Выбрать главу

Так, нягледзячы на знешні эфект, Альгерд не здолеў дамагчыся сваёй галоўнай мэты. Ужо ў наступным годзе маскоўскія палкі зрабілі паход у адказ на Смаленск, а яшчэ праз год — на Цвер. Відавочна, сілы Маскоўскага княства далёка не былі падарваныя. Літве ж даводзілася ў той час звяртаць пільную ўвагу і на захад, на крыжакоў. Тыя яшчэ ў 1367 годзе заснавалі свой новы фарпост Марыенбург ледзь не пад самым Коўнам, на левым беразе Нёмана. Навакольныя літоўскія воласці цярпелі спусташэнне.

Таму ў 1370 годзе Альгерд і Кейстут зрабілі вялікі паход у Прусію — больш чым за тысячу кіламетраў ад Масквы, мэты папярэдняга выступлення. Свой атрад у падтрымку ім выслаў саюзнік Мамай. Аднак і гэтае прадпрыемства не прынесла чаканых вынікаў. Праўда, у жорсткай бітве на лёдзе замёрзлага балота ля Рудавы загінуў вялікі маршалак Тэўтонскага ордэна Шындэркопф, але і літоўскае войска панесла цяжкія страты і вымушана было адысці. У адказ на Літву рушыў новы крыжовы паход добраахвотнікаў з Аўстрыі і Баварыі, які давялося адбіваць з вялікімі цяжкасцямі.

Між тым і трэці напрамак вымагаў увагі: у Польшчы ў тым жа 1370 годзе памёр, не пакінуўшы сыноў, кароль Казімір. Адразу ж пасля гэтага Любарт выгнаў яго васала Аляксандра Карыятавіча з Уладзіміра-Валынскага. Князь Белза і Холма Юрый Нарымонтавіч перайшоў у ленную залежнасць да Літвы. Польшча фактычна страціла кантроль над ўсёй Валынню. Каб замацаваць гэты поспех, Альгерд, Кейстут і Любарт у час польскага бескаралеўя ажыццявілі сумесны набег у глыб Польшчы.

У той жа час Міхаіл Цвярскі атрымаў ад Мамая ярлык на вялікае княжанне ўладзімірскае, аднак маскоўскі князь палічыў сябе дастаткова моцным, каб праігнараваць гэты факт. Яго намеснікі не дазволілі Міхаілу ўехаць ва Уладзімір, маскоўскае войска ледзь не перахапіла яго. Міхаіл быў вымушаны ратавацца ў Літве. Дзмітрый Іванавіч паслаў войска і на Бранск, дзе княжыў Дзмітрый Альгердавіч. Альгерд ледзь паспяваў мітусіцца з канца ў канец сваіх вялізных, але занадта турботных уладанняў. На пачатку зімы ён выступіў у трэці на працягу аднаго года далёкі паход — зноў на Маскву (проста незвычайны спрыт для чалавека, якому пайшоў ужо восьмы дзесятак, ці не праўда?).

Зноў літоўскае войска рухалася наперад вельмі імкліва, але і на гэты раз "другая літоўшчына" спынілася ля муроў Крамля, дзе зачыніўся Дзмітрый Іванавіч. Цяпер Альгерд з Кейстутам і Святаславам Смаленскім прастаялі пад Масквой восем дзён, але капітуляцыі не дамагліся. Надзвычай ранняя зіма ў снежні змянілася моцнай адлігай: снег сышоў, а разам з ім і санны шлях. Падрыхтаванае да дзеянняў у зімовых умовах войска Альгерда трапіла, па сутнасці, у пастку бездарожжа. Таму бывалы воін палічыў за лепшае дасягнуць мірнага пагаднення з абложаным у Крамлі праціўнікам. Перамір'е было замацавана згодай на шлюб дачкі Альгерда (у хрышчэнні Алены) са стрыечным братам Дзмітрыя Маскоўскага, Уладзімірам Андрэевічам. Што ж датычыць Міхаіла Цвярскога, то яму заставалася самому паклапаціцца пра сябе.

Міхаіл зноў падаўся ў Арду да Мамая і яго новага марыянетачнага хана Мухамед-Булака, які змяніў Абдулаха ў 1369 годзе. Але і новы ханскі ярлык, прывезены татарскім паслом Сарыходжай, не дапамог — Дзмітрый зноў адмовіўся прызнаць яго. Пасля перамоў з Сарыходжай маскоўскі князь вырашыў, аднак, асабіста ехаць да Мамая з дарамі. Гэты рызыкоўны крок апраўдаў сябе: Мамай, які меў вялікую патрэбу ў грашах дзеля барацьбы за Сарай, нарэшце прымірыўся з Дзмітрыем. Міхаіл вярнуўся ў сваю Цвер.

Такое развіццё падзей не магло задаволіць старога Альгерда: усе яго намаганні знясіліць Маскоўскае княства не прыводзілі да выніку. Таму ў 1372 годзе ён зрабіў апопшюю спробу: выслаў на дапамогу Міхаілу войска свайго брата Кейстута і сына Андрэя, а таксама князя Дзмітрыя Друцкага. Гэтае войска сумесна з цверычамі хуткім набегам спустошыла ваколіцы Пераяслава-Залескага і Дзмітрава. Неўзабаве і сам Альгерд, разарваўшы мір, выправіўся ў свой трэці паход на Маскву. Аднак гэтым разам засцігнуць ворага знянацку яму ўжо не ўдалося — маскоўскае войска загадзя выступіла насустрач. Ля горада Любуцка, на стыку Тарускага і Навасільскага княстваў, сапернікі сышліся на розных баках глыбокага яра, але ніхто з іх не рызыкнуў перайсці гэты яр. Прастаяўшы так некалькі дзён, Альгерд і Дзмітрый Маскоўскі пагадзіліся разысціся з мірам. Вялікі князь літоўскі вымушаны быў змірыцца з тым, што яго вораг па-ранейшаму застаўся гегемонам у Паўночна-Усходняй Русі.