- Ты адважыўся вымавiць словы, якiм няма даравання. Ты сказаў, што вы паспрабуеце абмежаваць рух вялiкага духу Гэйны.
- Не духу, - перапынiў яго чалавек. Ён цiхенька рассмяяўся. - Зусiм не духу!
Капiтан Горсiд пакiнуў без увагi яго словы.
- Таму, - працягваў ён, - у нас няма выбару. Мы лiчым, што з часам, сабраўшы неабходныя матэрыялы i вырабiўшы адпаведныя iнструменты, ты здолееш пабудаваць уваскрашальнiк. Паводле нашых разлiкаў, на гэта спатрэбiцца сама меней два гады, нават калi ты ведаеш усё. Гэта незвычайна складаны апарат, i сабраць яго адзiнаму прадстаўнiку расы, якая адмовiлася ад машын за тысячагоддзе да таго, як была знiшчана, будзе вельмi i вельмi няпроста.
Ты не паспееш пабудаваць зоркалёт. I мы не дамо табе часу сабраць уваскрашальнiк. Магчыма, ты зможаш прадухiлiць выбухi на нейкай адлегласцi вакол сябе. Тады мы паляцiм да iншых мацярыкоў. Калi ты перашкодзiш i там, значыць, нам спатрэбiцца дапамога. Праз шэсць месяцаў палёту з найвышэйшым паскарэннем мы дасягнем кропкi, адкуль блiжэйшыя каланiзаваныя гэнейцамi планеты пачуюць наш заклiк. Яны пашлюць вялiзны флот: яму не змогуць супрацьстаяць усе твае сiлы. Скiдаючы па сотнi або па тысячы бомбаў у хвiлiну, мы знiшчым усе гарады, так што ад шкiлетаў твайго народа не застанецца нават пылу.
Такi наш план. I гэтак яно i будзе. А цяпер рабi з намi што хочаш - мы ў тваёй уладзе.
Чалавек пакiваў галавой.
- Пакуль я нiчога не буду рабiць, - сказаў ён i падкрэслiў: - Пакуль нiчога.
Памаўчаўшы, дадаў задумлiва:
- Вы разважаеце лагiчна. Вельмi. Зразумела, я не ўсемагутны, але мне здаецца, вы забылiся пра адну маленькую дэталь. Якую, не скажу. А цяпер бывайце. Вяртайцеся на свой карабель i ляцiце куды хочаце. У мяне яшчэ шмат спраў.
Iнэш стаяў нерухома, адчуваючы, як лютасць зноў разгараецца ў iм. Потым, зашыпеўшы, ён скочыў, растапырыўшы шчупальцы. Яны ўжо амаль дакранулiся да кволага цела, як раптам нешта адкiнула яго...
Апрытомнеў Iнэш на зоркалёце.
Ён не памятаў, як апынуўся ў iм, ён не быў паранены, не адчуваў нiякага ўзрушэння. Ён турбаваўся толькi пра капiтана Горсiда, Вiiда, Ёала, але ўсе трое стаялi побач з iм такiя ж здзiўленыя. Iнэш ляжаў нерухома i думаў пра тое, што сказаў чалавек: "Вы забылiся пра адну маленькую дэталь..." Забылiся? Значыць, яны яе ведалi! Што ж гэта такое? Ён усё яшчэ раздумваў над гэтым, калi Ёал сказаў:
- Неразумна спадзявацца, што нашы бомбы хоць што-небудзь зробяць!
Гэта была праўда.
Калi зоркалёт аддзялiўся ад Зямлi на сорак светлавых гадоў, Iнэша выклiкалi ў залу савета. Замест прывiтання Ёал сумна сказаў:
- Пачвара на караблi.
Яго словы як громам ударылi Iнэша, але разам з iх грукатам на яго найшло раптоўнае азарэнне.
- Дык вось пра што мы забылiся! - здзiўлена i гучна прамовiў ён нарэшце. Мы забылiся, што ён пры жаданнi можа перамяшчацца ў касмiчнай прасторы ў межах... - як гэта ён сказаў?.. у межах дзевяноста светлавых гадоў.
Iнэш зразумеў. Гэнейцы, якiм даводзiлася карыстацца зоркалётамi, вядома, не падумалi пра такую магчымасць. I дзiвiцца тут не было чаго. Паступова рэчаiснасць пачала страчваць для яго значэнне. Цяпер, калi ўсё адбылося, ён зноў адчуў сябе змучаным i старым, ён зноў быў адчайна адзiнокi.
Для таго каб увесцi яго ў курс справы, спатрэбiлася ўсяго некалькi хвiлiн. Адзiн з фiзiкаў-асiстэнтаў па дарозе ў кладоўку заўважыў чалавека ў нiжнiм калiдоры. Дзiўна толькi, што нiхто са шматлiкай каманды зоркалёта не ўбачыў пачвары раней.
"Ды мы ж, зрэшты, не збiраемся спускацца або наблiжацца да нашых планет, падумаў Iнэш. - Такiм чынам, ён зможа нас выкарыстаць, толькi калi мы ўключым вiдэа?.."
Iнэш спынiўся. Ну, вядома, у гэтым уся справа! Iм прыйдзецца ўключыць накiраваны вiдэапрамень, i, як толькi кантакт будзе ўстаноўлены, чалавек зможа вызначыць патрэбны кiрунак.
