Выбрать главу

Кандыдатуру Зямовіта падтрымала ў асноўным велікапольскае рыцарства, у той час як Малая Польшча выступіла катэгарычна супраць. Паміж прыхільнікамі Зямовіта і Вільгельма ўспыхнула сапраўдная грамадзянская вайна.

І вось у гэтай заблытанай сітуацыі ў гульню вырашыў уключыцца Ягайла. Вельмі зручнай для яго з'явілася тая акалічнасць, што ў трыццаціпяцігадовым узросце ён не быў яшчэ жанаты — зараз гэта дазваляла выступіць прэтэндэнтам на руку каралеўны Ядвігі.

Даволі значнай частцы польскай знаці такі варыянт здаўся ледзь не аптымальным з розных бакоў. Стаўшы польскім каралём, Ягайла атрымліваў магчымасць аб'яднаць ваенную моц дзвюх дзяржаў, як і яго папярэднік. Толькі зараз такім натуральным саюзнікам Польшчы выступала б не звернутая тварам да Адрыятыкі Венгрыя, а Вялікае княства Літоўскае. У Польшчы і Літвы меўся агульны вораг — Тэўтонскі ордэн, які закрываў абедзвюм краінам выхад у Балтыйскае мора і пастаянна пагражаў іх інтарэсам. Абагульніўшы сілы, можна было б ставіць пытанне ўжо не толькі пра стрыманне ордэнскай агрэсіі, але пра пераход у контрнаступ. Дынастычная унія Польшчы і Літвы абяцала і зняцце застарэлага пытання аб Галіцка-Валынскай Русі.

Зразумела, такі варыянт імпанаваў у першую чаргу антыгерманскай партыі. Праўда, і у яе меліся некаторыя довады супраць. Перш за ўсё Ягайла, як і большая частка ўласна літоўскага баярства, заставаўся паганцам, а некаторыя з членаў пануючай дынастыі прынялі праваслаўе (нават сярод малодшых Альгердавічаў на рускіх удзелах хрысціліся ў яго Лугвень-Сямён, Карыбут-Дзмітрый і Скіргайла-Іван), у той час як палякі былі заўзятымі католікамі. Але гэтая перашкода не з'яўлялася непераадольнай. Непахісная ўпартасць, з якой бацькі і дзяды тагачасных літоўцаў адстойвалі сваіх багоў, патроху размывалася. Надзённыя інтарэсы падштурхоўвалі літоўскіх баяр да ўсё большага збліжэння з хрысціянскім светам. І калі непрыманне хрышчэння з рук крыжакоў было справай прынцыпу, то каталіцызм Польшчы, здавалася, не хаваў у сабе небяспекі. Больш таго, хрышчэнне ў каталіцтва літоўскай знаці павінна было прадухіліць яе асіміляцыю, растварэнне ў шматлікім праваслаўным масіве Русі.

Такім чынам, варыянт польска-літоўскай уніі знаходзіў прыхільнікаў з абодвух бакоў. Тая групоўка літоўскіх баяраў, якая канкурыравала з рускай арыстакратыяй за месца пры велікакняжацкім двары, магла разлічваць, што з прыняццем каталіцтва яна знойдзе ў польскіх магнатах саюзнікаў супраць праваслаўных. Для самога ж Ягайлы польская карона была, безумоўна, вельмі прывабнай, да таго ж яна магла спрыяць наладжванню пахіснуўшагася ўнутранага парадку ў Вялікім княстве. Паказальна, што дыпламатычныя захады наконт прыняцця каталіцтва Ягайла пачаў рабіць адразу пасля смерці бацькі (гэта, дарэчы, з'яўлялася адной з мэтаў місіі Скіргайлы на захад у 1377 годзе).

Але Ягайлу, які ўступаў у балота польскай дынастычнай сваркі, патрэбны быў надзейны тыл. Між тым Вітаўт, нядаўні сябар, а зараз закляты вораг, працягваў укрывацца пад крылом крыжакоў. Гэта значыла, што любая ўнутраная апазіцыя магла выступіць пад яго сцягам.

Справы Вітаўта ў гэты час ішлі не надта ўдала. З вялікімі цяжкасцямі ён дамогся, каб Ягайла выпусціў у Прусію яго малодшых братоў і жонку з трыма малымі дзецьмі (дачкой Соф'яй і сынамі, вядомымі пад хрысціянскімі імёнамі Юрый і Іван). Згубіўшы бацьку і ўсе ўладанні, цудам пазбегнуўшы смерці, Вітаўт вымушаны быў шукаць падтрымкі ў злейшых ворагаў — крыжакоў. Яны ж выкарыстоўвалі яго як пешку ў сваіх камбінацыях. Хутка пасля прыбыцця ў Ордэн Вітаўт ахрысціўся ў каталіцтва пад імем Віганда і атрымаў у намесніцтва адзін з замкаў на мяжы з Жамойцю. Ён удзельнічаў у некалькіх паходах крыжакоў, марна спрабуючы ўладкавацца з іх дапамогай у бацькоўскіх Троках. У верасні 1383 года яму нават удалося на кароткі час захапіць Трокі, але ўтрымацца там ён не здолеў.

Знаходжанне Вітаўта пад апекай Ордэна дазваляла апошняму весці наступ на Літву на законных падставах. Таму крыжакі ахвотна давалі яму войска, а самі між тым будавалі моцны замак у захопленым Коўне. Ягайла вымушаны быў адмовіцца ад Жамойці, якая фактычна перайшла пад уладу Ордэна. І самому Вітаўту вельмі дорага даводзілася аплачваць крыжацкую падтрымку. У чэрвені 1384 года ён мусіў падпісаць вельмі нявыгаднае пагадненне. Усе свае вотчыны, якія яшчэ належала вярнуць, Вітаўт загадзя перадаў у ленную залежнасць Ордэну. У выпадку яго смерці малыя сыны павінны былі заставацца пад апекай крыжакоў, а калі памруць і яны — адзіную дачку магістр мог выдаць замуж па ўласным меркаванні, застаючыся вярхоўным сюзерэнам яе спадчыны. Малодшыя браты Вітаўта, Таўцівіл і Сігізмунд, таксама павінны былі атрымаць уладанні з рук Ордэна.