Выбрать главу

Але Альгерду не суджана было зрабіць канчатковы выбар — у 1377 годзе, ва ўзросце 83 гадоў, ён памёр і быў пахаваны паводле паганскага абраду (спалены на вогнішчы). Цвярскі манах Спірыдон-Сава, які пісаў на мяжы XV—XVI стагоддзяў, сцвярджаў, нібыта перад смерцю Альгерд па просьбе жонкі прыняў праваслаўнае хрышчэнне і нават пастрыжэнне ў манахі, аднак слушнасць гэтай звесткі выклікае сумненні. За сваё доўгае жыццё Альгерд пакінуў надзвычай вялікае патомства: пяць сыноў ад першага шлюбу і сем ад другога, а таксама не менш шасці дачок. Пры дзіцячай смяротнасці каля 30—40% народжаных, уласцівай старажытным часам, выжыванне столькіх дзяцей было унікальнай з'явай. Але адносна наследавання ўлады вялікая колькасць сыноў таіла небяспеку смуты. Перад смерцю Альгерд распарадзіўся сваёй спадчынай так жа, як некалі яго бацька. Пераемнікам ён прызначыў старэйшага сына ад другой жонкі — Ягайлу. Напэўна, вялікі князь быў незадаволены сваімі першынцамі, Андрэем і Дзмітрыем, якія на сваіх рускіх удзелах аддаліліся ад агульнадзяржаўных інтарэсаў.

Альгерд не змог пераадолець інерцыю "ўдзельнай эпохі", якая патрабавала, каб кожны родзіч вялікага князя меў сваё княства. Удзелы атрымалі яго малодшыя сыны: Карыгайла пачаў княжыць у Мсціславе, Віганд — у Кернаве, Карыбут — у Ноўгарадзе-Северскім. Побач з Карыбутам, у Старадубе, атрымаў удзел Патрыкей Нарымонтавіч. Пра ўладанні Скіргайлы і Лугвеня ў гэты час звестак няма. Калі дадаць сюды Войдата і Вітаўта Кейстутавічаў, што княжылі адпаведна ў Ноўгародку і Горадне, і падрастаючых Свідрыгайлу Альгердавіча і двух малодшых сыноў Кейстута, якім хутка таксама трэба было вылучаць уладанні,— то перад намі яўны рэнесанс удзельнай сістэмы, так паспяхова пераадоленай у суседняй Польшчы. Існаванне звыш дваццаці паўсамастойных князёў не магло абысціся без канфліктаў паміж імі і да таго ж запавольвала працэс утварэння заможных рыцараў-магнатаў, на гаспадарцы якіх трымаўся дабрабыт Польшчы.

Калі б Літва існавала як асобная монаэтнічная дзяржава, яна непазбежна прайшла б праз натуральную для яе стадыі развіцця сістэму ўдзелаў (і, напэўна, была б захоплена ў гэты момант магутнымі суседзямі). Аднак сімбіёз з Руссю, якая такую стадыю ўжо мінавала, ствараў магчымасць пазбегнуць драблення, асабліва пры ўзмацненні польскага ўплыву. Праўда, рэалізацыя падобнай магчымасці не абышлася без жорсткага крызісу.

Заканчэнне доўгага і моцнага праўлення звязана з ажыўленнем ўнутрыпалітычнага жыцця. Дзяржава ў гэты момант нагадвае насякомае, якое скінула цесны хіцінавы панцыр і хутка расце ў кароткі прамежак, пакуль новая абалонка не зацвярдзела. Як і пасля смерці Гедыміна, скрытае напружанне, што накапілася да таго часу, ліхаманкава разраджаецца.

Непасрэдным штуршком для ўнутрыдзяржаўнай барацьбы і на гэты раз стала заняцце велікакняжацкага пасада малодшым братам у абыход старэйшых. Найбольш незадаволенымі былі Андрэй і Дзмітрый Альгердавічы, пазіцыя іх братоў Уладзіміра і Канстанціна невядомая. Андрэй Полацкі барацьбу за ўладу прайграў і пасля гэтага адкрыта стаў прыхільнікам Маскоўскага княства. Узімку 1377/78 года ён са сваёй дружынай і сынамі Міхаілам, Сямёнам і Іванам уцёк з Полацка ў Пскоў, дзе яго прынялі гараджане на княжанне, якое займаў некалі ў маладосці. Хутка потым Андрэй з'ездзіў у Маскву і прынёс васальную прысягу Дзмітрыю Іванавічу — "айцу і гаспадзіну", які па ўзросце падыходзіў яму ў сыны.

У гэты ж час і Фёдар Альгердавіч перайшоў са сваім Ратненскім княствам у васальную залежнасць ад Людовіка Анжуйскага. Князь Дзмітрый Бранскі (ёсць меркаванне, што хутка пасля маскоўскіх паходаў Альгерда ён быў выбіты масквічамі з Бранска і княжыў у суседнім Трубчэўску) пэўны час вагаўся. Але калі зімой 1378/79 года маскоўскі князь накіраваў на Трубчэўск войска свайго стрыечнага брата Уладзіміра Серпухаўскага, Дзмітрый Альгердавіч не аказаў яму супраціўлення і выказаў пакорлівасць. Аднак утрымаць свой удзел ад помсты літоўцаў не здолеў і таксама з'ехаў з сям'ёй і дружынай у Маскоўскае княства, дзе атрымаў у якасці кампенсацыі Пераяслаў-Залескі.