Але рашаючая развілка, што прывядзе да ўтварэння ў межах былой Кіеўскай Русі розных славянскіх народаў, яшчэ не пройдзена. Магчыма, пры іншым раскладзе падзей тыя хісткія тэндэнцыі, якія я зараз наўмысна падкрэсліваю, не мелі б ніякага выніку, хутка змяніліся б іншымі. Менавіта ход палітычных падзей надасць ім з цягам часу вырашальнае значэнне.
У гэты перыяд інфармацыя пра падзеі ўнутры Вялікага княства становіцца крыху больш выразнай — памяць пра іх не паспее цалкам заблытацца да таго часу, як двума пакаленнямі пазней з'явіцца ў дзяржаве першы ўласны летапісны твор — "Летапісец вялікіх князёў літоўскіх". Хоць і яго звесткі не заўсёды дакладныя, але яны даюць хоць нейкае ўяўленне пра "сямейныя справы" Гедымінавічаў. Яшчэ пры жыцці Гедымін вылучыў сваім сынам удзелы, прычым большасць з іх атрымала адначасова па частцы Літвы і Русі. Старэйшы сын, Манівід, валодаў былой сталіцай Кернавам, а ў дадатак да яго — Слонімам. Другі, Нарымонт (у хрышчэнні Глеб), княжыў у Полацку і адначасова ў Вялікім Ноўгарадзе. Аўтар "Летапісца" лічыць яго таксама пінскім князем. Альгерд у дадатак да набытага шляхам шлюбу Віцебска атрымаў ад бацькі Крэва. Кейстут валодаў Трокамі, Жамойцю, Гораднам і Берасцем з Падляшшам. Ноўгародак дастаўся Карыяту, Любарт княжыў ва Уладзіміры і Луцку на Валыні.
Сваім жа пераемнікам Гедымін абраў не старэйшага сына, а аднаго з малодшых — Яўнута, які быў, верагодна, старэйшым сынам яго апошняй жонкі (калі верыць звесткам позніх летапісаў; не выключана, аднак, што яны не зусім адпавядаюць рэчаіснасці). Яўнут атрымаў Вільна разам з Вількамірам, Ашменай, Браславам (апошні горад некалі ўваходзіў у Полацкую зямлю, абставіны яго адрыву ад яе невядомыя).
Аднак той парадак, які склаўся пасля смерці Гедыміна, пратрымаўся вельмі нядоўга. Хутка Яўнут згубіў вярхоўную ўладу ў выніку змовы двух сваіх больш энергічных братоў, Альгерда і Кейстута. Пераварот адбыўся ў 1345 годзе, паводле звестак Троіцкага летапісу, які паведамляе пра бегства Яўнута ў Маскву і хрышчэнне там пад імем Івана. Аднак Пскоўскі летапіс паказвае Альгерда і Кейстута самастойнымі дзеячамі ўжо ў 1342 годзе, калі яны сумесна ажыццявілі паход супраць лівонцаў, каб дапамагчы Пскову. Сын Альгерда Андрэй тады ўжо ахрысціўся і лічыўся намінальна пскоўскім князем (фактычна гэтую ролю выконваў намеснік Альгерда, нейкі літоўскі служылы князь Юрый Вітаўтавіч). У гэтым жа паходзе ўдзельнічаў і адзіны сын Воіня Любка (магчыма, памяншальнае ад Любарта), які загінуў у бітве, калі неасцярожна ўехаў у вартавы полк немцаў. Усё гэта ўскосна сведчыць аб тым, што фактычна ўлада ўжо ў 1342 годзе знаходзілася ў руках Альгерда і яго брата-суправіцеля Кейстута. Магчыма, вярхоўная ўлада Яўнута з самага пачатку з'яўлялася намінальнай.
Замятня ў Літве пасля смерці Гедыміна была на руку новаму маскоўскаму князю Сямёну Гордаму, які пасля смерці бацькі даволі лёгка атрымаў у Ардзе ярлык на вялікае княжанне ўладзімірскае. Ён актыўна імкнецца аднавіць велікакняжацкі аўтарытэт на астатняй Русі, якая пры Гедыміне пачынала ўжо схіляцца ў бок Літвы. Захоўваецца сувязь Масквы з Бранскам — у 1341 годзе дачка тамтэйшага князя Дзмітрыя выйшла замуж за Івана, малодшага брата маскоўскага князя. Тады ж з'ехаў у Маскву і князь Фёдар Святаславіч са смаленскай дынастыі (той самы, што служыў некалі Гедыміну, а потым, магчыма, княжыў у Кіеве). У 1346 годзе Сямён пасля смерці першай жонкі Аўгусты Гедымінаўны зашлюбіў дачку Фёдара Яўпраксію, аднак хутка адаслаў яе назад: нявеста быццам бы на вяселлі была кімсьці зачаравана і па начах здавалася мужу нябожчыцай. Пазней яна выйшла за фамінскага князя Фёдара Краснага, а Сямён трэцім разам ажаніўся з дачкой загінуўшага па віне яго бацькі Аляксандра Цвярскога — Марыяй Аляксандраўнай.
Смаленск жа заставаўся ў арбіце Літвы. Яшчэ у бытнасць князем Віцебска Альгерд у 1341 годзе дапамагаў смалянам у іх спробе адбіць у Масквы Мажайск. Добрыя адносіны паміж ім і Іванам Смаленскім захаваліся і пасля таго, як Альгерд стаў вялікім князем літоўскім. Затое ўзнавілася барацьба з Масквой за ўплыў на Вялікі Ноўгарад, дзе пры Гедыміне княжыў Нарымонт з сынам Аляксандрам. Пасля змены ў 1345 годзе ўлады ў Літве ў Ноўгарадзе ўзмацнілася прамаскоўская партыя. Пасаднік Яўстафій прынародна назваў Альгерда "псом". Каб узнавіць кантроль над Ноўгарадам, прыйшлося здзейсніць ваенны паход. Літоўская пагроза абумовіла часовае паражэнне прамаскоўскай партыі, Яўстафій быў забіты на вечы.