Выбрать главу

Черный Кузьма

Пачуццi (на белорусском языке)

Кузьма Чорны

Пачуццi

I

На тым беразе гараць агнi i чутно, як там на нечым iграюць. Суха неяк выбiваюць такт кароткiя зыкi i будзяць над зямлёю гуллiвасць. Пры агнях варушацца постацi людзей, яшчэ зусiм ясныя ад ружовага вечара. Яшчэ i стук нейкi чуцён, i добра вiдно, як каля пярэдняе палатнянае будкi трое людзей не то гэта памагаюць музыцы, цi то самi поўны ёю: дробна ляскаюць яны ў такт далонямi рук... Нехта крычыць, нехта як бы плача - можа гэта якая балотная птушка ўзнепакоiлася ад людскога шуму... I ўсе гэтыя зыкi напаўняюць змрок асенняга вечара i аддаюцца рэхам у прырэчных паплавах...

З гэтага месца вiдны яшчэ далёкiя i блiзкiя хутары i вёска, - лясы далёка, чуць вiдны сiнню на даляглядзе, i толькi нiзенькiя кусты лапiнамi ўкрываюць паплавы...

Усё больш гусцее вечар, i ўсё весялей робiцца на беразе. Мацней пачынаюць iграць, непрыметныя адгэтуль, нейкiя суха-траскучыя музычныя iнструманты раптам развiваюць з цеснага жмута зыкаў вясёлы галёп, i тады ўлiваецца сюды нейкая песня, востра-крыклiвая, насмешлiвая над усiм i разам з тым задумёная. Яна без слоў, i толькi чутны ў ёй крыкi:

Гоп-гоп, ло-ла-ло-ла,

Гоп-гой, ло-ла-ло-ла!

Больш робiцца стуку рукамi, больш шуму, i ад таго, што дагарваюць агнi, здаецца, што гэта i кусты, i берагi сцiшаюцца, каб слухаць вяселле цыганоў.

I ўжо неяк знячэўку выплываюць з таго бясслоўнага i крыклiвага пачатку словы песнi. Iх трудна разабраць, толькi чутно, што яны могуць быць усякiмi, што не важны яны як тое, што нейкi сэнс перадаюць. Чуцён часты прыпеў:

Гэй, гэй! Э-э-э-эй!..

З-за пярэдняе будкi выбегла постаць жанчыны. Яна раскiнула рукамi, i на гэты момант застыла тут iмкненне, агорнутае вастратою радасцi i смутку аб усiм. Матнулiся цёмныя фалды яе лёгкай адзежы, i закалыхалася яна ў тым танцы, якi мог толькi радзiцца ў неабдымных прасторах, далёка ад грымучых вулiц i грузных камянiц...

Спявалi вялiкiя гiмны размашыста-кволыя рухi яе постацi, i ад захаплення бяздумнага i плакалi, i смяялiся ў чарнаце вячэрнiх прастораў не бачаныя, а толькi адчуваемыя здалёк яе вочы. Вiдно было адчуваннем, што пад тымi цёмнымi фалдамi гойдаецца яе радаснае цела... I радасць была - што ўсё гэта ёсць, i смутак быў - што неяк далёка гэта, неяк недасяжна i нельга растаць у iм i разам з iм...

На другiм беразе рэчкi, над самай вадою, прыпёршыся плячыма да кагадзе пастаўленых слупоў не скончанага яшчэ моста, стаяў Андрэй Сiмовiч - задумёны i не вырасшы яшчэ добра хлапец. Усе пайшлi з работы, а ён адзiн застаўся слухаць цыганскую музыку на тым паплаўным беразе, i як выйшла скакаць цыганская дзяўчына, ён не зводзiў з яе вачэй. Ён стаяў, забыўшыся, i той настрой - неаформленасць усяго, калi няможна вызначыць, чаго хочацца чалавеку, - навеяны музыкай, перайшоў раптам у нейкае не вызначанае яскрава жаданне пасля таго, як выйшла скакаць дзяўчына. I як бы гэта перадалося яму тое, што было ў тым танцы, згарманiзаваным з самой постаццю дзяўчыны. Яна была тонкая ў лiнiях сваёй постацi, i разам з тым нейкая як бы лёгкая цяжкасць, заўсёды прыналежная толькi жанчыне, была ў ёй. I ад таго, што гарэлi ў яе вочы i калыхаўся стан, ад гэтага абуджвалiся ўсякiя пачуццi i камбiнавалiся ў адно, што можна назваць адным вялiкiм жаданнем, з хаосам у думках. I яшчэ павялiчвалi гэтыя адчуваннi яе словы, якiя яна неяк гаварыла часта ў такт свайго танца:

Ай-два, ай-два!..

