Дакумент гэты нагадваў дагавор ваўка з ягнём аб парадку з'ядання апошняга. I, напэўна, у сувязі з гэтым маленькія сыны Вітаўта, што знаходзіліся ў руках крыжакоў у замку Кёнігсберг, раптоўна памерлі,— як лічыцца, былі атручаны. Калі б зараз што здарылася і з самім Вітаўтам — Ордэн без перашкод павёў бы ад імя яго дачкі барацьбу за палову Літоўскага княства.
Наколькі па-рознаму можа складвацца чалавечы лёс! Калі б Вітаўт і сапраўды загінуў у гэты чорны для яго момант — у гісторыі ён застаўся б агідным здраднікам накшталт Пялюзе ці свайго брата Бутаўта-Генрыха, чалавекам, які адчыніў браму ордэнскай экспансіі. Але пан Выпадак рыхтаваў яму доўгае жыццё і гучную славу.
Хутка Вітаўт, які знаходзіўся проста ў безвыходным становішчы, даведаўся, што Ягайла напярэдадні барацьбы за польскую карону не супраць памірыцца з ім. І Вітаўт аддаў перавагу забойцу бацькі перад забойцамі сыноў. Усяго праз некалькі тыдняў пасля заключэння ганебнага дагавору ён раптоўна напаў са сваёй літоўскай дружынай на памежныя замкі крыжакоў, спаліў іх і разам з князямі Судзімонтам, Іванам Альгімонтавічам і іншымі сваімі паплечнікамі перайшоў у Літву.
Ягайла прыняў уцекача і вярнуў яму частку бацькоўскай спадчыны: Горадна, Ваўкавыск, Падляшша і частку Берасцейскай зямлі з замкам Камянец. Праўда, Трокі засталіся пад уладай Скіргайлы, якому ішлі і даходы з падняпроўскіх валасцей, падзеленых некалі паміж Альгердам і Кейстутам. Брат Вітаўта Таўцівіл атрымаў Ноўгародак.
Бясспрэчна, Вітаўт моцна рызыкаваў, давяраючыся Ягайлу, які ўжо раз перамог яго бацьку за кошт парушэння клятвы. Ягайла мог паддацца спакусе і разам знішчыць усіх Кейстутавічаў. Як ні дзіўна, на карысць Вітаўта зараз працаваў яго дагавор з крыжакамі, што даваў ім магчымасць прэтэндаваць на яго спадчыну. Пакуль Вітаўт быў жывы і лічыўся саюзнікам Ягайлы, гэты дагавор не ўяўляў вялікай небяспекі для Літвы, смерць жа яго дазволіла б Ордэну ўмяшацца ў літоўскія справы на "законных" падставах.
Адразу ж пасля вяртання на радзіму Вітаўт перахрысціўся з каталіцтва ў праваслаўе пад імем Аляксандра, як бы змываючы свой нядаўні ўчынак. У верасні таго ж 1384 года ён разам з Ягайлам выступае на ордэнскі замак у Коўне, які быў узяты літоўцамі пасля некалькіх тыдняў аблогі.
Між тым на пачатку 1385 года асабліва прыбліжаныя паплечнікі Ягайлы: яго брат Скіргайла, князь Барыс Падольскі (паходжанне гэтага князя дакладна не вызначана), віленскі стараста Ганул,— выехалі ў Польшчу сватаць Ядвігу. Там падзеі разгортваліся ў гэты час бурна. Войска, прысланае з Венгрыі каралевай-маці Альжбетай Баснійскай на дапамогу Вільгельму Габсбургу і прагерманскай партыі, нанесла паражэнне Зямовіту Мазавецкаму, выключыўшы яго з барацьбы за карону. Войскам камандаваў зяць Альжбеты — той самы Сігізмунд Люксембург, якому палякі ўжо адмовілі ў праве быць сваім каралём (затое карону Венгрыі ён атрымаў). Гэта прымусіла антыгерманскую партыю канчаткова зрабіць выбар на карысць Ягайлы.
Другі раз на працягу кароткага часу польскія магнаты маглі дазволіць таму ці іншаму прэтэндэнту атрымаць карону, і зноў яны выкарыстоўвалі гэтую магчымасць, каб паставіць новага караля ў залежнае ад сябе становішча. Скіргайла ад імя старэйшага брата мусіў даваць абяцанні яшчэ больш пашырыць шляхецкія прывілеі. Увогуле ўмовы, на якіх Ягайлу пагаджаліся пусціць на трон, ставіліся даволі жорсткія: гаворка ішла ўжо не пра дынастычны саюз двух раўнапраўных дзяржаў, а фактычна пра далучэнне Вялікага княства да Польскага каралеўства на вечныя часы. Сталіцай пры гэтым заставаўся б Кракаў, а віленскае і троцкае баярства павінна было б перайсці ў стан правінцыяльнай знаці.
У тых умовах наўрад ці можна было разлічваць на поўнае выкананне яўна нераўнапраўных умоў уніі. Між тым Ягайла, напэўна, меркаваў, што галоўнае — атрымаць карону, а з астатнім можна разабрацца пазней. І 14 жніўня 1385 года ў адным са сваіх замкаў (Крэва на поўначы сучаснай Гродзенскай вобласці) ён падпісвае пагадненне на польскіх умовах. (Ёсць, праўда, меркаванне, што на самой справе ўмовы уніі былі не такімі жорсткімі для Літвы, як сведчаць дайшоўшыя да нас дакументы. Магчыма, палякі пазней, пасля смерці Ягайлы падрабілі тэкст.) Так нарадзілася славутая Крэўская унія, якая на доўгі час звяла польскую гісторыю з гісторыяй Вялікага княства ў адзінае рэчышча. Сапраўднае зліццё дзвюх дзяржаў, зразумела, адразу не магло адбыцца. Але яно было абвешчана і стала на шмат гадоў своеасаблівай праграмай-максімум, надаючы польска- літоўскім адносінам пэўную афарбоўку. На працягу двух стагоддзяў гэтыя адносіны развіваліся хоць і непаслядоўна, з прылівамі і адлівамі, менавіта ў напрамку, абвешчаным Крэўскай уніяй, пакуль ужо ў складзе Рэчы Паспалітай не дайшлі да стану, вельмі блізкага да сапраўднага зліцця дзвюх дзяржаў пры перавазе польскага кампаненту.