Але колькі яна ні напружвала слых, не чула ніякага шуму ўсхваляванай залы.
— Думаю, што да апоўначы вярнуся... Алё!.. Чаму ты маўчыш?..
— Я цябе слухаю...
— Ты не ў гуморы?
— Ды не...
— Сумна?..
— Не, мілы... Не разумею, чаму ты турбуешся...
— Не турбуюся я... Слухай... Калі я...
Жэрмэн вырашыла, што зараз усё-такі дапытаецца, чаму ён ёй пазваніў.
— ...калі я трохі спазнюся...
— Ты думаеш, прыйдзецца? — перапыніла яна.
— Не... Але ж ты сама ведаеш, як усё ў нас... Можа, мне трэба будзе прапусціць з арганізатарамі шкляначку...
— Надоўга затрымаешся?
— Ды не... Да сустрэчы... Цалую...
Ён зымітаваў пяшчотны пацалунак.
— Марсэль, я... — пачала была яна, але ён паклаў слухаўку.
Жэрмэн з сумам глядзела на бялізну і адзежу вакол сябе.
Калі яна была абсалютна ўпэўнена, што першы званок і праўда быў з рэдакцыі, бо пазнала сакратарчын голас, дык гэтым разам нішто ўжо не пацвярджала таго, што Марсэль званіў з залы «Ваграм», — наадварот, яна была перакананая: тэлефанаваў ён не адтуль.
У адзінаццаць Жэрмэн расклала ўсё па шуфлядах. Што ж рабіць далей? Збіралася ўжо зноў узяць у рукі кнігу. Але ўбачыла выпадкова на крэсле Марсэлева паліто з вярблюджай воўны і ўспомніла, што колькі дзён таму прыкмеціла на ім гузік, які вось-вось павінен быў адарвацца. Было тое ў горадзе, а вярнуўшыся дамоў, яна пра гузік забылася. І вось цяпер, кінуўшы позірк на паліто, усміхнулася, бо згадала іх колішнюю размову.
Марсэль быў вельмі какетлівы, іншы раз аж занадта. У адзенні любіў светлыя колеры, гальштукі падбіраў яркія.
Неяк раніцаю ў Марсанзе, яшчэ да таго, як загаварылі пра кватэру, яна сказала яму:
«Вы згубілі гузік з вашага світэра...»
«Не, не згубіў, ён у мяне ў кішэні».
«Тады дайце яго мне, я прышыю...»
«Уяўляю, што з вамі будзе, калі выйдзеце замуж!» — засмяяўся Марсэль.
«Што?»
«Я так заўсёды кажу, калі хто з сяброў жэніцца. Маладыя жонкі так любяць прышываць мужам гузікі, што я падазраю, быццам яны адрываюць іх наўмысна: каб зноў прышыць. Калі ў вас гэтая звычка з'явілася да таго...»
Гледзячы на паліто, якое яна паклала ўжо сабе на калені, Жэрмэн засмяялася. Прасунула нітку ў іголку — і раптам намацала рукою ў кішэні ў мужавым паліто нешта нязвыкла вялікае.
Яна і не думала ніколі корпацца ў Марсэлевых кішэнях. Раўніваю яшчэ не стала. І, магчыма, не будзе ёю ніколі, гэтак верыла яму, такому ласкаваму і пяшчотнаму.
Прадмет быў цвёрды. Ён не быў падобны ні на адну рэч, якія Марсэль клаў звычайна ў кішэню, і не з цікаўнасці, а з любові да парадку дастала.
Калі яна ўбачыла, што гэта было, аж змянілася ў твары. Нейкі час яна была абсалютна нерухомая, разгубленыя вочы напаўняліся жахам.
У руцэ ў яе быў маленькі фарфоравы парсючок.
* * *
Яна паглядзела на гадзіннік: палова дванаццатай. Ружовы парсючок ляжаў на стале перад ёю. Паліто спаўзло на падлогу. Жэрмэн набірала нумар на тэлефонным дыску — рука ў яе дрыжала, — але кожны раз абанент быў заняты.
Яна сціснула пальцы і раз за разам зноў набірала нумар, быццам гэта было пытанне жыцця і смерці і секунды вырашалі ўсё. Зноў няўдача. Жэрмэн устала, пагартала тэлефонны даведнік і ўпэўнілася, што нумар яна не пераблытала.
Калі Марсэль пазваніў а палове адзінаццатай, матч толькі пачынаўся. Колькі часу ідзе бой у лёгкай вазе? Раз на раз, відаць, не прыходзіцца. А пасля што магло здарыцца? Ці хутка разышліся балельшчыкі? Ці пайшлі дамоў арганізатары адразу ж пасля іх?
— Алё! Зала «Ваграм»?
— Яна самая, пані.
— Скажыце, пане, калі ласка, матч ужо закончыўся?..
— З паўгадзіны назад...
— Усе разышліся?.. А з кім я гавару?
— З дзяжурным электрыкам... Тут яшчэ багата людзей...
— Зрабіце ласку, спытайцеся, ці ёсць там пан Марсэль Блан... Але, Блан... Ну, журналіст... Дык спытайцеся, ці там ён яшчэ... Ён павінен быць з арганізатарамі... Гэта вельмі важна... Я вас прашу, зрабіце ўсё, што можаце, каб знайсці яго... Алё!.. Так, калі ён яшчэ там, паклічце яго да тэлефона...
Чакаючы, яна пашкадавала, што была такая нястрыманая і цяпер вось уткнулася, мусіць, Марсэлю сваім недарэчным званком. Што яна яму скажа?..
Можа, ён вернецца, пакуль яна будзе чакаць яго каля тэлефона. На лесвіцы пачуліся чыесьці крокі. Не, гэта на чацвёртым паверсе. А што, калі ён узяў таксі адразу ж пасля матча?.. Марсэль не любіў чакаць аўтобусаў, а ў метро ўвогуле не ездзіў: баяўся...
— Алё... Што вы кажаце?.. Яго ў вас няма?.. А вы не ведаеце, ці...
Электрык паклаў слухаўку. Яна зноў разгублена ўтаропілася вачыма ў ружовага парсючка на стале... Бясхвостага парсючка...