынае рассоўвацца над гэтым кутом Еўропы. Рускія летапісцы — сучаснікі падзей — такога князя ўвогуле не ведаюць, што і не дзіўна, бо летапісанне вядзецца толькі ў Залессі, Ноўгарадзе і Пскове. Віцень выступае на старонках хронікі Пятра Дусбурга — летапісца Тэўтонскага ордэна. Упершыню ён з'яўляецца ў 1291 годзе, калі літоўскі князь Путувер, ці Пукувер (у першым выданні хронікі яго імя пададзена ў форме "Лютувер"), пасылае свайго сына Віценя ў паход на Куявію. Хутка затым, каля 1294 года, апошні дзейнічае ўжо як вярхоўны ўладар Літвы.

Бацька Віценя, верагодна, прыйшоў да ўлады ў выніку смуты 1280-ых гадоў. Вышэй ужо казалася пра хісткую версію атаясамлівання яго з князем Будзівідам — братам Будзікіда паводле Іпацьеўскага летапісу. Адкуль узялася новая дынастыя — пытанне даволі загадкавае, бо яно абрасло міфамі ўжо ў сярэдзіне XV стагоддзя. У гэты час Польшча імкнулася падкрэсліць не- паўнацэннасць літоўскіх князёў і ўсяго паганскага мінулага Літвы. Такі настрой парадзіў легенду, быццам заснавальнік дынастыі Віцень (звесткі пра яго бацьку да таго часу забыліся) не княжацкага роду, а баярын з Эйраголы ў Жамойці, служыў канюшым князя Трайдзена і атрымаў уладу пасля смерці апошняга з-за таго, што законныя наследнікі (пляменнікі Трайдзена і продкі пазнейшых князёў Гальшанскіх, Гедройцаў і Свірскіх) былі непаўналетнімі.

Насуперак таму стваральнікі іншай версіі — літоўскай — сцвярджалі, што Віцень паходзіў са старажытнага роду Калюмнаў, заснавальнік якога прыбыў з Рыма разам з Палямонам. Віцень па літоўскай версіі быў не канюшым, а маршалкам (найвышэйшай прыдворнай асобай) Трайдзена і ўладу атрымаў паводле завяшчання апошняга. Сапраўды, родавы герб новай дынастыі ў XV стагоддзі зваўся "Калюмны" ("Калоны" ці "Стаўпы"), але ж гэтую назву ён мог атрымаць дзеля ўзгаднення з легендай. Тое ж датычыць і герба "Кітаўрус" ("Кентаўр"), якім сапраўды карысталіся князі Гальшанскія і які прыпісваўся дынастыі Трайдзена. Наўрад ці ў XIII стагоддзі літоўскія князі ўвогуле ўжывалі гербы.

Трэцяя версія, маскоўская, не адмаўляла княжацкага паходжання дынастыі, але лічыла яе адгалінаваннем смаленскіх ці полацкіх князёў — васалаў вялікага князя ўладзімірскага, пераемнікамі якога былі маскоўскія князі. Тым самым літоўская дынастыя як бы абвяшчалася непаўнацэннай адносна Масквы. У рамках гэтай версіі Віцень часам лічыўся і сынам Трайдзена, а рускае паходжанне прыпісвалася ўсім князям, пачынаючы з Міндоўга.