Нават у Залатой Ардзе змена ўлады адбылася амаль адначасова: пасля смерці ў 1312 годзе хана Тахты яго сын Ільбасмыш быў забіты іншым прэтэндэнтам, таксама нашчадкам Менгу-Цімура — Узбекам, сынам Тагрулджы. З герояў папярэдняга перыяду, бадай, што толькі Уладзіслаў Лакаток застаецца сучаснікам Гедыміна. Таму і ў мяне ёсць падставы, нават прызнаючы Гедыміна братам Віценя, выдзеліць падзеі, звязаныя з яго панаваннем, у асобны раздзел.
Давайце зноў спынім паслядоўны разгляд падзей, каб падсумаваць вынікі змен, што накапіліся да гэтага часу. Не разабраўшыся ў іх, цяжка будзе зразумець імклівы рост тэрыторыі Вялікага княства і яго ўплыву на рускіх землях, які адбываўся пры Гедыміне і наступных вялікіх князях.
Практычна кожная дзяржава ў сваёй гісторыі праходзіла перыяды цэнтралізацыі і дэцэнтралізацыі. На пачатку нашай дзеі, у першай трэці XIII стагоддзя, мы засталі Русь і Польшчу ў стане палітычнай рыхласці, калі кожны мясцовы ўладар быў поўным панам на сваёй тэрыторыі. На ўсходзе, наадварот, вялізныя тэрыторыі пераходзілі пад непасрэдны кантроль адзінага цэнтра — стаўкі мангольскіх каганаў. Нешта падобнае, хаця і ў меншых памерах адбывалася ў Літве.
Абодва працэсы з'яўляюцца неабходнымі на пэўных стадыях сацыяльна-эканамічнага развіцця. Патрэбнасць у цэнтралізацыі ўзнікае, калі грамадства пераходзіць на якасна новы ўзровень свайго існавання: ад плямённа-арыстакратычнага ладу (так званай "ваеннай дэмакратыі") да раннекласавай дзяржавы, потым да стадыі сталага класавага грамадства, ці да індустрыяльнай фазы. У такія моманты структурныя змены ахопліваюць увесь дзяржаўны механізм, таму патрэбны каардынуючы цэнтр, каб сістэма не пайшла ўразнос ці дзяржава не стала лёгкай здабычай суседзяў.
Калі ж пераход на новы стадыяльны ўзровснь адбыўся і грамадства пачынае яго асвойваць, на першае месца выходзіць эфектыўная мясцовая ўлада. Жорсткі кантроль не толькі не патрэбны — ён нават перашкаджае.
Русь прайшла фазу цэнтралізацыі ў IX—Х стагоддзях, калі асобныя племянныя княжанні ператварыліся ў адзіную "імперыю Рурыкавічаў". XII— XIII стагоддзі прайшлі пад супрацьлеглым знакам — палітычная самастойнасць асобных тэрыторый аднавілася на новым узроўні (вышэй ужо падкрэслівалася, што гэта было не знікненнем дзяржавы, а яе пераходам у новую якасць). Калі б не нашэсце манголаў, росквіт Кіеўскай Русі працягваўся б і далей, яе чакалі б новыя віткі эвалюцыйнай спіралі.
Прыкладна так адбывалася ў суседняй Польшчы. З канца XIII стагоддзя там зноў адчуваюцца цэнтралізатарскія тэндэнцыі: мясцовая знаць згодна нават шукаць сабе моцнага гаспадара за мяжой, як адбылося пры абвяшчэнні каралём Вацлава Чэшскага. Яго асноўны сапернік — Уладзіслаў Лакаток — праходзіць шлях ад дробнага князя з падзеленай на пяць частак Куявіі да вярхоўнага ўладара Польшчы. На гэтым шляху ён не раз церпіць жорсткія паражэнні, але кожны раз знаходзіць моцную падтрымку, якая дазваляе яму распачаць справу зноў. Іншымі становяцца адносіны да вымарачных княжацкіх вотчын: кароль ужо не спяшаецца перадаць іх іншым князям, а накіроўвае туды сваіх паслухмяных намеснікаў (кашталянаў). Гэтыя тэндэнцыі сведчаць, што ў Польшчы наспеў пераход ад раннекласавай дзяржавы да стадыі сталага феадалізму, калі большасць дзяржаўных сялян (смердаў, ці, на польскі лад, кметаў) пераходзіць пад кантроль рыцараў- шляхты. Вярхоўны ўладар патрэбны, каб кіраваць раздачай сёлаў і валасцей, і чым большую тэрыторыю ён кантралюе непасрэдна і праз сваіх намеснікаў — тым лягчэй кожнаму шляхціцу дачакацца сваёй долі агульнага пірага.
На Русі аналагічны працэс ідзе значна больш павольна: баярства, як найбольш здольны да супраціўлення сацыяльны слой, асабліва моцна пацярпела ад татарскіх нашэсцяў, было проста фізічна вынішчана. (Выключэнне ствараюць, напэўна, толькі далёкія Наўгародская зямля ды Панямонне з Падзвіннем, што звязалі лёс з Літвой.) Але тут існуе не менш важкая падстава для палітычнага аб'яднання — неабходнасць вызвалення ад Арды.
Такім чынам, ва Усходняй Еўропе прыходзіць час цэнтралізацыі. Адным ядром такой цэнтралізацыі абяцае стаць Залессе, дзе пачынаюць уздымаць галаву два моцныя княствы — Цвер і Масква. Аднак Залеская Русь знаходзіцца пад трывалым кантролем хана Узбека, які ўдала выкарыстоўвае імкненне князёў Цверы і Масквы да пасады вялікага князя ўладзімірскага, каб знясіліць абодвух у міжусобнай барацьбе. Больш паслухмяны і ліслівы маскоўскі князь Іван Каліта бярэ верх у гэтай барацьбе, але ўзвышэнне Масквы некалькі дзесяцігоддзяў будзе ісці не ў выглядзе аб'яднання суседніх княстваў, а ў выглядзе "праглынання" больш слабых з іх пры татарскай падтрымцы.