Дазорац з маяка, які пазіраў на мора ў бінокль акурат у тую самую хвіліну, расказваў пасля:
— Прыблізна без дзесяці восем, гледзячы ў бок мыса Мэд, я заўважыў, што пан Лябро і гэты ягоны дзівак-прыяцель стаяць каля самага борта «Люстраной шафы», абхапіўшы адзін аднаго. Спярша я падумаў, што некаму з іх стала блага і другі прытрымлівае таварыша, каб той не ўпаў у ваду. Але пасля зразумеў, што яны боруцца. Лодка была ад мяне за некалькі сотняў метраў, і ўмяшацца я ніяк не мог. І вось урэшце яны ўпалі разам на планшыр*, і лодка перакулілася...
* Планшыр — парэнчы ўздоўж борта лодкі.
Рыбак Віяль у той момант разам са сваімі двума сынамі агінаў мыс Мэд.
— Я ўбачыў перакуленую лодку, — расказваў Віяль, — і пазнаў, што гэта была «Люстраная шафа». Я заўсёды казаў, што судна пана Лябро калі-небудзь конча перакуліцца, бо надта ўжо шмат усяго на ім пабудавана і кабіна дужа высокая... У той момант, як мы заўважылі пана Лябро і гэтага вар'ята ў вадзе, яны яшчэ віслі адзін на адным... Я падумаў быў, што пан Лябро, добры плывец, ратуе аднаногага, які ўпаў у ваду і, мусіць, не ўмее плаваць... А гэты чалавек, як часта бывае, учапіўся ў яго ад страху кляшчом...
Стары, што не знімаў ніколі свайго каланіяльнага шлема, не бачыў нічога.
— Я якраз выцягнуў добрую скумбрыю... Лодка пана Лябро была на ўсход ад мяне, і сонца сляпіла вочы...
Такім чынам, ніхто не мог дакладна расказаць, што ж здарылася на самай справе. Ніхто, апроч Лябро, які выйграў бой.
А было ўсё так.
Калі ён падышоў да Жуля і штурхнуў яго, той, устояўшы неяк на нагах, павярнуўся назад, і Лябро ўбачыў у колькіх сантыметрах ад сябе ягоны скрыўлены твар. Толькі не злосць, не лютасць былі на ім, а неверагодны жах.
Але, неверагодны, бо цяпер перад Лябро стаяў зусім іншы, непадобны на ранейшага шаленца чалавек, вочы якога малілі пашкадаваць яго, вусны дрыжалі...
— Не трэба, пан Лябро!
Ён сказаў не «Аскар», як звычайна, а «пан Лябро»!
Нават голас яго нельга было пазнаць, столькі чулася ў ім мальбы: і Лябро стала шкада гэтага слабага цяпер чалавека. Ды позна было ўжо. Адступіць ён не мог. Хоць бы таму, што замах ён ужо зрабіў. Што станецца пасля гэтага, пашкадуй ён Жуля, з ім самім?.. Як паводзіць сябе з чалавекам, якога ты спрабаваў забіць?.. І як будзе абыходзіцца з табою той самы чалавек?.. Не, адступленне стала ўжо абсалютна немагчымае.
Па сутнасці, усё здарылася ў адзін момант.
Лябро моцна ўдарыў Жуля плячом, але той невядома як паспеў ухапіцца за яго.
Кароткі час яны яшчэ ўтрымлівалі нейкім чынам раўнавагу на невялікім судне, якое ўжо гайдалася, бы ў шторм.
Абодва цяжка дыхалі, абодва адчувалі страх.
Хто каго?
Сілы былі прыкладна роўныя.
— Паслухайце, я... — прахрыпеў Жуль, але ці ж мог Лябро пачуць што-небудзь цяпер? Адзін павінен быў прайграць у іх паядынку.
За борт упалі абодва, бо «Люстраная шафа» перакулілася.
Жуль і ў вадзе здолеў учапіцца за Лябро. Ён адчайна спрабаваў яшчэ нешта сказаць, але марна, бо захлёбваўся вадою.
Пачуўся буркат матора. Да іх набліжалася чыясьці лодка. Нейкім чынам, проста інтуітыўна, Лябро здагадаўся, што гэта лодка Віяля. Жадаючы вызваліцца, ён ударыў Жуля ў нос з такой сілай, што ажно адчуў боль у костках параненых пальцаў.
Нарэшце ўсё скончылася...
— Трымайцеся, пан Лябро! — бы ў сне пачуў голас Віяля.
Лябро згубіў у вадзе акуляры, ногі заблыталіся ў лёсцы.
— Хапай яго, Фердынанд! — крыкнуў Віяль аднаму з сыноў.
Яго зачапілі бусаком і трымалі над вадою, быццам нейкую цяжкую торбу, якую не стае сілы падняць. Бусак балюча ўрэзаўся ў бок.
— Трымай мацней, тата!.. Чакай, я ўхаплю яго за ногі!
Праз якісьці час Лябро ляжаў на дне Віялевай лодкі. У вачах у яго былі слёзы. Стары рыбак і яго сыны думалі, што гэта вада, але сам Лябро добра разумеў, чаму ён плача...
Маніць яму амаль не давялося. Хлусілі за яго ўсе паркэрольцы, хлусілі, не падазраючы, што дапамагаюць тым самым свайму былому мэру. Кожны жыхар мястэчка, усёй выспы прыдумаў і расказваў гісторыю, якая здарылася ў моры, яшчэ да прыезду следчага.
— Вы яго добра ведалі? — спытаўся ў хворага Лябро, які ляжаў у ложку, камісар паліцыі, упэўнены, што так яно і было.
— Я сустрэў яго ў Афрыцы, вельмі даўно...
— І ласкава далі яму прытулак... А ён круціў вамі, як толькі хацеў... Нам ужо багата пра гэта расказалі... Нікому тут жыцця не даваў...
— Але...
— Піў з самага ранку, усім хаміў, пагражаў... Калі здарылася ўсё гэта з вамі ў моры, ён паспеў ужо да таго выпіць дзве бутэлькі, ці ж не так?..