Вынікам усобіцы з'явілася пераразмеркаванне палітычных сілаў у дзяржаве. Найбольш відныя дзеячы троцкай паловы ці загінулі, як сам Кейстут (і яго старэйшы сын Войдат), ці вымушаны былі з'ехаць у іншыя краіны. Аднак у дзяржаве захоўвалася шмат паўсамастойных цэнтраў. Адным з іх была Валынь, дзе апошні з сыноў Гедыміна Любарт памёр у 1383 ці 1384 годзе, але пакінуў трох сыноў. З іх два малодшых, Лазар і Сямён, таксама памерлі рана, а старэйшы, Фёдар, атрымаў з бацькоўскіх уладанняў толькі Уладзімір. Луцк жа быў ператвораны ў намесніцтва, і першым намеснікам стаў князь Фёдар Данілавіч Астрожскі. Прыкладна тады ж памёр і Аляксандр Нарымонтавіч. Яго браты Юрый і Патрыкей паслядоўна спрабавалі сябе ў якасці служылых князёў у Вялікім Ноўгарадзе ў 1379— 1385 гадах.
Аднак замятня дапамагла аднавіць кантроль над Полацкам Андрэю Альгердавічу, і Ягайла мусіў пагадзіцца з гэтым. Хутка ён прымірыўся і з астатнімі старэйшымі братамі (за выключэннем, здаецца, Фёдара Ратненскага) — напэўна, Кейстутавічы здаваліся страшнейшымі. У Літву вярнуўся Дзмітрый Альгердавіч, а Уладзімір і Канстанцін так і засталіся на сваіх княжаннях у Кіеве і Чарнігаве (з Чарнігаўскага княства былі вылучаны для Карыбута і Патрыкея Ноўгарад-Северскі і Старадуб).
Дастаткова цьмянай выглядае, як звычайна, сітуацыя на тэрыторыі сучаснай Беларусі, асабліва на Палессі. У Пінску княжыць, здаецца, унук Нарымонта Васіль Міхайлавіч, побач, у Давыд-Гарадку,— князь Давыд, за якога выйшла другім разам Марыя Альгердаўна (удава Вайдзілы). У Сцяпані (магчыма, і ў Дубровіцы) пазней будзе згадвацца князь Сямён, у Слуцку — Юрый. Па-ранейшаму валодае Заслаўем Міхаіл Яўнуцьевіч. У Друцку князь Дзмітрый Васілевіч таксама памёр прыкладна ў гэты час, пакінуўшы малалетняга сына. Яго ўдава, дачка Алега Разанскага, узяла шлюб з Карыбутам (у хрышчэнні Дзмітрыем, як і яго брат) Ноўгарад-Северскім. Пра другога друцкага князя, Дзмітрыя Сямёнавіча (заснавальніка галоўнай у далейшым галіны князёў Друцкіх) вядома толькі з радаводу.
Адным словам, і пасля замятні Вялікае княства з'яўлялася па сутнасці расшчэпленым на ўдзелы, а ў Ягайлы пакуль што не было сродкаў пераадолець гэты стан. Аднак падзеі ў суседняй Польшчы надалі гісторыі Літоўскай дзяржавы зусім іншы напрамак.
У 1382 годзе, перажыўшы на год сваю маці, памёр кароль Венгрыі і Польшчы Людовік — апошні з Анжуйскай дынастыі. Ужо другі запар гаспадар Польшчы не пакінуў пасля сябе мужчынскага патомства. І зноў лёс кароны апынуўся ў руках магнатаў і шляхты, і зноў ім адкрывалася магчымасць павялічыць свае правы за кошт асірацелай цэнтральнай улады. Дзве дачкі Людовіка (трэцяя памерла пры яго жыцці) не паспелі яшчэ дасягнуць паўналецця і зараз венгерскія і польскія магнаты маглі вырашаць, каму са шматлікіх прэтэндэнтаў даць згоду на шлюб — а значыць, і на адну з дзвюх вакантных карон.
Старэйшую дачку, Марыю, яшчэ ў дзяцінстве прасваталі за сына чэшскага караля (і адначасова германскага імператара) — Сігізмунда Люксембурга. Яна павінна была атрымаць у спадчыну карону Польшчы, а яе малодшая сястра Ядвіга — венгерскую карону. Імператар Карл Люксембург к гэтаму часу ўжо памёр, і каралём Чэхіі стаў яго старэйшы сын, семнаццацігадовы Вацлаў. Сігізмунд, якому на момант смерці Людовіка Анжуйскага споўнілася ўсяго 14 гадоў, прыбыў са сваёй (такой жа юнай) нявестай у Кракаў.
Аднак перспектыва з'яўлення на польскім троне аднаго з Люксембургаў, заклятых ворагаў Польшчы на працягу двух мінулых пакаленняў, выклікала мала энтузіязму у польскіх магнатаў. Запраўлялі ў гэтай партыі кракаўскі староста Судзівой і два маладыя, але вельмі заможныя магнаты з роду Лелівітаў — браты Ян з Тарнова і Спытка з Мельштына. Пад іх уплывам польская знаць адмовілася ад абяцанняў, якія давала бацьку Марыі. Нягледзячы на намаганні каралевы-ўдавы Альжбеты Баснійскай, Сігізмунду і яго нявесце было адмоўлена ў польскай кароне.
Замест таго вырашылі заклікаць малодшую дачку Людовіка, дзевяцігадовую Ядвігу, якую меркавалі выдаць за Вільгельма Габсбурга, сына аўстрыйскага герцага Леапольда. Але змяніць Люксембурга на Габсбурга — прыкладна тое ж, што змяніць шыла на мыла: гэта таксама быў яўна прагерманскі варыянт, які абяцаў залежнасць Польшчы ад Свяшчэннай Рымскай імперыі. Таму ў якасці альтэрнатыўнага жаніха Ядвігі прапанавалі сына памёршага ў 1381 годзе ўладара Мазовіі Зямовіта Трайдзенавіча, таксама Зямовіта, што валодаў заходняй паловай Мазовіі з Плоцкам, Сахачавам і Равай. Усходняя частка з Чэрскам і Варшавай належала яго старэйшаму брату, зяцю Кейстута Янушу.