У гэты час Літва набывае новыя ўладані на ўсходзе. Адным з іх стала Свіслацкае княства, уладар якого Сямён, напэўна, адышоў з гэтага свету. Княства было далучана непасрэдна да велікакняжацкай маёмасці і падзелена паміж Вільнам і Трокамі згодна дагавору, які заключылі Альгерд з Кейстутам яшчэ пры захопе ўлады: кожны новы набытак дзяліць між сабой пароўну. Свіслацкае княства ў выніку гэтага падзелу знікла як самастойная адзінка, ператварыўшыся ў сукупнасць некалькіх валасцей, даход з якіх ішоў непасрэдна ў Вільна і Трокі. Гэтае двайное падпарадкаванне воласці абапал рэк Свіслач і Бярэзіна (Любашанская, Свіслацкая, Бабруйская) захоўвалі яшчэ ў першай палове XVI стагоддзя.
А ўслед за тым перад Альгердам адкрылася прывабная перспектыва — распачаць экспансію на асноўную частку старажытнарускай тэрыторыі, што заставалася пад кантролем Вялікага княства Уладзімірскага і Залатой Арды. Для гэтага мелася некалькі падстаў. Пра адну з іх размова ўжо ішла вышэй — на рускіх землях абуджалася імкненне да эфектыўнай цэнтралізаванай улады. Між тым новы маскоўскі князь Іван Іванавіч хаця і атрымаў ад хана ярлык на вялікае княжанне, па характары і здольнасцях значна менш падыходзіў на ролю ўз'яднальніка, чым яго бацька і брат Сямён, які загінуў ад чумы. Іван застаўся ў гісторыі пад мянушкамі Красны ці Рахманы, і яго панаванне сапраўды не вызначаецца рашучымі дзеяннямі. Ён выступае хутчэй як руплівы вотчыннік, чым як актыўны палітык.
Між тым і другі стрымліваючы цэнтр — Залатая Арда ўступіў у не самыя лепшыя часы. Я ўжо нагадваў пра страты, нанесеныя эпідэміяй. Аднак была і больш трывалая прычына: ардынская дзяржава знаходзілася якраз у "супрацьфазе" свайго эвалюцыйнага развіцця. Ад былой маналітнасці яна няўмольна пераходзіла да той дэцэнтралізацыі, з якой Русь ужо пачынала выходзіць. Хан Джанібск першым па-сапраўднаму сутыкнуўся з сепаратызмам мясцовай знаці, з эканамічных меркаванняў зацікаўленай у "бліжнім" гаспадары. Яго сыну Бердзібеку, што пачаў панаваць у 1356 годзе, давялося яшчэ горш. Намеснікі аддаленых улусаў, такія, як магутны правіцель Харэзма Цімур-Кутлуг, фактычна ператвараліся ў самастойных царкоў, абзаводзіліся пышнымі тытуламі і пачыналі амаль адкрыта ігнараваць сталічны Сарай-Берке. Сепаратысцкія тэндэнцыі мелі прыхільнікаў, як і на Русі ў свой час, сярод бліжэйшых ханскіх родзічаў, яго родных і стрыечных братоў.
Бердзібек, зразумела, не мог асэнсаваць глыбінных працэсаў, што разрывалі дзяржаву. Ён бачыў толькі свавольства родзічаў, якое пагражала цэнтральнай уладзе. Таму, не вельмі ламаючы галаву, ён адразу пасля ўзыходу на трон учыніў вялікае кровапусканне, перарэзаўшы ўсіх бліжэйшых сваякоў. Не злітаваўся нават над васьмімесячным братам. Гэтая наіўная спроба змагацца з вынікам без разумення прычыны ні да чаго добрага, зразумела, прывесці не магла. І калі праз тры гады Бердзібек і сам нечакана памёр, адсутнасць законнага наследніка пасада ўвагнала Залатую Арду ў жорсткую палітычную анархію і толькі паскорыла яе распад на паўсамастойныя улусы.
Усё гэта вельмі спрыяла прэтэнзіям Альгерда на ролю збіральніка спадчыны Кіеўскай Русі. Пакуль ад Арды адвальваліся перыферыйныя кавалкі (адным з іх, напрыклад, была Малдова, якая спачатку трапіла пад кантроль Венгрыі, але хутка ператварылася ў самастойную дзяржаву), а Іван Маскоўскі ледзь адбіваўся ад юнага і энергічнага Алега Разанскага, Альгерд, здаецца, планамерна рыхтаваўся да націску на Русь. Адбыліся новыя палітычныя шлюбы. Дачка Альгерда выйшла за Барыса, малодшага брата новага суздальска-ніжагародскага князя Андрэя Канстанцінавіча (патэнцыяльнага канкурэнта Івана Маскоўскага). У гэтых абставінах новы сэнс набываў і шлюб самога Альгерда з Ульянай Цвярской, браты якой Усевалад і Міхаіл ўсё настойлівей высоўваліся наперад (пакуль што толькі ў барацьбе за Цвер са сваім дзядзькам Васілём Міхайлавічам). З другога боку, і дачка новага маскоўскага князя паехала ў Літву жонкай Дзмітрыя Карыятавіча, што магло "па-свойску" змякчаць вастрыню магчымых канфліктаў за кантроль над Руссю. .
У 1355 годзе Альгерд зрабіў першую спробу выказаць сябе ўладаром усёй Русі. Спроба датычыла рэлігійных спраў. Пасля смерці ад чумы мітрапаліта Феагноста вакантнай была пасада вышэйшай духоўнай асобы. На гэтае месца Альгерд прапанаваў свайго кандыдата — Рамана, родзіча яго жонкі Ульяны Цвярской. Аднак спроба не ўдалася — візантыйскі патрыярх назначыў мітрапалітам стаўленіка Масквы Аляксея.