Выбрать главу

— Я ўжо і не памятаю...

— Сама меней дзве, калі меркаваць па астатніх днях... Ён вас абразіў... Мажліва, накінуўся на вас. Ва ўсякім разе, вы біліся...

— Біліся...

— У вас не было з сабой ніякай зброі?

— Не... Я нават не ўзяў у руку малаток...

Ніхто і ўвагі не звярнуў на гэтыя словы, аб якіх сам Лябро неўзабаве пашкадаваў, бо яны маглі лёгка стаць завязкаю абвінавачвання.

— Ён адштурхнуў вас, і лодка перакулілася... А ў вадзе ўчапіўся ў вас, бо не ўмеў плаваць... Тут яму і канец прыйшоў... Ну, што ж, адным меней...

Лябро нічога не мог зразумець. Можа, ён трызніць? Можа, кашмар усіх апошніх тыдняў дабіў яго, і прыйшоў гэты салодкі і лёгкі сон?..

Усё, калі паслухаць следчага, было так проста, што здавалася ўжо немагчымым, зусім нерэальным.

— Я прашу, каб мне даравалі тое, што я зрабіў...

— Ды пра што вы, смешны вы чалавек! Вы абараняліся, і закон на вашым баку. З такімі тыпамі...

Не, здавалася Лябро, нешта ў гэтай гісторыі не так, вельмі ўжо спакойным быў следчы. Лябро пачаў яшчэ больш турбавацца і адчуў сябе зусім няшчасным. А паколькі ў яго была пасля халоднага купання і перажытага страху гарачка, ён блытаў дні сённяшнія і ўчарашнія, казаў нешта такое, чаго ніхто не мог уцяміць, напрыклад, згадваў раптам нейкую пірогу дзесьці ў Мбале.

— Вядома, цяпер я разумею, што нельга было так рабіць, — умольваў Лябро следчага.

— Ваша жонка, Марыс, рыбак Віяль і многія іншыя расказалі нам усё...

Што маглі яны расказаць, гэтыя людзі, якія нічога не ведалі?

— Вы велікадушны, гасцінны чалавек. Дзівак, якіх пашукаць... Не кожнага ж чалавека, з якім пілі колісь раз-два, трэба так сустракаць, калі ў яго за душою ніводнага франка. Шаноўны пан Лябро, адзіная ваша памылка ў тым, што вы не пацікавіліся ў паліцыі, што гэта за тып... Калі б вы зайшлі да нас...

— Га?..

Што гэта кажа яму камісар?.. Пра якога тыпа трэба было яму пацікавіцца ў іх?..

— Гэтага чалавека шукала па абвінавачванні ў махлярстве паліцыя не менш як пяці краін. Яму ўжо не было куды дзецца. Дзе б ён ні з'явіўся, яго маглі пазнаць і схапіць. Таму і кажу, што адным меней... Больш ужо гэтага прайдзісвета Марэлье ўспамінаць не будуць...

Што ён чуе?.. Як... Марэлье?..

— Прабачце, — спытаўся Лябро далікатна нейкім чужым голасам, — што вы сказалі?

— Марэлье... Жуль Марэлье... Дваццаць гадоў гастраляваў па Паўночнай Афрыцы і міжземнаморскім узбярэжжы, жыў адным махлярствам, не грэбуючы нічым... А да таго адседзеў дзесяць гадоў у турме за крадзеж з узломам.

— Хвілінку!.. Хвілінку... Вы ўпэўнены, што яго звалі Жуль Марэлье?

— Мы не толькі знайшлі ў валізах гэтага тыпа яго дакументы, але і маем адбіткі яго пальцаў і антрапаметрычную картку...

— Вы сказалі, што ён... што ён сядзеў у турме?.. Чакайце... Вы прабачце... галава баліць... Калі дакладна ён сядзеў у турме?

— Трыццаць гадоў таму...

— А нага ў яго...

Лябро змоўк. Сілы не было гаварыць.

— Што — нага?

— Як ён застаўся без нагі?

— Ён страціў яе, калі спрабаваў аднойчы ўцячы з турмы. Саскочыў у цемнаце з дзесяціметровага муру акурат на жалезныя штыры... Не ведаў, што там, унізе... Пан Лябро, здаецца, вы стаміліся... Доктар у суседнім пакоі, гаворыць з вашай жонкаю. Зараз я яго паклічу.

— Не... Чакайце... А калі ён быў у Габоне?

— Ніколі... Мы ўсю яго біяграфію ведаем... Ніжэй Дакара ён у бок экватара не спускаўся... Вам што, кепска?

— Не звяртайце ўвагі... І што... ён ніколі не быў у балотах Мбале?

— Прабачце?

— Гэта адзін з раёнаў Габона...

— Я ж вам сказаў...

І тут Лябро адчайна прастагнаў:

— Значыцца, гэта не ён!.. Не той Жуль...

Занепакоены камісар адчыніў дзверы і паклікаў доктара:

— Пан доктар!.. Мне здаецца, хвораму кепска!..

— Ды не! Пакіньце мяне аднаго! — закрычаў Лябро, адчуваючы жаданне біцца галавою аб сцяну. — Вы не зможаце зразумець... Гэта быў не той Жуль... Я забіў другога Жуля... Другога Жуля, які...

— Супакойся, Аскар, — перапыніла ягоныя крыкі жонка. — Не варушыся. Ты трызніш, мой дарагі...

— Што я сказаў? — спытаўся Лябро, ачуняўшы.

— Глупства... Але ж ты нас і напалохаў... Так ты да інсульту дойдзеш...

— Дык што я сказаў?

— Кажу ж, глупства нейкае... Усё пра Жуля... То пра аднаго, то пра другога... Толькі і трызніш гэтым махляром, дык ён табе ўжо дваіцца стаў...

— Што яшчэ я казаў? — горка ўсміхнуўся Лябро.

— Што забіў яго нізавошта... Супакойся, дурненькі... Выпі мікстуры... Выпі, яна не горкая... Заснеш...

Ён адразу ж выпіў гэту мікстуру, так хацелася заснуць: цяперашні яго кашмар быў проста невыносны! Нізашто забіў чалавека!.. Нейкага абармота, які не быў тым самым Жулем, з якім ён так жорстка абышоўся некалі ў Габоне... Забіў нікчэмнага тыпа, які не хацеў зрабіць яму нічога благога, звычайнага жуліка, які толькі і думаў, што, пагражаючы яму час ад часу, пажыць спакойна за ягоны кошт на Паркэролі!..