Вайна з Тэўтонскім ордэнам працягвалася з пераменным поспехам. Вялізныя ахвяры не давалі перавагі ні таму, ні другому боку. У 1331 годзе літоўцы сумесна з войскам Уладзіслава Лакатка перамаглі рыцараў у бітве пад Плоўцамі ў Польшчы, але ў 1333 адбыўся новы крыжовы паход герцага Баварскага, у час якога была захоплена і спалена важная літоўская крэпасць Вялона на Нёмане. Па суседству з ёй пачалося будаўніцтва моцнага крыжацкага замка, які атрымаў назву Баербург. Крыху ніжэй па цячэнні магістр Дзітрых фон Альтэнбург у 1336 годзе аднавіў замак Юргенбург (Юрбарк). Літоўска-пруская мяжа павольна, але няўхільна паўзла ўверх па Нёмане, прасунуўшыся ўжо на паўтары сотні кіламетраў ад яго вусця. Адсюль крыжакі маглі непасрэдна пагражаць не толькі Жамойці, але і жыццёвым цэнтрам дзяржавы. Да Коўна заставалася каля сарака кіламетраў, да Вільна — 130. У 1337 годзе ў Баербургу нават заснавалі касцёл, які павінен быў стаць цэнтрам новай каталіцкай парафіі пасля хуткага, як меркавалі тэўтонцы, хрышчэння Літвы. Адначасова лівонцы ўзмацнілі набегі з поўначы. У 1334 годзе іх магістр Эберхард фон Мангейм дайшоў да самага Вільна, спустошыўшы наваколле.
Гедымін адчайна імкнуўся пераламіць ход падзей. Але здзейсненая ім у 1338 годзе аблога Баербурга скончылася цяжкім паражэннем. Магістр фон Альтэнбург сцвярджаў нават, што там загінуў цвет літоўскага рыцарства і ў далейшым не прыйдзецца чакаць моцнага адпору. Але тут магістр яўна выдаваў жаданае за наяўнае, бо літоўцы аказаліся здольнымі не толькі да актыўнай абароны, але і да новага наступу. Узімку 1341/42 года яны ўсё ж захапілі Баербург. Праўда, заплацілі за гэта жыццём свайго правадыра. Вялікі князь Гедымін быў смяротна паранены стрэлам з гакаўніцы — новай агнястрэльнай зброі, што толькі пачынала ўваходзіць ва ўжытак. І зноў цэлая эпоха адыходзіла ў мінулае разам з ім, зноў абнаўляўся склад дзеючых асоб на нашай сцэне.
ПАКАЛЕННЕ ПЯТАЕ: АЛЬГЕРД І КЕЙСТУТ (1340-ыя - 1360-ыя гады)
Зноў, быццам па волі рэжысёра, адразу некалькі відных дзеячаў папярэдняга перыяду амаль адначасова сыходзяць са сцэны. Крыху раней за Гедыміна, у 1340 годзе, памёр Іван Каліта, а ў 1341 годзе — мазавецкі князь Трайдзен, які ўсяго на год перажыў свайго сына Юрыя-Баляслава. У 1343 годзе смерць спасцігла і апошняга з сыноў Баляслава Мазавецкага, Зямовіта II. Амаль адначасова з Гедымінам у 1341 ці 1342 годзе памёр хан Залатой Арды Узбек.
Настае пара дзейнічаць у поўную моц іх нашчадкам. Гэта будуць шасцёра сыноў Гедыміна (старэйшы, Манівід, памёр хутка пасля бацькі, прыкладна ў 1342 годзе), сярод якіх узвышаюцца магутныя постаці Альгерда (каля 1295—1377) і Кейстута (каля 1310—1382). Малодшы брат Гедыміна Воінь пасля 1323 года не ўпамінаецца.
У Польшчы змена пакаленняў адбылася крыху раней, у 1333 годзе, і там сучаснікам Гедымінавічаў выступае кароль Казімір Вялікі, былы зяць Гедыміна. Яго першая жонка Алдона-Ганна памерла ў 1339 годзе, і зараз сваяцкія адносіны ўжо не звязваюць яго з Літвой, змяніўшыся варожасцю з-за Галіцыі і Валыні. У Мазовіі дзейнічаюць двое малодшых сыноў Трайдзена, Зямовіт III і Казімір, а таксама сын Вацлава Плоцкага Баляслаў са сваёй маці, Альжбетай Гедымінаўнай.
У Паўночна-Усходняй Русі галоўнымі дзеячамі па-ранейшаму будуць князі з Масквы і Цверы. Спачатку гэта малодшыя браты Аляксандра Цвярскога Канстанцін і Васіль, а гаксама сыны Івана Каліты Сямён Горды, Іван Красны і Андрэй. Пазней на сцэну выйдуць сыны Аляксандра Цвярскога і юны Дзмітрый Іванавіч Маскоўскі.
З астатнімі персанажамі мы пазнаёмімся па ходу дзеяння. У яго дэкарацыях таксама накапіліся ўжо пэўныя змены. Прыбалтыка ўсё больш і больш перастае быць тым глухім кутом, якім з'яўлялася некалі. Яна хутка даганяе ў сваім развіцці астатнюю Еўропу. На тэрыторыі Прусіі пад уладай крыжакоў змянілася трэцяе пакаленне. З людзей, што насяляюць гэтую зямлю, амаль ніхто ўжо не памятае жыццё ў паганстве і незалежнасці. На месцы некалі густых некранутых пушчаў паўсталі гарады, заселеныя галоўным чынам немцамі. Выгляд іх не адрозніваўся ад выгляду Брэмена ці Гамбурга: тая ж архітэктура, тыя ж каменныя карункі гатычных касцёлаў, рынкавыя плошчы з будынкамі ратуш, прастакутная планіроўка вуліц.
На ўзбраенні ордэнскіх замкаў з канца 1330-ых гадоў з'явілася важнае новаўвядзенне — агнястрэльная зброя. З яе эфектыўнасцю на ўласным вопыце давялося пазнаёміцца літоўскаму князю Гедыміну. Але пакуль што яна выглядае дзівам, да якога большасць ваякаў толькі прыглядаецца, спадзеючыся на старыя добрыя самастрэлы, мячы і дзіды.