У XIV стагоддзі, зразумела, яшчэ ніхто не можа прадбачыць далёкіх вынікаў. Наадварот, пачуццё агульнарускай супольнасці ў той час праяўляецца ці не найбольш выразна. Галоўным носьбітам такога пачуцця выступае праваслаўная царква, якая актыўна імкнецца пазбегнуць расколу. Улічваючы гэты настрой, канстанцінопальскі патрыярх катэгарычна адмаўляецца працягваць ім жа распачатую практыку прызначэння двух мітрапалітаў — літоўска-валынскага і ўладзімірскага (фактычна маскоўскага). Мітрапаліт, незалежна ад яго рэзідэнцыі, павінен быць толькі "Кіеўскі і ўсея Русі". Такім пасля смерці Рамана становіцца маскоўскі стаўленік Аляксей.
Аднак жыццё няўмольна бярэ сваё, і ўжо ў 1370 годзе патрыярх пагаджаецца з прапановай польскага караля Казіміра і аднаўляе мітраполію ў Галічы для тых рускіх зямель, што ўвайшлі ў склад Польшчы. Між тым Альгерд працягвае патрабаваць мітрапаліта, якому падпарадкоўваліся б Кіеў, Малая Русь, Цвер і іншыя пакуль што незалежныя ад Масквы тэрыторыі. Каб вырашыць пытанне, патрыярх накіроўвае ў 1373 годзе на Русь сваю давераную асобу — балгарскага манаха Кіпрыяна. Той павінен садзейнічаць царкоўнаму і палітычнаму ўз'яднанню Русі. Палітычныя ўмовы, аднак, няўмольна штурхаюць мітраполію да расколу на дзве часткі.
Канчатковае знікненне палітычнага адзінства Русі прыводзіць да таго, што з другой паловы ХІV стагоддзя ўсё часцей пачынаюць ужывацца лакальныя назвы яе асобных частак: Вялікая і Малая Русь ці "каляровыя" назвы (Белая, Чорная, Чырвоная Русь). Тэрмін "Малая Русь" эпізадычна ўжываўся ў адносінах да Галіцка-Валынскага княства і раней (упершыню ён зафіксаваны ў XIII стагоддзі). Звычайна яго выкарыстоўвалі ў асяроддзі візантыйскага патрыярха, калі гаворка ішла пра дзве адначасова існуючыя рускія мітраполіі (тая, што ахоплівала Валынь і землі Вялікага княства Літоўскага, звычайна лічылася "Малой Руссю"). Тэрмін "Малая Русь" ужываўся і ў Польшчы ў адносінах да Галіччыны і Заходняй Валыні, уключаных у Польскае каралеўства.
Не выключана, што першапачаткова "каляровая" антытэза мела той жа самы сэнс: "белы" адначасова значыла "вялікі", "асноўны". Блізкасць вымаўлення старажытных слоў "чорны" і "чермный" ("чырвоны") наводзіць на думку, што калісьці было адно супрацьпастаўленне (белы — чорны ці белы — чырвоны), якое затым расшчапілася на два ў выніку скажэння першапачатковай формы. (Гэта магло адбыцца тым лягчэй, што тэрміны мелі чыста ўмоўны сэнс.)
Ужыванне "каляровых" назваў з'яўлялася вельмі супярэчлівым, блытаным. Мясцовае насельніцтва не толькі ў XIV стагоддзі, а і значна пазней гэтымі назвамі не карысталася, іх можна сустрэць звычайна ў царкоўным ужытку ці ў творах замежных географаў і храністаў. Агульная тэндэнцыя такая: Белая Русь заўсёды знаходзіцца на поўначы ці паўночным усходзе ад Чорнай ці Чырвонай. Розныя аўтары да Белай Русі адносілі то Ноўгарад, Пскоў і Масковію, то Полаччыну з Віцебшчынай, то княствы ў вярхоўях Акі. В. Тацішчаў на падставе сваіх крыніц увогуле прыйшоў да памылковай высновы, быццам бы Белай Руссю ў старажытнасці звалася толькі Уладзіміра-Суздальская зямля. Можна адзначыць, што практычна ўсе старажытныя аўтары адносілі гэтую назву да розных частак былых паўночнарускай і сярэднярускай этнаграфічных правінцый.
Чорнай Руссю звычайна называлі Панямонне, Палессе і поўнач Кіеўшчыны, Чырвонай — Галіччыну і Заходнюю Валынь, хаця гэтыя назвы часта блыталі. У асноўным іх арэал супадае с паўднёварускай этнаграфічнай правінцыяй XIII стагоддзя.
Увогуле тлумачэнняў паходжання назвы "Белая Русь" выказвалася безліч. Але, як правіла, іх аўтары ігнаруюць той факт, што гэтая назва (як і іншыя аднатыпныя) мела ў розныя часы розны сэнс і блукала па геаграфічнай карце. У XVII—XVIII стагоддзях яна замацавалася за паўночна-ўсходняй часткай сучаснай Беларусі (Полаччынай, Віцебшчынай, Магілёўшчынай), а ў XIX стагоддзі (нават у другой яго палове) распаўсюдзілася на ўсю Беларусь і канчаткова набыла этнічны сэнс.