Больш адчувальнымі ў гэты час робяцца заходнееўрапейскія імпульсы, правадніком якіх выступае Польшча. Там адбыліся важныя змены: у 1370 годзе памёр кароль Казімір, і са смерцю яго абарвалася пануючая дынастыя (калі не лічыць мазавецкіх князёў, заставаўся яшчэ дробны князь Уладзіслаў Белы, які даўно прадаў сваё княства бацьку Казіміра Уладзіславу Лакатку і пастрыгся ў манахі ў Францыі). Яшчэ пры жыцці Казіміра было вырашана, што карона Польшчы пяройдзе да сына яго сястры Альжбеты — венгерскага караля Людовіка (Лаяша) з так званай Анжуйскай дынастыі. Гэтая дынастыя, адгалінаванне французскага каралеўскага роду, шляхам дынастычных шлюбаў атрымала шмат еўрапейскіх карон. Тое, што Людовік Анжуйскі станавіўся адначасова каралём Венгрыі і Польшчы, уводзіла апошнюю непасрэдна ў свет вытанчанай заходнееўрапейскай палітыкі. Паскараецца распаўсюджанне ў Польшчы рыцарскай атрыбутыкі: гербавых шчытоў, шлемаў з пышнымі плюмажамі, абраду пасвячэння ў рыцары.
Дададзім, што пасля з'яўлення арбалетаў і гакаўніц на змену кальчужным даспехам прыходзяць цэльнаметалічныя латы. Адным словам, польская шляхта набывае тое каларытнае аблічча, што звычайна асацыіруецца ў нас з рыцарскай эпохай.
Заходняя мода не магла не ўплываць на баярства і князёў Літвы і Русі. Магчыма, якраз у гэты час пачынае афармляцца ў традыцыях еўрапейскай геральдыкі "Пагоня" — дзяржаўны герб Вялікага княства Літоўскага. У яго былі і мясцовыя карані — звычай змяшчаць на княжацкіх пячатках выяву ўзброенага конніка. Такія пячаткі ўжываў на Русі яшчэ Аляксандр Неўскі, потым яго сыны і ўнукі. Коннага воіна са шчытом і сцягам меў на пячатцы галіцка-валынскі князь Юрый Львовіч. Выява вершніка (з кап'ём?), захавалася і на пячатцы полацкага князя Нарымонта (у хрышчэнні Глеба) Гедымінавіча. Аднак ператварэнне пячатак у герб, пабудаваны паводле геральдычных законаў (пазней некаторыя галіны Гедымінавічаў ужывалі яго ў якасці родавага герба) трэба звязваць з заходнееўрапейскім уплывам. Першыя бясспрэчныя факты, калі выява ўзброенага конніка ўжываецца ў якасці дзяржаўнай пячаткі Вялікага княства, адносяцца да часу Крэўскай уніі (1385 год). Дарэчы, менавіта з 1380-ых гадоў прасочваюцца першыя асабістыя пячаткі з гербавымі выявамі і ў прадстаўнікоў іншых арыстакратычных родаў. Тады, напэўна, князі Гальшанскія аформілі свой герб "Кентаўр", а князі Гедройцы — герб "Ружа". Літоўскі баярын Манівід Кайлікінавіч, полацкі баярын Фёдар Корсак, іншыя баяры ў гэты час, яшчэ да прыняцця польскіх гербаў, карысталіся ўласнымі пячаткамі.
Прыклады з гербамі і пячаткамі — толькі найбольш яскравыя сведчанні новага стылю паводзін. Не менш прыцягальнымі былі навацыі ў сацыяльным статусе польскай шляхты, да таго невядомыя не толькі літоўскаму, але і рускаму баярству. Карыстаючыся тым, што кароль- чужынец Людовік не вельмі трывала сядзеў на польскім троне, шляхта ў 1374 годзе дамаглася ад яго так званага Кошыцкага прывілея, паводле якога кожны рыцар атрымліваў для сваіх маёнткаў права імунітэту, як яго называлі. Залежныя сяляне мусілі цяпер плаціць у дзяржаўную казну толькі невялікі, амаль сімвалічны падатак, усе астатнія павіннасці ішлі выключна на карысць землеўладальніка. Адначасова шляхце надаваліся і іншыя правы. Службовыя асобы ў тэрытарыяльных акругах-паветах, у якія ператварыліся былыя княствы, павінны былі назначацца толькі з ліку мясцовых землеўладальнікаў. Утвараўся шэраг выбарных пасад: павятовых суддзяў, маршалкаў, харунжых, якія займаліся судовымі і ваенна-мабілізацыйнымі справамі ў паветах.
Аб такім абмежаванні вярхоўнай улады на карысць рыцарства маглі толькі марыць баяры Вялікага княства Літоўскага. Старажытнаруская традыцыя, паводле якой будаваўся сацыяльны лад на землях Вялікага княства, разглядала баяр як паслухмяных слуг княжацкай улады, не болей. Варта адзначыць, што баярства Маскоўскай Русі, да якой заходні ўплыў практычна не дайшоў, так ніколі і не атрымала сапраўднага імунітэту, дый мясцовае самакіраванне не ператварылася там ва ўстойлівую традыцыю. Наадварот, усё большую жорсткасць набывала там іерархічная лесвіца. Князі, якія за пярэчанне свайму гаспадару, ардынскаму хану, маглі развітацца з жыццём, патрабавалі такой жа бездакорнай паслухмянасці ад баяр, а тыя ў сваю чаргу — ад уласных слуг. Праз адно-два стагоддзі гэтая на перпш погляд неістотная розніца ператворыць Польшчу і Масковію ў палітычных антыподаў: у першай запануе шляхецкая вольніца, а ў другой буйнейшыя вяльможы будуць звыкла называць сябе халопамі самаўладнага цара.