Выбрать главу

Трэцяй буйной зямлёй у складзе Русі была Чарнігаўска-Северская. Мы застаём яе падзеленай на дзве вотчыны: уласна Чарнігаўскае і Ноўгарад- Северскае княствы, якія належаць дзвюм галінам роду Ольгавічаў. Чарнігаўскай да 1223 года кіраваў Мсціслаў Святаславіч, потым вяршэнства перайшло да яго пляменніка Міхаіла Усеваладавіча. Ноўгарад-северская галіна паходзіць ад славутага князя Ігара Святаславіча — героя "Слова аб палку Ігаравым". Яе ў 1220-ыя гады ўзначальваў сын Ігара Алег. Кожная з дзвюх вотчын (асабліва чарнігаўская) заставалася дастаткова буйной, каб адыгрываць істотную ролю ў дзяржаве.

Некалі магутная Уладзіміра-Валынская зямля на пачатку XIII стагоддзя трапіла ў даволі неспрыяльнае становішча. Старэйшую галіну тамтэйшай дынастыі ўтваралі юныя Даніла і Васілька Раманавічы. Іх бацька, князь Раман, памёр у 1205 годзе, пакінуўшы іх немаўлятамі. Стрыечны брат Данілы і Васількі — Аляксандр Белзскі, а таксама галіна луцкіх князёў мелі асобныя ўладанні. Гэта выклікала часовы палітычны заняпад Уладзіміра- Валынскай зямлі і прывяло да страты суседняга Галіча, які князь Раман у свой час далучыў да сваіх уладанняў. Аднак на працягу 1220-ых гадоў згасае луцкая галіна, а Аляксандр Белзскі церпіць паражэнне ад пасталеўшых Раманавічаў, так што Валынь зноў трапляе ў рукі адной княжацкай сям'і. Гэта вяртае яе ў лік магутных палітычных цэнтраў і дазваляе Данілу Раманавічу распачаць барацьбу за Галіч.

Абмінем становішча ўскраінных Мурамскага і Разанскага княстваў, якія практычна не будуць уплываць на ход падзей, што цікавяць нас. Пра Кіеўскую, Пераяслаўскую і Наўгародскую землі можна толькі сказаць, што яны страцілі самастойныя княжацкія дынастыі і правяць там у залежнасці ад палітычнага раскладу прадстаўнікі уладзіміра-суздальскіх, чарнігаўскіх ці смаленскіх князёў. Пры гэтым тытул кіеўскага князя традыцыйна мае асаблівы прэстыж і статус вяршэнства, але фактычна Руссю кіруюць сумесна прадстаўнікі найбольш магутных княжацкіх сем'яў. На пачатку 1230-ых гадоў гэта Юрый Уладзіміра-Суздальскі, Міхаіл Чарнігаўскі і Даніла Уладзіміра-Валынскі.

Я наўмысна не засяроджваў вышэй увагу на тэрыторыі сучаснай Беларусі, чыё становішча робіцца асабліва наглядным на фоне азначаных цэнтраў. Дарэчы, частка яе зямель у той час непасрэдна да гэтых цэнтраў і належыць: гарады Гомель, Рэчыца і, верагодна, Рагачоў уваходзяць у Чарнігаўскае княства, Мазыр — у Кіеўскае, Мсціслаў — у Смаленскае, Берасце — ва Уладзіміра-Валынскае. На астатняй тэрыторыі, крыху меншай, чым Смаленская ці Чарнігаўская зямля, існуе ледзь не дзесятак (прынамсі, не менш сямі) самастойных княстваў. Ні адно з іх не мае дастатковай сілы, каб уплываць на падзеі за сваімі межамі. Не выпадкова летапісы, якія даволі падрабязна асвятляюць лёс вышэйзгаданых палітычных цэнтраў, амаль цалкам абмінаюць тэрыторыю сучаснай Беларусі. Таму і наш агляд, відавочна, атрымаецца вельмі фрагментарным і гіпатэтычным.

Полацкая зямля, вотчына Усяславічаў-Рагвалодавічаў, ужо у першай палове XII стагоддзя перастала існаваць як адзінае цэлае. На яе тэрыторыі ўтварыліся самастойныя вотчыны трох галін роду Усяслава — друцкай, менскай і віцебскай. У XII стагоддзі менскай галіне належалі апрача самога Менска Ізяслаўль (Заслаўе) і Лагожаск (Лагойск). Уладанні Друцкага княства ахоплівалі, верагодна, Барысаў (паводле Тацішчава, гэты горад быў заснаваны Рагвалодам-Барысам Друцкім) і Свіслач ля ўпадзення аднайменнай ракі ў Бярэзіну. Віцебску належалі Усвят і Азярышча, яго ўладары аспрэчвалі ў Смаленска Ршу (Оршу) і Копысь на Дняпры. Невядома, ці засталіся межы дадзеных земляў такімі ж у XIII стагоддзі, — частка былых удзелаў магла к таму часу ператварыцца ў самастойныя княствы, калі працэс драблення роду Рагвалодавічаў ішоў гэтак жа хутка.

Тураўская зямля канчаткова вылучылася з уладанняў кіеўскіх князёў у сярэдзіне XII стагоддзя, калі ў Тураве ўладкаваўся прапраўнук Яраслава Мудрага Юрый Яраславіч. Да канца таго ж стагоддзя яго сыны ўтваралі адзіную сямейную групу, а затым унукі падзялілі вотчыну не менш чым на тры часткі: Тураўскае, Пінскае і Дубровіцкае княствы. На жаль, летапісы не згадваюць. пра лёс Клецка і Слуцка, якія напярэдадні ўладкавання ў Тураве Юрыя Яраславіча вылучыліся са складу Тураўшчыны і перайшлі да чарнігаўскіх Ольгавічаў. Магчыма, пазней Юрый вярнуў гэтыя гарады, аднак доказаў таму няма.