Служба ж магутнаму літоўскаму князю абяцала адраджэнне і былой славы, і заморскага гандлю. Уступіўшы ў дружыну Віценя, ноўгародскія і полацкія баяры атрымлівалі магчымасць пазвінець мячамі ля муроў ордэнскіх замкаў ці на берагах Віслы. Маглі выклікаць на паядынак нямецкіх рыцараў (пра такія дуэлі паміж рускімі і заходнееўрапейскімі рыцарамі паведамляе Дусбург). Перамога ў падобным баі — гэта і слава, і каштоўныя даспехі пераможанага. А ўдачны паход у цэлым — новыя халопы, новая здабыча, новае сяло, якое вялікі князь падаруе за асабістае геройства.
Што датычыць мясцовых князёў (там, дзе яны яшчэ захаваліся), то і яны пад сюзерэнітэтам Літвы нічога не гублялі. Вялікі князь не ўмешваўся ва ўнутраныя справы ўдзелаў. Усё, што патрабавалася,— гэта выходзіць пад сваім сцягам і з дружынай, калі гаспадар пакліча ў паход. Затое і пры нападзе звонку можна быць упэўненым, што вялікі князь абароніць, а пры спрэчцы з суседам — рассудзіць.
Мала што мянялася і для простага люду. Усяго і клопату, што на валасны пагост за падаткамі прыедзе не рускі баярын, а літовец. Не будзь яго — знайшоўся б які-небудзь татарын ці немец. А калі сяло цягнула не да воласці, а да баярскага двара, то перамена вярхоўнай улады і ўвогуле была практычна неадчувальнай: свой гаспадар заставаўся ўсё той жа. Хіба што пасля яго смерці вялікі князь можа перадаць двор ужо літоўскаму баярыну, які і размаўляць па-тутэйшаму як след не ўмее. Але будзе патрэба — навучыцца і ён, бо не пераходзіць жа ўсяму сялу на літоўскую мову з-за змены гаспадара!
Калі хто і мог адчуваць незадавальненне — гэта праваслаўнае духавенства. І каб не псаваць адносіны з даволі ўплывовай часткай мясцовага насельніцтва, літоўскім князям-паганцам даводзілася праяўляць верацярпімасць, якая на доўгі час стане традыцыйнай для дзяржавы. Маліся так, як маліліся твае продкі — толькі захоўвай лаяльнасць да ўлады.
Усё сказанае вышэй дапамагае зразумець, чаму распаўсюджанне ўлады Віценя, а пазней Гедыміна на рускія землі адбывалася параўнальна мірна і непрыкметна, без тых бітваў і паўстанняў, якія суправаджалі кожнае прасоўванне наперад крыжакоў і татар. Таму вельмі цяжка вызначыць, дзе праходзіла пры Віценю мяжа ўплыву Літвы, дзе яе суседзяў — Галіцка- Валынскага і Смаленскага княстваў.
Першае з іх пры князю Юрыю Львовічу часткова пераадолела той заняпад, у якім апынулася ў другой палове XIII стагоддзя.Спрыяла гэтаму не толькі аднаўладдзе Юрыя, але і тое, што мёртвая хватка Залатой Арды на горле Галіцка-Валынскай Русі аслабела ў час барацьбы за ўладу паміж Нагаем і Тахта-ханам. Ужо Леў Данілавіч у канцы жыцця пачаў карыстацца, як некалі яго бацька, каралеўскім тытулам, што перайшоў і да Юрыя. Гэта не абавязкова азначае, што абодва яны прайшлі праз афіцыйны абрад каранацыі, санкцыяніраваны Рымам, але яскрава сведчыць пра іх намер лічыць сябе ўровень з іншымі еўрапейскімі гаспадарамі. Юрый вядзе ўжо і нсзалежную ад хана знешнюю палітыку. Ажаніўшыся другім шлюбам з сястрой Уладзіслава Лакатка Яфіміяй, ён выступае актыўным саюзнікам куяўскага князя ў яго барацьбе за карону Польшчы з Вацлавам Чэшскім. Таксама мае ён дачыненне і да барацьбы за венгерскую карону пасля згасання ў 1301 годзе дынастыі Арпадаў. Маці Юрыя была дачкой караля Бэлы IV, але сам ён на каралеўства не прэтэндаваў, толькі аказваў падтрымку свайму стрыечнаму брату Атону Баварскаму (сыну другой дачкі Бэлы), які часова валодаў Венгрыяй, аднак прайграў барацьбу яшчэ аднаму нашчадку Арпадаў па кудзелі, унуку неапалітанскага караля Карлу-Роберту Анжуйскаму.
Захавалася летапісная характарыстыка Юрыя, якую прыводзіць польскі гісторык Длугаш: "Муж мудры і добры, шчодры да духоўнікаў, пад кіраваннем якога Русь славілася шчасцем міру і дастатку". На жаль, няма ніякіх звестак пра яго адносіны з Літвой, пра тое, ці працягваў ён намаганні сваіх папярэднікаў распаўсюдзіць кантроль на тэрыторыю сучаснай Беларусі. Увогуле ж ён адчуваў сябе спадкаемцам былой Кіеўскай Русі, аб чым сведчыць заснаванне ў Галічы другой рускай царкоўнай мітраполіі. Да таго адзіным рэлігійным цэнтрам рускіх княстваў лічыўся Кіеў, дзе мітрапаліт знаходзіўся да 1299 года. Потым у сувязі з заняпадам Паўднёвай Русі і пэўным уздымам Паўночна-Усходняй, мітрапаліт Максім перанёс сваю рэзідэнцыю ва Уладзімір-на-Клязьме. Вось з гэтай падзеяй, якая павінна была азначаць перамяшчэнне ў Залессе апошніх рэшткаў былой кіеўскай дзяржаўнасці, і не пагадзіўся Юрый. Каля 1302 года ён дамогся ад канстанцінопальскага патрыярха заснавання мітраполіі "Малой Русі" з цэнтрам у Галічы. Праўда, яна праіснавала нядоўга — у 1308 годзе, пасля смерці Максіма, галіцкі мітрапаліт Пётр атрымаў пасвячэнне як мітрапаліт "усяе Русі" і пераехаў ва Уладзімір-на-Клязьме.