У 1366 годзе адбылася яшчэ адна ўспышка канфлікту на Валыні, але яна хутка скончылася новым пагадненнем з Казімірам. Любарт Гедымінавіч захаваў за сабой Луцкае княства. Яго пляменнікі таксама засталіся княжыць на Валыні, аднак прынеслі прысягу польскаму каралю. З іх Юрый Нарымонтавіч да зацверджаных за ім раней Белза і Крамянца атрымаў Холм, а сын памёршага ў 1359 годзе Карыята Аляксандр — Уладзімір-Валынскі. Старэйшы брат Аляксандра Юрый Карыятавіч уладкаваўся на Падоллі, адваяваным Альгердам у татар. Магчыма, ужо тады ці ў хуткім часе паўночную частку Валыні — горад Ратна з воласцю — атрымаў пяты сын Альгерда Фёдар. Берасцейская ж зямля з Падляшшам па-ранейшаму засталіся ў руках Кейстута, а Галіцкая з Львовам і Перамышлем — у руках Казіміра Польскага.
У Ардзе ў гэты час паступова ўзыходзіла зорка новага палітычнага дзеяча — правіцеля Крымскай "цьмы" Мамая. Ён не быў нашчадкам Чынгісхана і не мог таму проста заняць ханскі трон. Аднак ужо пры Бердзібеку, з дачкой якога быў жанаты, Мамай займаў вышэйшую прыдворную пасаду беклярыбека. Падчас усобіцы, што разгарэлася затым у Ардзе, Мамай выставіў адным з кандыдатаў ва ўладары марыянетачнага хана, царэвіча Абдулаха. Праўда, яму не ўдалося атрымаць уладу над усёй Ардой, але ад імя Абдулаха Мамай фактычна кіраваў з вясны 1361 года заходняй паловай дзяржавы — стэпавымі прасторамі ад Паўднёвага Буга да Волгі.
Паколькі галоўныя сілы Мамая накіроўваліся на барацьбу за ўладу над Ардой, яму нічога не заставалася як пагадзіцца з адыходам паўднёварускіх зямель у рукі Альгерда. Хутка паміж імі намеціўся нават саюз, накіраваны супраць Масквы. Можна з некаторай асцярожнасцю дапусціць, што афіцыйна гэты саюз быў аформлены як атрыманне Альгердам ярлыка на фактычна захопленыя ім княствы з рук Мамаева стаўленіка. Прамых доказаў гэтаму няма, аднак яшчэ ў першай палове XVI стагоддзя палітычныя саюзы паміж вялікімі князямі літоўскімі і нашчадкамі золатаардынскіх ханаў — крымскімі ханамі афармляліся менавіта такім чынам. Захавалася некалькі падобных ярлыкоў, якія стэрэатыпна аднаўляліся пры ўзыходжанні на пасад новых уладароў княства ці крымскіх правіцеляў нават ў XVI стагоддзі. У іх пацвярджалася права літоўскіх князёў на валоданне былымі ардынскімі "цьмамі": Кіеўскай, Уладзімірскай, Луцкай, Падольскай, Чарнігаўскай, Курскай, Смаленскай. Сярод зямель, на якія ханы лічылі сябе ў праве даваць ярлыкі, не было звычайна ні гарадоў Панямоння, ні Пінска, ні Менска, ні Віцебска (Полацк з'яўляецца нечакана ў ярлыку 1540 года, але ў больш ранніх яго няма). Як і ў выпадку федэратыўных дагавораў вялікіх князёў са знаццю рускіх княстваў, усе гэтыя дакументы ўзыходзяць да вельмі ранніх прататыпаў, што перапісваліся пазней з унясеннем неабходных змен, але з захаваннем асноўных асаблівасцей першапачатковай граматы. Найбольш раннім з магчымых часоў іх узнікнення і з'яўляецца якраз перыяд збліжэння Альгерда з Мамаем.
Да гэтага моманту стала ясна, што прэтэнзіі Альгерда на аб'яднанне ўсёй Русі будуць мець падставу толькі пасля таго, як будзе знішчаны другі аб'яднаўчы цэнтр — Маскоўскае княства. Там пасля смерці ў 1359 годзе Івана Краснага князем стаў яго дзевяцігадовы сын Дзмітрый. Здавалася б, непаўналецце новага ўладара магло выклікаць баярскую анархію і знясільванне дзяржавы. Аднак маскоўскія баяры, узначаленыя мітрапалітам Аляксеем (які ў 1360 годзе вярнуўся з літоўскага палону) здолелі згуртавацца ў інтарэсах аб'яднальнай палітыкі. У 1362 годзе ім удалося інтрыгамі і шчодрымі падарункамі адспрэчыць на карысць свайго князя велікакняжацкі ярлык, аддадзены перад тым суздальскаму князю Дзмітрыю Канстанцінавічу. Абураны Дзмітрый Суздальскі ўзяўся за зброю, аднак масквічы здолелі адстаяць сваё першынство.
Пакуль маскоўскі князь набіраўся гадоў, яго верныя баяры па сваім разуменні ўмацоўвалі яго ўладу, праганялі непаслухмяных Маскве дробных князёў Растова, Галіча, Старадуба, замянялі іх сваімі стаўленікамі. У 1366 годзе маскоўскі Крэмль абнеслі магутнымі мурамі — першымі ва Уладзіміра- Суздальскай Русі.
Усё гэта не магло спадабацца Альгерду. Ён задумаў зламаць Маскве хрыбет, абапіраючыся на сваіх даўніх сяброў і сваякоў — сыноў Аляксандра Цвярскога, родных братоў Альгердавай жонкі Ульяны. Праўда, старэйшы з іх, Усевалад Холмскі, памёр у 1365 годзе прыкладна ў саракагадовым узросце. Але яго энергічны брат Міхаіл у тым жа годзе прагнаў нарэшце дзядзьку, Васіля Міхайлавіча, з вялікага княжання Цвярскога ў яго Кашынскую вотчыну. Спроба Масквы ў 1367 годзе аднавіць былое становішча поспеху не мела. З дапамогай літоўскага войска Міхаіл Аляксандравіч канчаткова ўладкаваўся ў Цверы, да таго ж праз год яго дзядзька і сапернік памёр. Другі канкурэнт Міхаіла, яго стрыечны брат Ерамей Канстанцінавіч Клінскі, перайшоў на службу да Масквы.