Рашэнне Iнэш прачытаў у вачах сваiх супляменнiкаў - адзiнае магчымае ў гэтых умовах рашэнне. I ўсё ж яму здавалася, што яны нешта ўпусцiлi, нешта вельмi важнае. Ён павольна падышоў да вялiкага вiдэаэкрана, устаноўленага ў канцы залы. Карцiна, адлюстраваная на iм, была такая яскравая, такая велiчная i цудоўная, што непрывычны розум уздрыгваў перад ёй, як ад успышкi маланкi. Нават Iнэша, хоць ён бачыў гэта не раз, ахоплiвала здранцвенне перад неймавернай, недаступнай розуму безданню космасу. Гэта было адлюстраванне часткi Млечнага Шляху. Чатырыста мiльёнаў зорак ззялi, быццам у акуляры гiганцкага тэлескопа, здольнага ўлоўлiваць нават мiганне чырвоных карлiкаў, аддаленых на трыццаць тысяч светлавых гадоў. Вiдэаэкран быў дыяметрам дваццаць пяць ярдаў - такiх тэлескопаў проста не iснавала нiдзе, i да таго ж у iншых галактыках не было столькiх зорак.
I толькi адна з кожных двухсот тысяч зiхатлiвых зорак мела прыдатныя для засялення планеты.
Менавiта гэты факт каласальнага значэння прымусiў iх прыняць фатальнае рашэнне. Iнэш стомлена абвёў усiх вачыма. Калi ён загаварыў, голас яго быў спакойны:
- Пачвара разлiчыла цудоўна. Калi мы паляцiм далей, яна паляцiць разам з намi, завалодае ўваскрашальнiкам i вернецца даступным ёй спосабам на сваю планету. Калi мы пакарыстаемся накiраваным прамянём, яна рушыць уздоўж прамяня, захопiць уваскрашальнiк i таксама вернецца да сябе раней за нас. У любым разе, перш чым нашы караблi даляцяць да планеты, двухногi паспее ажывiць дастатковую колькасць сваiх супляменнiкаў, i тады мы будзем бяссiльныя.
Ён скалануўся ўсiм целам. Разважаў ён правiльна, i ўсё ж яму здавалася, што недзе ў яго думках ёсць прабел. Iнэш павольна гаварыў далей:
- Цяпер у нас толькi адна перавага. Якое б рашэнне мы нi прынялi, без машыны-перакладнiка ён пра яго не даведаецца. Мы можам выпрацаваць план, якi застанецца для яго тайнай. Ён ведае, што нi мы, нi ён не можам узарваць карабель. Нам застаецца адзiнае выйсце. Адзiнае.
Капiтан Горсiд парушыў цiшыню:
- Дык вось, я бачу, вы ведаеце ўсё. Мы ўключым рухавiкi, узарвём прыборы кiравання i загiнем разам з пачварай.
Яны абмянялiся паглядамi, i ў вачах ва ўсiх быў гонар за сваю расу. Iнэш па чарзе дакрануўся шчупальцамi да кожнага.
Праз гадзiну, калi тэмпература ў зоркалёце адчувальна паднялася, Iнэшу прыйшла ў галаву думка, якая прымусiла яго рушыць да мiкрафона i выклiкаць астранома Шуры.
- Шуры! - крыкнуў ён. - Успомнi, Шуры, калi пачвара абудзiлася i знiкла... Ты памятаеш? Капiтан Горсiд не мог адразу прымусiць тваiх памочнiкаў знiшчыць лакатары. Мы так i не папыталiся ў iх, чаму яны марудзiлi. Папытайся ў iх! Папытайся цяпер!..
Маўчанне, потым голас Шуры слаба данёсся праз грукат перашкод:
- Яны... не маглi... пронiкнуць... адсек... Дзверы... былi замкнёныя.
Iнэш мяшком асеў на падлогу. Вось яно! Значыць, яны ўпусцiлi не толькi адну дэталь! Чалавек ачуняў, усё зразумеў, стаў нябачны i адразу рушыў на зоркалёт. Ён адкрыў тайну лакатара i тайну ўваскрашальнiка, калi толькi не агледзеў яго ў першую чаргу. Калi ён з'явiўся зноў, ён ужо ўзяў у iх усё, што хацеў. А ўсё астатняе спатрэбiлася толькi для таго, каб штурхнуць iх на гэты акт адчаю, на самазабойства.
Цяпер, праз некалькi iмгненняў ён пакiне карабель у цвёрдай упэўненасцi, што хутка нi адна чужая iстота не будзе ведаць пра яго планету, i ў такой жа цвёрдай упэўненасцi, што яго раса адродзiцца, будзе жыць зноў i больш ужо нiколi не загiне.
Узрушаны Iнэш захiстаўся, чапляючыся за рыклiвы прыёмнiк, i пачаў выкрыкваць у мiкрафон апошняе, што ён зразумеў. Адказу не было. Усё заглушаў роў неверагоднай, ужо некiроўнай энергii. Гарачыня пачала размякчаць яго бранiраваны панцыр, калi Iнэш, запiнаючыся, паспрабаваў дабрысцi да сiлавога рэгулятара. Насустрач яму рванулася барвовае полымя. Крычучы i ўсхлiпваючы, ён кiнуўся назад да перадатчыка.
Некалькi хвiлiн пасля ён усё яшчэ нешта пiшчаў у мiкрафон, калi магутны зоркалёт нырнуў у жудасны горан бела-сiняга сонца.