Выбрать главу

Другі цэнтр — Галіцкае і Уладзіміра-Валынскае княствы, якія, дзякуючы выключным генеалагічным абставінам, застаюцца пад кантролем адной княжацкай сям'і. З 1315 года ва Уладзіміры княжыць Андрэй Юр'евіч, а ў Галічы — яго малодшы брат Леў. Пры іх "Малая Русь", як тагачасныя крыніцы называюць іх уладанні, спрабуе супрацьстаяць Ардзе, абапіраючыся на падтрымку каталіцкай Еўропы (Польшчы, Венгрыі, Тэўтонскага ордэна). Аднак неразгалінаванасць княжацкага роду з перавагі імгненна ператворыцца ў недахоп пасля смерці іх наследніка Юрыя (каля 1336 года), калі вялікая дзяржава апынецца без гаспадара і стане арэнай барацьбы суседніх Польшчы, Літвы і Арды.

Такія ўмовы вельмі спрыяюць таму, каб Літва разам з далучыўшыміся да яе заходнерускімі (беларускімі ў сённяшнім сэнсе) землямі выступіла яшчэ адным аб'яднаўчым цэнтрам. Сама Літва якраз знаходзіцца на папярэднім вітку эвалюцыйнай спіралі — на стадыі ўтварэння цэнтралізаванай раннекласавай дзяржавы. На працягу папярэдніх дзесяцігоддзяў некалькі княжацкіх родаў вялі барацьбу не за падзел "сфераў уплыву" ў Літве, а за вярхоўную ўладу. Пераможцам выйшаў "род Калюмнаў" — нашчадкі Путувера. Іншыя князі (верагодна, родзічы Трайдзена), якія засталіся ў дзяржаве, перайшлі на палажэнне служылых князёў, фактычна — асабліва прывілеяваных баяр. На самым пачатку свайго панавання Гедыміну ўдалося ліквідаваць ачаг патэнцыяльнай пагрозы — захапіць і пакараць смерцю прэтэндэнта на велікакняжацкі тытул Пялюзе, які працягваў служыць тэўтонцам.

Калі Гедымін прыйшоў да ўлады ў 1316 годзе, у яго былі два браты (Воінь і Фёдар) і не менш шасці сыноў, з якіх старэйшыя (Манівід ці Мантоўт, Нарымонт і Альгерд) ужо ўступалі ва ўзрост актыўнай дзейнасці. Гэта абяцала здрабненне вотчын у будучым, але пакуль што спрыяла распаўсюджанню ўлады адзінай, шматлікай і цесна знітаванай княжацкай сям'і. Немалаважнай акалічнасцю з'яўлялася і тое, што сучаснікамі Гедыміна ледзь не ва ўсіх рускіх землях і княствах аказаліся вельмі маладыя князі. Уладальнікам Валыні і Галіччыны Андрэю і Льву ў 1316 годзе, напэўна, не было і трыццаці. Тое ж можна сказаць пра смаленскага князя Івана Аляксандравіча. Маскоўскі князь Юрый Данілавіч меў 35, яго малодшы брат Іван Каліта — каля 25, цвярскі князь Дзмітрый Грозныя Вочы, які атрымаў уладу годам пазней — увогуле няпоўных 18 гадоў. Такімі ж маладымі былі ўладальнікі Бранскага княства — рэшткаў колішняй Чарнігаўскай зямлі, паўднёвая частка якой у выніку непасрэднага суседства з Ардой амаль цалкам абязлюдзела. У параўнанні з імі Гедымін, чалавек на пятым дзесятку, быў і больш вопытным, і больш аўтарытэтным дзеячам.

З'яўленне новага палітычнага цэнтра на Русі не прайшло міма ўвагі і канстанцінопальскага патрыярха. Пра гэта сведчыць яго дазвол заснаваць каля 1317 года самастойную мітраполію з цэнтрам у Ноўгародку, што ахоплівала полацкае і тураўскае епіскапствы. Літоўскім мітрапалітам стаў Феафіл, які ўпамінаецца на гэтай пасадзе да 1329 года.

Літоўскі ўладар не прамарудзіў выкарыстаць спрыяльнае становішча. Даволі хутка ён падпарадкаваў свайму кантролю сумежныя княствы і землі (на тэрыторыі сучаснай Беларусі). Некаторыя з іх мелі сувязі ўжо з Віценем — так, нагадаем, Полацкая зямля згадзілася прыняць літоўскага князя ў 1307 годзе. Пры Гедыміне полацкім князем з'яўляецца яго брат Воінь (у гэтай якасці ён выступае ў 1323 годзе), але адносіны Полаччыны з Літвой маюць дагаворны, дынастычны характар.

На ўсход ад Полаччыны ляжала Віцебская земля, князь якой (некаторыя беларуска-літоўскія летапісы называюць яго Яраславам) не меў сыноў. У 1317 годзе Гедымін заключыў з ім і мясцовымі баярамі пагадненне: дачка князя Марыя выходзіць за Гедымінавага сына Альгерда, якога пасля смерці Яраслава віцябляне прымаюць у якасці свайго князя. Так і адбылося даволі хутка — у 1320 годзе. Частка даследчыкаў лічыць, што Альгерд прайшоў фармальны абрад хрышчэння, хаця па сутнасці ён заставаўся прыхільнікам паганства ("вогнепаклоннікам", як назваў яго канстанцінопальскі патрыярх). Магчыма, што хрышчэння ўвогуле не было: ёсць звесткі, што Альгерд значна пазней, у 1350-ыя гады, калі дамагаўся аднаўлення мітраполіі ў Літве, абяцаў у выпадку станоўчага рашэння патрыярха прыняць праваслаўе. Уладкаванне Альгерда ў Віцебску, напэўна, суправаджалася заключэннем такога ж дагавора, як раней у выпадку з Полацкам: "не рухати старины" і не ўмешвацца ва ўнутраныя справы Віцебшчыны.