— Што ты будзеш рабіць, зайчык? У кіно пойдзеш?
— Не ведаю яшчэ. Відаць, пайду дамоў.
— Я вярнуся недзе ў адзінаццаць трыццаць. Пасядзім трохі, гарбаты вып'ем... Я напішу матэрыял, занясём яго разам у рэдакцыю. А можа, хочаш пасядзець, як закончу, у шынку?..
— Не, пабудзем дома.
Ёй не стала сумна. Вядома, яна і не павесялела, але трэба было прывыкаць. Такая ўжо ў яго работа. Павячэрала адна. Два ці тры разы ледзь не загаварыла сама з сабою, нахіліўшыся над талеркаю, так прывыкла ўжо думаць уголас.
— Дэсэрту не будзеце? А мо кавы, пані Блан?
— Дзякуй... Не хачу болей...
Праходзячы каля рэкламных агнёў кінатэатра, падумала: дарма сказала, што адразу вернецца дамоў. Але потым заспяшалася. Настрой у яе быў цудоўны, быццам гэта свята — чакаць мужа, пакуль ён вернецца. Дагэтуль яна чакала яго зазвычай ці ў барах, ці ў шынках, дзе ён назначаў ёй спатканне. Такім чынам, яны, па сутнасці, і да кватэры сваёй як след не прывыклі.
Яна прайшла пехам па вуліцы Каленкур, якая спакваля аціхала і ўсё больш выдавала на правінцыйную — па меры таго, як аддаляліся Манмартрскія бульвары. Вечар быў мяккі, даволі цёплы як на снежань, але дажджлівы. Лёгкі туман ахутаў вулічныя агні пяшчотнай смугою.
Іх дом быў на рагу вуліц Каленкур і Ламарк, каля плошчы Канстанціна Пэкэра. Яна ўбачыла яго здалёк, разгледзела на сёмым паверсе доўгі рад балконаў з жалезнымі парэнчамі, адзін з якіх быў іхні.
Праходзячы па калідоры, павіталася з брамніцай, якая мыла на ноч ногі свайму маленькаму сыну. Ліфт стаяў. Адзінае, што крышачку пагоршыла настрой. Падымаючыся па лесвіцы, бачыла вузкія палоскі святла пад дзвярыма, чула радыё, людскую гамонку, пахі шматкватэрнага жытла.
«А ў вас ёсць кватэра, га?» — спытаўся ён у яе чатыры месяцы назад сваім непаўторным голасам, ні кропелькі не падобным на чый-небудзь іншы, — ніколі нельга было ўгадаць, ці жартуе ён, ці гаворыць сур'ёзна.
Гэта было ў Марсанзе, на беразе Сены, дзе яны пазнаёміліся ў канцы лета. Жэрмэн каторы ўжо год ездзіла туды адпачываць па выхадных са сваімі прыяцелямі. Адзін хлопец неяк прывёў у іх кампанію Марсэля, і той пачаў заходзіць у катэдж, дзе яны спыняліся.
«Я здымаю мэбляваны пакой».
«Я таксама. Вам гэта даспадобы?»
«А што зробіш, калі нічога лепшага няма?»
«Дык вось, я знайшоў на днях кватэру...»
Свая кватэра! Цуд з цудаў! Мара паўмілёна парыжан!
«Чакайце! Гэта на Манмартры. З усіх вокнаў — гарадская панарама. І балкончык ёсць. Не большы, праўда, за тры насоўкі, але паснедаць на ім у сонечнае надвор'е можна. Калі яно сонечнае... Я ўжо заплаціў. Цяпер шукаю жонку. Гэта тэрмінова, пятнаццатага кастрычніка перабіраюся».
Памаўчаўшы, дадаў:
«Кухня, сталоўка, спальня, балкон, ванная — як вам усё гэта?..»
Ёй гэта была ўсё яшчэ вялікая радасць: выйшаўшы на сваю лесвічную пляцоўку, апусціць руку ў сумку, пашукаць там ключ, адчыніць дзверы, запаліць святло, кінуць позірк на Марсэлевы паліто, люльку, пантофлі ў спальні...
— Шкада, дарагі, што цябе няма дома, — сказала яна сама сабе. — Прабавілі б разам цудоўны вечар...
Размаўляючы ўголас, яна пачувала сябе весялей. Усё-такі надта часта заставалася дома адна. Марсэль жартаваў:
«Разумееш, я яшчэ не зусім прызвычаіўся быць мужам, але гэта прыйдзе, пазней, калі мне будзе... калі мне будзе, як ты думаеш, колькі?.. Пяцьдзесят? Шэсцьдзесят?»
Яна пачала была чытаць. Пасля вырашыла навесці парадак у гардэробе: дзе перашыць гузік, дзе паглядзець, ці не распаролася што. У дзевяць гадзін зірнула, колькі часу, і падумала, што матч у зале «Ваграм», пэўна, пачаўся. Уявіла заліты святлом рынг, запоўненыя балельшчыкамі трыбуны, баксёраў, Марсэля за журналісцкім столікам.
А палове адзінаццатай — яна ўсё яшчэ аглядвала адзенне — зазваніў тэлефон. Апарат у іх паставілі толькі тыдзень назад, яна яшчэ не прывыкла да яго — і таму адразу ж ускочыла.
— Гэта ты, зайчык?
Пачуўшы мужаў голас, Жэрмэн падумала, што Марсэль тэлефанаваў ёй дадому ўпершыню. На тыдні ён званіў ёй у краму сясцёр Каро, дзе яна працавала, і рабіў гэта крыху часцей, чым хацелі б патранэсы.
— Ну, што робіш?
— Гузікі перашываю...
Нешта не спадабалася ёй у Марсэлевым голасе, а што, пакуль зразумець не магла. Ён яшчэ не піў, яна гэта адчувала, аднак голас у яго быў нейкі незвычайны. Нібыта няёмка яму было, акурат як тады, калі спрабаваў маніць.
— Не ўмееш ты хлусіць! — сказала яна, пасля паўтарыла гэта яшчэ і яшчэ.
— Проста хацеў сказаць табе: «Добры вечар», — прамармытаў ён у адказ. — Ну і матч зараз пачнецца!.. Людзей — яблыку няма дзе ўпасці... Чуеш, мусіць, як тут?..