I тады нiчога неяк не засталося ў Андрэя, неяк усё згiнула, i на ўсiм малым i нязначным была толькi ўсё запоўнiўшая пачуццямi аб сабе цыганская дзяўчына. I сам для сябе здаўся Андрэй нейкiм нязграбным перад тым, што бачыў. Ён усё стаяў, моцна прыпёршыся да вiльготнага дзерава; стаяў доўга, як бы прыпынiўся ход часу i ўсяго, што ёсць, i нiчога вакольнага не прымячалася i прымячаць яго не трэба было. Так прастаяў ён, пакуль не пачалi зацiхаць цыганы i дзяўчына раптам некуды дзелася. Тады ён, ужо з усякiмi думкамi, дастаяў датуль, калi пачалi моцна крычаць нейкiя птушкi, i з вялiкiм смуткам пайшоў дадому.

II

У той дзень многа ляцела над зямлёй жураўлёў, i сухi вецер узнiмаў пыл на дарогах. Дзень быў сонечны i нейкi шырокi... Над старым дахам маўчалi пажаўцеўшыя клёны, i ранiцаю з хаты доўга чуваць было, як за сцяною плюхала вада пры студнi.

"Мусiць, туман сягоння", - невядома чаму падумаў Андрэй i нават сказаў гэта моцна, сам не ведаючы, што гэта трэба было яму сказаць, каб накiраваць у нейкi патрэбны бок думкi, бо яму нешта рупiла, нечага як бы не хапала, i нават сон быў ноччу непакойны. Пасля таго як прыйшоў ён вечарам дадому i палажыў сякеру ў сенцах, адчуў быў раптам нейкую пустату ў сабе, навяваўшую смутак i безнадзейнасць запоўнiць яе, а пасля ён пахадзiў трохi па двары, нейкая як бы думка пачала вырастаць у iм; што рабiць - ён не ведаў яшчэ, але адчуваў, што назаўтра некуды пойдзе. Нервовасць была цэлую ноч, i толькi моцна спаў ён пад самы дзень, пакуль не пабудзiлi яго на работу. Iдучы, ён паспакайнеў, многа смяяўся ў гаворцы, а як прыйшлi да рэчкi, зразу пачаў ён абчэсваць бервяно i з нейкай вастратою ў невыразным чаканнi глядзеў на той бераг, дзе былi яшчэ росныя ад туману цыганскiя будкi.

Там было зусiм цiха i неяк пуста. Далёка на жоўтым збiтым поплаве хадзiлi конi, i каля лазовых кустоў над самай вадою стаяў цыган i моўчкi глядзеў у адно месца на ваду. Зашмальцаваныя да роўнага бляску яго картовыя порткi нiзка навiслi над халявамi, i загэтым ногi яго здавалiся тоўстымi. Ад гэтага i сам ён здаваўся зусiм нiзкi. I яшчэ быў ён нейкi смешны на выгляд: зусiм малады, нейкi дзiцячы твар няўдала камбiнаваўся з купчастымi вусамi i падстрыжанаю барадою. I, гледзячы на яго, Андрэй падумаў, што каб не гэты цыган, то ён пайшоў бы туды, на той бераг, можа i ўгледзеў бы яе.

I ў тую хвiлiну, як ён гэта падумаў, адчуў, як ахвацiў яго вялiкi смутак, i страшна ненавiднаю стала работа. Захацелася кiнуць сякеру далёка ад сябе i самому iсцi або на той бераг, або далёка ад усяго. З'явiлася млявасць у целе, нейкая ўтомленасць у галаве i разам з тым небывалая дагэтуль рашучасць. Гэта было нешта незвычайнае, бо раней не было нiколi так раптам яе. Ён палажыў сякеру на зямлю, сеў i пачаў закурваць. Пасля ён азiрнуўся, стала яму неяк нядобра ад таго, што нiхто не сеў супачываць, а ён толькi адзiн, i ён зноў падняўся...

Тады ўжо моцна свяцiла сонца, па-асенняму нямоцна грэла, i ўзняўся вецер. На паплавах стала шумней, толькi больш неяк дзiка. Уявiлася, што моцна загаварылi кусты i вада, i ўсё гэта адбiлася на настроях Андрэя. Стала як бы нешта высвятляцца ў яго разуменнях, i тады ён прыпомнiў неяк многа мiнулага. Гэта было ад таго, што многа было ў яго звязана i з ветраным шумам, i з крыкам жураўлёў высока. Раптам прыцiх ён, бо яшчэ з учарашняга дня цыганская дзяўчына падрыхтавала да гэтага душу - зрабiла яе нейкаю тонкаю i чулаю. З вялiкай нецярплiвасцю дабыў ён на рабоце да поўдня i тады заявiў, што пойдзе дадому, што нездароў ён. Было яму лепш аднаму iсцi напрамiк цераз поле.