Выбрать главу

Пэўная колькасць вёсак аб'ядноўвалася ў падатковую адзінку — воласць. Яна мела двайную сістэму кіравання: з аднаго боку, кожная воласць уяўляла сабой абшчыну-грамаду з самакіраваннем і выбарным старцам. З другога боку, інтарэсы дзяржавы прадстаўляў княжацкі намеснік — цівун. Ён назначаўся з ліку баяр. Яго абавязкі — ажыццяўляць ад імя князя суд у выпадках, якія не падлягаюць юрысдыкцыі абшчыннага суда, прымаць падаткі, што дастаўляе старац, і перадаваць іх князю.

Цэнтрам воласці звычайна быў умацаваны двор — пагост. Для воласці, што прылягала да горада, такім цэнтрам выступаў апошні. Горад з'яўляўся не толькі рэзідэнцыяй князя, але і своеасаблівым калектыўным замкам для баяр. Праўда, і князь, і баяры мелі звычайна загарадныя рэзідэнцыі — сёлы (пазней гэтая назва была выцеснена тэрмінам "двор" і пачала ўжывацца як найменне буйных сялянскіх паселішчаў). Некаторыя княжацкія і баярскія двары былі сапраўднымі замкамі — з ровам, валам, сценамі і вежамі з бярвення.

Большасць сялянскага насельніцтва захоўвала ў той час асабістую свабоду. У княжацкіх і баярскіх сёлах працавалі рабы, якіх на Русі называлі халопамі, інакш чэляддзю нявольнай. Але практыкавалася ўжо падараванне асобных вёсак і цэлых валасцей ва ўласнасць буйным баярам і манастырам. У такіх выпадках даніна, якую выплачвалі сяляне, ішла ўжо не князю, а новаму ўладальніку. Часам ён атрымліваў і права суда над сваімі падданымі, нават з забаронай дзяржаўнаму намесніку перасякаць межы ўладання (так званае права імунітэту).

Самі баяры, напэўна, не плацілі падаткаў. Яны выконвалі іншую павіннасць — па загаду князя з'яўляліся на кані і ў даспехах для вайны ці вартавой службы на мяжы. Частка з іх пастаянна знаходзілася пры князі, выконваючы функцыі асабістай абслугі, пасыльных, дыпламатаў, узброенай гвардыі (дружыны). Баярства было неаднародным: ад дробнага, прадстаўнікі якога часам самі апрацоўвалі свой надзел, да буйнейшага, што валодала ўласнымі дружынамі і замкамі. З ліку апошніх паходзілі і намеснікі валасцей, і выхавальнікі княжацкіх сыноў (так званыя "дзядзькі"). Такія баяры ўтваралі і княжацкую раду.

Асобную праслойку складалі гараджане — купцы і вольныя рамеснікі. З падаткаў яны плацілі толькі гандлёвыя і мытныя пошліны, таксама выконвалі вайсковую павіннасць — як пры абароне сваіх гарадоў, так і ў наступальных паходах. Пры неабходнасці ў войска маглі паклікаць і сялян. Асаблівай павіннасцю была так званая "пагоня" — узброены паход наўздагон варожаму набегу з мэтай адбіць палон. У такім паходзе мусіў удзельнічаць кожны, хто мог несці зброю. Астатнія віды вайсковай службы (у тым ліку баярскай) абмяжоўваліся пэўнымі ўмовамі: на наступальны паход патрабавалася згода гарадскога веча, агульная колькасць дзён, праведзеных у войску, не магла быць занадта вялікай.

Такі сацыяльны лад быў, здаецца, практычна аднолькавым па ўсёй Русі. Тым не менш усё, сказанае вышэй наконт існавання адзінай старажытнарускай народнасці, не трэба разумець так, што розныя землі не мелі ніякіх мясцовых асаблівасцей. Асаблівасці этнаграфічнага характару, безумоўна, былі. Частка з іх узыходзіла яшчэ да тых адметных рыс, якімі вызначаўся кожны са старажытных славянскіх протаэтнасаў: крывічы, вяцічы, валыняне і інш. Некаторыя з'яўляліся новаўтварэннямі, характэрнымі для розных куткоў вялізнай дзяржавы.

Сённяшні стан нашых ведаў не дазваляе, на жаль, дакладна акрэсліць этнаграфічныя арэалы на тэрыторыі Старажытнай Русі. Гэта можна зрабіць толькі, як кажуць, у першым набліжэнні. Так, мова берасцяных грамат з Ноўгарада даволі выразна адрозніваецца ад мовы паўднёварускіх летапісаў. Свае адрозненні мае пахавальны інвентар розных земляў, асабліва ўпрыгожанні. Верагодна, існавалі тры асноўныя этнаграфічныя правінцыі Русі: паўночная, сярэдняя і паўднёвая.

Паўночная правінцыя ўключала землі Вялікага Ноўгарада і паўночную частку Суздальскай зямлі — тэрыторыі, у насельніцтве якіх большасць складалі нашчадкі ільменскіх славен. Там захавалася і нават узмацнілася старажытнае оканне, характэрным з'яўлялася змяшэнне гукаў "ц" і "ч" (цоканне) (хоць гэтая рыса была агульнай для наўгародцаў і палачан), існавалі іншыя моўныя асаблівасці, адлюстраваныя ў берасцяных граматах.

Другі арэал, сярэдні, утварылі нашчадкі крывічоў, вяцічаў і, напэўна, радзімічаў. Ён ахопліваў Полацкую, Смаленскую, Мурама-Разанскую і частку Суздальскай зямлі. Насельніцтва гэтай правінцыі (у аснове сваёй крывіцкае з аднаго боку, вяціцка-радзіміцкае — з другога) мела шмат даволі розных рыс, аднак ва ўсім азначаным арэале развілася такая характэрная новая з'ява, як аканне (яно і сёння аб'ядноўвае жыхароу Падмаскоўя і Разаншчыны з беларусамі). Пры гэтым пэўныя асаблівасці былі агульнымі для заходняй часткі сярэдняй правінцыі і паўночнага арэала, для ўсходняй часткі і паўднёвага арэала.